Кампрамат Лукашэнкі супраць апанэнтаў можа спрацаваць супраць яго самога

Аляксандар Лукашэнка

Чым больш нэгатыўнай інфармацыі сам Лукашэнка і ягоныя падначаленыя ўкідваюць супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, тым больш можа вырасьці папулярнасьць супернікаў дзейнага прэзыдэнта.

Сьцісла

  • Раней Лукашэнка ня ўвязваўся ў палеміку са сваімі супернікамі на выбарах. А цяпер яшчэ на самым пачатку выбарчай кампаніі стаў актыўна палемізаваць адразу з трыма апанэнтамі.
  • Эфэктыўнасьць кампрамату моцна залежыць ад даверу да крыніцы інфармацыі, папулярнасьці асобы, якую імкнуцца зганьбіць. Бывае, што атрымліваецца адваротны эфэкт.
  • Да таго ж улады працуюць даволі груба, няўклюдна. У якасьці прыкладу можна згадаць сюжэт з затрыманьнем Ціханоўскага ў Горадні. У афіцыйную вэрсію таго эпізоду мала хто паверыў.
  • Мы жывём у інфармацыйную эпоху. Парадак дня фармуюць сацыяльныя сеткі. Здаецца, гэта дрэнна разумее каманда Лукашэнкі. Яна працуе па-старому, разьлічвае на эфэкт сілы і страху.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаў

Падчас выбарчых кампаній звычайна Лукашэнка ня ўвязваўся ў палеміку са сваімі супернікамі. Бо лічыў іх слабымі, несур’ёзнымі, ня вартымі таго, каб пра іх увогуле згадваць. З паліттэхналягічнага гледзішча гэта было правільна. Бо калі відавочны фаварыт кампаніі ўвязваецца ў спрэчку з больш слабымі супернікамі, то ён падвышае іх рэйтынг. За Лукашэнку шчыравалі дзяржаўныя мэдыя.

Адзіным прыкметным выключэньнем былі выбары 2006 году, калі Аляксандар Казулін сваімі асабістымі выпадамі супраць беларускага кіраўніка вымусіў таго да адпаведнага адказу. Тады Лукашэнка зьняважліва сказаў пра свайго апанэнта, што той яму падчас «лыжні» бутэлькі зь півам адкаркоўваў. А калі спэцназ зьбіў Казуліна, то кіраўнік дзяржава зларадна адзначыў: «Як далі — дык ляцелі шматкі па завугольлі».

І тое, што цяпер Лукашэнка яшчэ на самым пачатку выбарчай кампаніі стаў актыўна палемізаваць адразу з трыма сваімі апанэнтамі, вельмі незвычайна і адметна. Хоць, здавалася б, ня царская гэта справа — абнародаваць кампрамат на праціўнікаў, прычым даволі дробязны. Для гэтай задачы ёсьць дзяржаўныя мэдыя, штатныя прапагандысты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Шалудзівы» Ціханоўскі і «кампрамат на Цапкалу»: Лукашэнка выказаўся пра патэнцыйных кандыдатаў на выбарах

А тут нам паказваюць сюжэт, як чалавек у вобразе магутнага і непераможнага «бацькі» зьбірае ўвесь урад, каб у эмацыйнай форме заклікаць чыноўнікаў ня верыць у вялізныя чэргі людзей, якія падпісваюцца за альтэрнатыўных кандыдатаў, маўляў, гэта спэктакль. Даўно мы ня бачылі такога знэрваванага і няўпэўненага Лукашэнку.

