У выпадку адстаўкі першага прэзыдэнта яму трэба забясьпечыць жыцьцё звычайнага чалавека і паклапаціцца пра яго бясьпеку, выказаўся прэтэндэнт у прэзыдэнты Валер Цапкала ў інтэрвію на Youtube-канале «Баренцева». Партал Tut.by вылучыў тры ягоныя выказваньні.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра гарантыі: «Мінімальная ахова павінна быць за ім пакінута»
Вядоўца пацікавілася, ці гатовы Цапкала даць гарантыі бясьпекі першаму прэзыдэнту.
«Я б лічыў, што першы прэзыдэнт мае права на звычайнае нармальнае жыцьцё, дзе, магчыма, яму б варта было пакінуць адну зь яго рэзыдэнцый, дзе ён мог бы вырошчваць бульбу, кавуны, каровак — тое, што, у прынцыпе, яму падабаецца. Мог бы займацца выкладчыцкай дзейнасьцю, калі ён хацеў бы, мог бы кансультаваньнем займацца, — казаў Цапкала. — У прынцыпе, чалавек павінен весьці жыцьцё нармальнага грамадзяніна.
Але, вядома, напэўна, за дзяржаўны кошт, як гэта ў многіх краінах сьвету паступаюць. Магчыма, дзяржава магла б забясьпечыць яго аховай — адзін-два чалавекі. Таму што ня ўсім людзям падабалася, як ён дзяржавай кіруе».
Паводле Цапкалы, «мы павінны паспрабаваць рухацца нармальна, рабіцца нармальнай цывілізаванай краінай, ня помсьціць папярэдняму кіраўніку».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарантыі былому прэзыдэнту: Лукашэнка паміж Атамбаевым і Ельцыным
Валер Цапкала і Аляксандар Лукашэнка доўгія гады працавалі разам. Ці можа гэта адбіцца на выніках галасаваньня?
«…У нашай краіне чалавек не мог бы нічога стварыць, калі б не атрымаў блаславеньня з боку дзяржавы і ўлады. Таму любы кандыдат (акрамя вулічнага пратэсту) быў бы ў той ці іншай ступені зьвязаны зь беларускай адміністрацыйна-каманднай сыстэмай, — разважаў Цапкала. — Я працаваў дыпляматам, я заўсёды лічыў, што адстойваю інтарэсы Рэспублікі Беларусь.
Я заўсёды лічыў, што я працую ня на нейкага чалавека, а на інтарэсы краіны. Ствараючы Парк высокіх тэхналёгій, зноў жа я кіраваўся тым, што раблю добра для Рэспублікі Беларусь, для тых маладых людзей, каб яны маглі сябе рэалізаваць тут у краіне, а не выяжджаць за мяжу ў пошуках лепшага жыцьця».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбараў у Беларусі перамовы аб інтэграцыі адновяцца з новай сілай, — расейскі палітоляг
Пра затрыманьне Ціханоўскага: Ня ўбачыў законнасьці ніякай
«Я лічу, што гэта было велізарнай памылкай, гэтага рабіць было нельга. Гэта падрывае давер з боку партнэраў як на Ўсходзе, так і на Захадзе да таго палітычнага працэсу, які ідзе ў нашай краіне, — заявіў Цапкала. — Я ня бачыў там законнасьці ніякай. Я ня бачыў, каб адбылося зьбіцьцё міліцыі, зьбіцьцё жанчыны — я гэтага ня бачыў. Магчыма, я ня ведаю нейкіх яшчэ фактараў, але мне здаецца, што гэтае пытаньне трэба было вырашаць не такім чынам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская дала першае тэлеінтэрвію. ВІДЭАПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.