«Гэта проста найвялікшая подласьць». Шушкевіч, Вайтовіч і Анісім — пра выбары і разгром «Страны для жизни»

Блогер Сяргей Ціханоўскі, аўтар каналу «Страна для жизни», падчас перадвыбарчага пікету па зборы подпісаў за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты сваёй жонкі Сьвятланы

Што адбываецца ў Беларусі зь сёлетнімі прэзыдэнцкімі выбарамі і чаму грамяць «Страну для жизни»? На гэтае пытаньне Свабоды адказалі першы сьпікер Вярхоўнага Савету ў часы незалежнасьці Беларусі Станіслаў Шушкевіч, былы старшыня Савету Рэспублікі, 11-ы прэзыдэнт НАН, акадэмік Аляксандар Вайтовіч і былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Станіслаў Шушкевіч: «Ціханоўскі небясьпечны для Лукашэнкі»

Станіслаў Шушкевіч

«Лукашэнка робіць выгляд, што ён вельмі актыўна дзейнічае, хоць робіць глупствы — спачатку з каранавірусам, цяпер з адстаўкай ураду, — кажа Станіслаў Шушкевіч. — Але ён пры ўладзе і павінен пастрашыць урад, што нібыта яго абяруць абавязкова, бо фальсыфікацыя адпрацаваная, ніхто нармальна не кантралюе гэтыя выбары. Таму ён робіць выгляд, што ручное кіраваньне прывядзе нас да лепшых вынікаў.

Але трэба памятаць аб адным, што побач Літва, Латвія, Эстонія, Польшча, якія стартавалі з умоваў горшых, чым мы, у іх цяпер у 3–3,5 раза ў сярэднім забясьпечанасьць насельніцтва лепшая, чым у нас. Вось да чаго прывяла яго цяга да ўлады. А больш ён нічога ня здольны рабіць. Нармальны чалавек сорам бы меў і адышоў бы ад гэтай улады».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Станіслаў Шушкевіч у цэлым пазытыўна ацэньвае блогера Сяргея Ціханоўскага.

«Ціханоўскі небясьпечны для Лукашэнкі, бо гэта разумны блогер. Ён працуе на ўзроўні вядомых інтэрвіюэраў, такіх як Гардон ва Ўкраіне. Гэта небясьпечна, бо ён даходліва для людзей тлумачыць, што ў нас адбываецца, і мае жаданьне стварыць краіну для жыцьця.

Цяпер зробяць яго злачынцам. Калі ў яго зрабілі вобыск, то гэта значыць, што яму шыюць нейкі злачынны артыкул. Гэта проста найвялікшая подласьць, калі сілавыя структуры ўмешваюцца ў звычайнае грамадзянскае жыцьцё. Гэта ў нас заўсёды было і ёсьць, цяпер толькі ў яўнай форме, бо Ціханоўскага ўсе ведаюць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў 

Аляксандар Вайтовіч: «Згадкі пра расстрэл незадаволеных у Андыжане — гэта спроба запалохваньня»

Аляксандар Вайтовіч

«Гэтая кампанія моцна адрозьніваецца ад ранейшых, найперш складам прэтэндэнтаў. Гэтым разам выйшлі людзі, якія маюць досьвед пасьпяховай працы на даволі высокіх узроўнях і паказалі, што яны пасьпяховыя. І адрозьніваецца стан грамадзтва», — кажа Аляксандар Вайтовіч.

Аляксандар Вайтовіч лічыць гэтую сытуацыю адлюстраваньнем крызісу, у які ўвайшла краіна.

«Ён (крызіс. — РС) даўно назапашваўся і цяпер дасягнуў такіх маштабаў, што гэта выліваецца ў вялікую грамадзкую актыўнасьць. Гэта відаць як па паводзінах людзей, якія выходзяць на вуліцы, так і па складзе прэтэндэнтаў».

Далейшае разьвіцьцё падзей, на думку Вайтовіча, будзе шмат у чым залежаць ад паводзін улады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вы нам пагражаеце?» Як ва ўстанове Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта зьбіралі подпісы за Лукашэнку (аўдыё)

«Цяпер бачым проста запалохваньне з боку ўлады. Гэтыя згадкі пра кулямёт, зь якім у сталіцу Таджыкістану хадзілі, ці пра расстрэл незадаволеных у Андыжане, — гэта спроба запалохваньня. Але як гэта будзе ўзьдзейнічаць на грамадзтва, як далёка пойдзе ўлада па гэтым шляху запалохваньня? Яна спыніцца на гэтых словах ці будзе рабіць нейкія дзеяньні?

Магчыма, блогер Ціханоўскі аказаўся небясьпечным, таму на яго так і ўзьдзейнічаюць. Небясьпеку ўбачылі ў ягоных дзеяньнях і ўплыве на паводзіны вялікай колькасьці грамадзтва».

Алена Анісім: «Лукашэнка хоча разьвянчаць ідэал змагара за свабоду»

Алена Анісім

«Зьяўленьне такіх фігур на палітычным полі, як Бабарыка і Цапкала, — гэта нечакана, — кажа Алена Анісім. — Калі пачаў вылучацца Сяргей Ціханоўскі, то гэта дадало ажыятажу і падагрэла цікавасьць да выбараў. Напаверх пачаў выходзіць той факт, што большасьць насельніцтва Беларусі хацела б бачыць на самым вышэйшым кіроўным узроўні іншую фігуру, а не Лукашэнку. Фактычна дзейны кіраўнік краіны ператрымаўся на пасадзе і не адчувае гэтага».

Алена Анісім назвала прычыны, дзеля якіх, на яе думку, перасьледуюць блогера Ціханоўскага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дохлыя пацукі і дымавыя шашкі Някляева. Як і з чаго ў Беларусі пачыналіся рэпрэсіі

«Тое, што цалкам брутальна абыходзяцца зь Ціханоўскім, хутчэй за ўсё, сьведчыць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка мае пераканаўчыя зьвесткі (ці яму так падаецца) пра тое, хто фінансуе Ціханоўскага, і таму ён хоча разьвянчаць той ідэал змагара за свабоду, за дэмакратыю, які склаўся ў выніку дзейнасьці блогера», — выказвае меркаваньне Алена Анісім.

«Апошняя кампанія 2015 году прайшла цалкам па сцэнары Лукашэнкі, — кажа Анісім. — А сёньня атрымліваецца, што ўсё выходзіць з-пад кантролю. Нягледзячы на жорсткі татальны кантроль нашых спэцслужбаў, на палітычным полі зьяўляюцца гульцы, якіх не маглі прадбачыць і якія не праглядаліся. Таму гэта нэрвуе, гэта злуе, і адсюль такое жаданьне ўсе пратэсты, увесь нэгатыў народны проста задушыць у зародку».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.