Што да кампрамату адносна Сяргея Ціханоўскага, 900 тысяч даляраў ды іншага. У інфармацый вайне ёсьць свае правілы. Эфэктыўнасьць кампрамату моцна залежыць ад даверу да крыніцы інфармацыі, папулярнасьці асобы, якую імкнуцца зганьбіць, і іншых чыньнікаў. Бываюць сытуацыі, калі палітык ператвараецца ў народнага куміра, і любая нэгатыўная інфармацыя адскоквае ад яго, як гарох ад сьценкі. Нават наадварот, атрымліваецца адваротны эфэкт: чым больш кампрамату, тым большую папулярнасьць набірае палітык. У сацыялёгіі гэта называецца «эфэктам адмоўнай адаптацыі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор», затрыманьні, 900 тысяч даляраў за канапай. Як зьнішчаюць «Краіну для жыцьця»

Можна ўспомніць, як падчас гарбачоўскай перабудовы ўлады імкнуліся скампрамэтаваць галоўнага барацьбіта з кіроўнай намэнклятурай Барыса Ельцына. Прыводзіліся, здавалася б, забойныя факты, як той п’яны падаў з моста ў рэчку, ці падчас паездкі па ЗША ў п’яным выглядзе выступаў з трыбуны. Прычым усё гэта было праўдай. Але народ не паверыў, лічыў фальшыўкай. У выніку той кампрамат толькі дадаў папулярнасьці Ельцыну.

Падобная гісторыя адбылася з Лукашэнкам падчас прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году. За некалькі дзён да дня галасаваньня камандай Кебіча, якая кантралявала радыё і тэлевізію, была зроблена няўдалая спроба дыскрэдытаваць Лукашэнку. Гаворка ішла пра гісторыю са стуардэсай. Па тэлевізіі паказалі анансаваны загадзя сюжэт пра тое, што ў час візыту беларускай парлямэнцкай дэлегацыі ў Кітай у стуардэсы самалёта зьнік пакет, у якім знаходзіліся фэн, вібратар, каробка цукерак ды інш.

Потым пакет знайшлі ў рэчах дэпутата Лукашэнкі. Самае сьмешнае, што факт сапраўды меў месца. Яго пазьней пацьвердзілі дэпутаты Вярхоўнага Савету, якія ляцелі ў тым самалёце. Але дробязнасьць кампрамату, плюс той самы «эфэкт адмоўнай адаптацыі» прывёў да адваротнага выніку. У паказаны сюжэт ніхто не паверыў. Рэзка ўзрасло абурэньне спробамі дыскрэдытаваць папулярнага кандыдата. У выніку значная частка электарату хіснулася да Лукашэнкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адмарозкі і майданутыя». Што Лукашэнка казаў пра апанэнтаў і пратэсты ў выбарчыя гады

У мяне ёсьць адчуваньне, што падобную сытуацыю мы маем сёньня. Чым больш нэгатыўнай інфармацыі сам Лукашэнка і ўлады ўкідваюць супраць альтэрнатыўных кандыдатаў, тым больш можа вырасьці іхная папулярнасьць. Найперш таму, што давер да кіроўнага рэжыму вельмі нізкі. І, значыць, нізкі ён і да той інфармацыі, якую гэты рэжым падае.

Да таго ж улады дзейнічаюць даволі груба, нязграбна. У якасьці прыкладу можна згадаць сюжэт з затрыманьнем Ціханоўскага ў Горадні. У афіцыйную вэрсію таго эпізоду мала хто паверыў.

У паведамленьні МУС пра знаходкі ў доме Ціханоўскага мяне асабліва ўразіла, што падчас ператрусу знайшлі ня толькі грошы ў чамадане, а і радыёстанцыі. Для поўнай карціны не хапіла знайсьці ў сутарэньнях радыстку Кэт, якая перадавала ў Маскву шпіёнскую інфармацыю.

У часы, калі адбываліся тыя гісторыі зь Ельцыным і Лукашэнкам узору 1994 году, ва ўладаў была манаполія на СМІ. Цяпер яе няма. Мы жывём у інфармацыйную эпоху. Парадак дня фармуюць сацыяльныя сеткі. Здаецца, гэта дрэнна разумее каманда Лукашэнкі. Яна працуе па-старому, разьлічвае толькі на эфэкт сілы і страху.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.