«Мы не народзец, мы народ». Бабарыка ў Віцебску расказаў пра свой найбольшы страх

Віктар Бабарыка на сустрэчы ў Віцебску

Другая пасьля Гомля сустрэча ў межах туру Віктара Бабарыкі па Беларусі адбылася ў Віцебску вечарам 4 чэрвеня. Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты расказаў, што асаблівага зьвязвае яго зь Віцебшчынай і ці будзе ў ягонай камандзе месца жанчынам.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка адказаў на прэтэнзіі Лукашэнкі, пра АЭС і магчымую супрацу з Румасам

Сустрэча праходзіла ў адным з будынкаў, які раней належаў заводу «Эвістор», памяшканьні якога цяпер часткова ў прыватнай уласнасьці. Паводле неафіцыйных падлікаў, на ёй прысутнічалі некалькі сотняў чалавек.

Арганізатары загадзя папярэджвалі аб мерах засьцярогі, таму большасьць людзей была ў ахоўных масках. Іх таксама раздавалі на ўваходзе. Там жа можна было паставіць подпіс за альтэрнатыўнага кандыдата, якога неўзабаве чакалі ў імправізаванай залі.

Віктар Бабарыка выйшаў да публікі пад аплядысмэнты і заняў месца на пляцоўцы, аддзеленай ад асноўнай прасторы чырвона-белай стужкай бясьпекі. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы і запрошаныя на сустрэчу журналісты рэгіянальных СМІ сабраліся каля выступоўцы даволі цесным паўколам.

Воплескамі сымпатыі Бабарыку ўзнагародзілі і за паліткарэктнасьць, калі прывітаў «жыхароў гораду Віцебску», не пакрыўдзіўшы ані тых, хто называе сябе віцяблянамі, ані тых, хто віцябчанамі.

Ва ўступным слове патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты ўсьцешыў публіку асаблівым стаўленьнем да рэгіёну. Яго бацька нарадзіўся ў вёсцы Вялікія Лукі (Віцебскі раён), а самыя яскравыя моманты дзяцінства ў выступоўцы зьвязаныя з лоўляй шчупака на Дзьвіне.

Найперш Бабарыка адзначыў важнасьць рэгіянальнай палітыкі, якая можа быць «драйвэрам росту» для эканомікі ўсёй краіны. Галоўнае — памятаць, што кожны з рэгіёнаў унікальны. І прыгадаў досьвед працы ў «Белгазпрамбанку», палову прыбытку якому забясьпечваў Менск і сталічны рэгіён. Астатнюю частку — абласныя рэгіянальныя дырэкцыі.

«Спачатку казалі, што Віцебская вобласьць дэпрэсіўная. Там праблемы, нельга разьвівацца, даўгі, грошай няма. Аказалася, пры правільнай пастаноўцы пытаньня і правільнай працы нашая віцебская абласная дырэкцыя выйшла на адны зь першых паказчыкаў», — патлумачыў выступоўца.

Паводле яго, рэгіёнам варта забясьпечыць высокую ступень самастойнасьці, каб яны маглі разьвівацца за кошт уласных магчымасьцяў. У прыватнасьці, на Віцебшчыне ня трэба засяроджвацца на сельскай гаспадарцы. Тут «моцны прамысловы патэнцыял». І некаторыя важныя прадпрыемствы засталіся яшчэ з савецкіх часоў.

Адзін з журналістаў адразу зьвярнуў увагу на тое, што сустрэча адбываецца на адным з такіх «галоўных прадпрыемстваў». Прамысловыя будынкі колішніх заводаў пустуюць, і што зь імі рабіць?

«Запатрабаванасьць, няхай не па профілі, усё роўна ёсьць», — адказаў Бабарыка, заўважыўшы, што ў будынку ідзе рамонт для прыстасаваньня яго для офісаў, студый і іншых патрэб.

Адзін з журналістаў пацікавіўся стаўленьнем Бабарыкі да сёлетняй выбарчай кампаніі. Выступоўца прызнаўся, што падзяляе яго са старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай, якая спачатку думала, што гэта будзе самая сумная кампанія Беларусі, а пасьля — самая складаная.

«Гэта ўпершыню спроба сумленнай выбарчай кампаніі. Мы ніколі з 1994 году такіх кампаній ня бачылі», — патлумачыў суразмоўца. А магчымасьць фальсыфікацый прапанаваў выключыць з дапамогай сучасных тэхналёгій.

