Міністэрства эканомікі Беларусі чакае аднаўленьня вытворчай актыўнасьці ў трэцім квартале бягучага году.
«У прамысловасьці, сфэры паслугаў ёсьць галіны, якія адстаюць ад узроўню мінулага году. Гэта зьвязана з абмежаваньнямі ў сувязі з каранавірусам, перадусім на зьнешнім контуры. Але станоўчым ёсьць тое, што асноўныя гандлёвыя партнэры пачынаюць здымаць бар’еры, узрастае попыт», — сказаў міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1».
На падставе гэтых фактараў ведамства робіць выснову, што эканоміка краіны пачне аднаўляцца ў трэцім квартале, дадаў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская эканоміка пазьбегла абвалу, але працуе на склад, — расейскія аналітыкіЧарвякоў праінфармаваў, што стабільны рост паказваюць сельская гаспадарка, будаўніцтва, IT-сфэра, вытворчасьць і перапрацоўка харчовых прадуктаў, а таксама нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў.
У цэлым, лічыць міністар, тое, што Беларусь не закрылася на карантын, «выратавала нацыянальную эканоміку».
«Эканоміка — гэта ня кран з вадой, які закрыў-адкрыў. Калі эканоміку закрыць, то аднаўляцца прыйдзецца не адзін год», — заявіў Аляксандар Чарвякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Золатавалютныя рэзэрвы Беларусі ў траўні зьнізіліся на 3,7 млн даляраўПаводле афіцыйных зьвестак, ВУП Беларусі ў студзені-красавіку зьнізіўся на 1,3% у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Урадавы прагноз на 2020 год прадугледжвае рост ВУП Беларусі ў межах 1,9 — 2,8%. Міжнародныя фінансавыя інстытуты прагназуюць Беларусі падзеньне ВУП Беларусі на 4-6%.