Каардынатары ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай ужо самі ня могуць дакладна сказаць, колькі іх сябраў цяпер за кратамі. Тое ж тычыцца паплечнікаў блогера Сяргея Ціханоўскага.
УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Мазыр
Раніцай 4 чэрвеня стала вядома пра ператрус на фэрме ў мазырскага фэрмэра Аляксандра Вянгуры ў вёсцы Прудок. Вось што расказаў Вянгура Свабодзе:
«Тэрор быў страшны! Наляцелі 18 міліцыянтаў, але ўсе ў цывільным, увесь дом — і мой, і маці — паставілі дагары нагамі».
Акрамя Вянгуры, праваахоўнікі на нейкі час затрымалі апэратара каналу «Мозырь для жизни» Аляксандра Цуранава і актывіста Дзяніса Коласа. Па словах фэрмэра, міліцыянты шукалі апэратара Сяргея Ціханоўскага — Дзьмітрыя Папова. Пазьней ён быў затрыманы непадалёк ад Мазыра. Самога фэрмэра пазьней адпусьцілі разам з Цуранавым і Коласам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрор быў страшны!» Як рабілі ператрус у мазырскага фэрмэра, сюжэт пра якога здымаў Ціханоўскі
Гомель
Раніцай 4 чэрвеня працягваўся вобшук і ў доме Ціханоўскіх ля Гомля. Як расказаў Свабодзе каля 10.00 каардынатар ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Аляксандар Кабанаў, уначы праваахоўнікі знайшлі ў двух месцах роўна 900 тысяч даляраў, а таксама пнэўматычную стрэльбу і дакумэнты, якія тычацца камэрцыйнай дзейнасьці Сяргея Ціханоўскага. Усё гэта было вывезена ў невядомым кірунку.
Агулам вобшук на лецішчы Ціханоўскіх працягваўся амаль суткі. Фота- і відэакадры апэратыўных здымак адтуль распаўсюдзіла прэс-служба МУС.
У другой палове дня 4 чэрвеня таксама стала вядома пра паўторны ператрус у гомельскай студыі Ціханоўскага. Першы вобшук прайшоў там 3 чэрвеня. Пра яго вынікі пакуль інфармацыі няма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Думаю, іх маглі падкінуць». Сьвятлана Ціханоўская пракамэнтавала знойдзеныя сьледчымі 900 тысяч даляраў
Горадня
Пра затрыманьне сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай Уладзімера Кнігі стала вядома ў другой палове дня. Да пікету ў цэнтры Горадні, дзе ён зьбіраў подпісы за вылучэньне Ціханоўскай, падышлі людзі ў цывільным і адвялі Ўладзімера ў прыпаркаваны побач мікрааўтобус, а пасьля зьвезьлі ў невядомым кірунку.
Момант затрыманьня змагла сфатаграфаваць яшчэ адна актывістка — Вольга Каракіна. Яе саму невядомыя затрымалі празь некалькі гадзін пасьля гэтага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі валянтэра і каардынатарку ініцыятыўнай групы Ціханоўскай
Наваполацак
Як паведамляе сайт незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», 4 чэрвеня таксама былі асуджаныя наваполацкія актывісты Андрэй Зуеў і Артур Сінега, абодва атрымалі па 15 сутак арышту. Паседжаньне праходзіла онлайн, і яны пакуль ня ўзятыя пад варту. Зуеў — сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, ён ужо адбываў арышт тэрмінам 7 сутак. Прычынай стаў яго ўдзел у стрыме Ціханоўскага з Наваполацку.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новыя затрыманьні і суды над актывістамі 4 чэрвеня. Сьпіс
«Страшна думаць, што будзе ў Менску ў нядзелю»
Паводле інфармацыі незарэгістраванага праваабарончага цэнтру «Вясна», за кратамі цяпер можа знаходзіцца каля 10 сябраў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Адзін зь іх — кіраўнік ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі. Дакладнай лічбы затрыманых ня ведаюць нават каардынатары. Сярод затрыманых могуць быць і тыя, хто прыходзіў паставіць свой подпіс за Ціханоўскую на пікеце ў Горадні вечарам 29 траўня і ня мае непасрэднага дачыненьня да ініцыятыўнай групы.
Па стане на 4 чэрвеня вядома, што вялікая група затрыманых знаходзіцца ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Там дакладна ўтрымліваюць самога Сяргея Ціханоўскага. Удзень 3 чэрвеня Сьвятлана Ціханоўская змагла перадаць мужу перадачу з прадуктамі.
«Мэтанакіравана ідуць затрыманьні, адбываецца ціск менавіта на сябраў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай, — сказаў у камэнтары Свабодзе праваабаронца незарэгістраванага праваабарончага цэнтру „Вясна“ Валянцін Стэфановіч. — Я думаю, мэта ўсяго гэтага — спыніць актыўнасьць Ціханоўскага па зборы подпісаў. Гэтыя чэргі, якія візуалізуюць незадаволенасьць людзей палітыкай Аляксандра Лукашэнкі, відаць, таму самаму Аляксандру Рыгоравічу вельмі сапсавалі настрой. Таму, верагодна, затрымліваюць менавіта сябраў ініцыятыўнай групы, іншых актывістаў. Таму мне ўжо крыху страшна думаць, што будзе ў нядзелю ў Менску на пікеце ля Камароўскага рынку».
Сяргея Ціханоўскага беларускія праваабаронцы ўжо прызналі палітзьняволеным. Афіцыйныя абвінавачваньні яму і іншым затрыманым павінны прад’явіць не пазьней за вечар панядзелка 8 чэрвеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Якая ў нас бяспраўная краіна!» Што расказваюць блізкія затрыманых разам зь Ціханоўскім
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.