Дзьмітры з ініцыятыўнай групы Бабарыкі папрасіў яго 10 жніўня, незалежна ад зыходу выбараў, застацца зь людзьмі, якія яму даверыліся — у партыі, грамадзкім аб’яднаньні ці хаця б на Facebook.

«Facebook дакладна гарантую», — імгненна адказаў адрасат просьбы.

На пытаньне, да чаго варта імкнуцца грамадзтву будучыні, Бабарыка адзначыў тры пазыцыі: цярпімасьць, засвойваньне тэхналёгій і самарэалізацыя. І калі першыя дзьве беларусам уласьцівыя, над трэцяй варта папрацаваць.

«Мы мусім паверыць у сябе. Ведаць, што мы не народзец, мы народ», — адзначыў ён.

Адно з самых нечаканых пытаньняў тычылася вяртаньня сымбаля перамогі — «георгіеўскай» стужкі. Бабарыка адзначыў, што нельга 80 гадоў жыць болем перамогі. Але пра яе варта памятаць. Ён назваў стужку найперш узнагародай Расейскай імпэрыі. Аднак з залі пачуліся камэнтары. І сышліся на тым, што ў Беларусі даўно не было вайны і цяпер нам таксама ніхто не пагражае.

Самы кароткі адказ атрымала пытаньне, ці можа быць жанчына прэм’ер-міністарам у камандзе прэзыдэнта Бабарыкі.

«І ці ёсьць у мяне шанец», — удакладніла жанчына.

«Ужо зьявіўся», — адказаў выступоўца.

Малады чалавек, які зьбірае подпісы за Віктара Бабарыку пацікавіўся, ці мае той сілы, каб змагацца да канца.

«Самы мой вялікі страх быў 10-11 траўня (Бабарыка абвесьціў пра ўдзел у выбарчай кампаніі 12 траўня. — РС). У маёй галаве, як і ў кожнага, фантазіі нашмат страшнейшыя за праўду. Але я страх пераадолеў. Значыць, будзем ісьці да канца», — запэўніў яго Бабарыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыгразіў «нагадаць», як ва Ўзбэкістане расстралялі дэманстрантаў. Што было ў Андыжане?

На пытаньні Віктар Бабарыка адказваў па-расейску. Аднаго з прысутных усхваляваў беларускамоўны мадэратар сустрэчы Алесь Залеўскі.

«Вы пачалі сустрэчу ў стылі Пазьняка і Шушкевіча. Ці азначае гэта, што пасьля вашай перамогі Віцебск пераўтворыцца ў другі Данецк?» — выказаў занепакоенасьць мужчына, пытаньне якога публіка сустрэла непрыхільна.

«Я бачу адзіны блёк людзей, якія ўваходзяць у ініцыятыўную групу. Але мы ўсе розныя. Ува ўсіх ёсьць пачуцьцё годнасьці і павага да думкі іншага. Гэта не прывядзе да канфлікту», — спакойна адказаў Бабарыка, які не пакінуў без адказу ніводнага пытаньня.

«Галоўнае — павага, і няважна, на якой мове ты размаўляеш», — падтрымалі патэнцыйнага прэтэндэнта ў прэзыдэнты ў залі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Валер Цапкала адказаў на пытаньне пра 900 тысяч даляраў у Ціханоўскага

Пытаньняў у прадстаўнікоў ініцыятыўнай групы да Віктара Бабарыкі было шмат: ад яго стаўленьня да саюзнай дзяржавы да ідэй, што зрабіць з атамнай электрастанцыяй і авіяпаркам дзейснага прэзыдэнта. Прысутныя перадавалі словы тых, хто ня змог прысутнічаць на сустрэчы. Выказвалі занепакоенасьць тым, ці зьменіцца жыцьцё простых людзей са зьменай улады, ці будзе падтрымка дробнага бізнэсу.

«Будзе ў нас моцная эканоміка — будзе ўсё астатняе», — упэўнены Віктар Бабарыка.

Віцебская сустрэча доўжылася амаль дзьве гадзіны. Апошняе пытаньне прыйшло ў выглядзе запіскі з просьбай запісаць відэапаведамленьне даме, якой 102 гады і якая чытае без акуляраў. Віктар Бабарыка патлумачыў, што Віцебская вобласьць дала яму голас самага сталага падпісанта. Жанчына выказала пажаданьне ўласнаручна падпісаць бюлетэнь. Сёньня, па сямейных абставінах, яна не змагла вочна сустрэцца з кандыдатам у прэзыдэнты, за якога падпісалася.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Валэнса — беларусам: дамагацца хлеба трэба праз барацьбу за свабоду, а не наадварот

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.