Дырэктар Інстытуту сацыялёгіі НАН Генадзь Коршунаў запатрабаваў, каб дзяржаўнае агенцтва БелТА зьняла з сайта інфармацыю зь ягонымі заявамі, якіх ён «не гаварыў і не пісаў». У размове з карэспандэнтам Свабоды ён патлумачыў сваё стаўленьне да онлайн-апытаньняў, якія забаранілі праводзіць сродкам масавай інфармацыі.
Сёньня Генадзь Коршунаў апублікаваў пост у сваім фэйсбуку і запатрабаваў, каб БелТА выбачылася перад ім.
«Учора я, на жаль, быў на пахаваньні і выпаў з інфармацыйнага поля. Калі я ўключыў тэлефон, то быў зьбянтэжаны патокам інфармацыі, зьвязанай зь нібыта маім інтэрвію, што апублікавала БелТА. Афіцыйна заяўляю, што тэкст, падпісаны маім прозьвішчам, мною не пісаўся і не вымаўляўся», — напісаў Генадзь Коршунаў.
«Яны папрасілі прабачэньня»
БелТА апублікавала ўчора матэрыялы круглага стала з удзелам экспэртаў Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў і сацыёлягаў.
Паводле агенцыі, Генадзь Коршунаў заявіў, што онлайн-апытаньні, якія зьявіліся ў інтэрнэце па тэме прэзыдэнцкіх выбараў, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі.
«З аднаго боку, яны сапраўды нясуць усе прыкметы апытаньняў грамадзкай думкі і цалкам могуць быць да такіх аднесены. А з другога — уяўляюць сабой і навукова, і мэтадалягічна не абгрунтаваныя дасьледаваньні, якія, мякка кажучы, вельмі далёкія ад рэальнай сацыялёгіі», — сказаў, паводле БелТА, Генадзь Коршунаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта зьнішчае нашу навуку!» Чаму ўлады забаранілі СМІ праводзіць апытаньні пра рэйтынг кандыдатаў?«Але, тым ня менш, усе мы бачым, што вынікі гэтых апытаньняў грамадзкай думкі актыўна тыражуюцца ў СМІ (ужо і ў замежных), іх прыводзяць у сваіх заявах лідэры думак прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі. Такім чынам, гэтыя лічбы вэрыфікуюцца ў сьвядомасьці людзей. Папросту кажучы, грамадзкасьць уводзяць у зман адносна рэальнай сытуацыі. Бо гэтыя дасьледаваньні, паўтаруся, далёкія ад тэорыі і практыкі навукі сацыялёгіі. А тэма апытаньняў больш чым вострая, якая выклікае сур’ёзны грамадзкі рэзананс», — прывяла БелТА словы Коршунава.
Як далей гаворыцца ў публікацыі, у свой час у Беларусі тэма апытаньняў грамадзкай думкі стала прадметам заканадаўчага рэгуляваньня, і за парушэньні тут прадугледжана адказнасьць.
«Таму мы заклікаем арганізатараў онлайн-апытаньняў па тэматыцы прэзыдэнцкіх выбараў задумацца як наконт таго, ува што ў выніку выліваецца іх „сацыялёгія“, так і наконт правамернасьці сваіх дзеяньняў», — працытавала дырэктара Інстытуту сацыялёгіі БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лічбы падрабіць можна, грамадзкія настроі — не. Адметнасьці палітычнага сэзону — 2020Атрымаць камэнтар у кіраўніцтва БелТА не ўдалося. Па абедзе гэтая публікацыя была ўжо недасяжная.
Аднак на сайце засталася публікацыя пра «круглы стол», у якой прыведзены выказваньні двух сацыёлягаў, у тым ліку Генадзя Коршунава, пра тое, чаму сацыёлягі з асьцярожнасьцю ўводзяць у практыку онлайн-апытаньні.
Генадзь Коршунаў сказаў карэспандэнту Свабоды, што «адбылася накладка», ён прыняў прабачэньні ад БелТА.
«Тэкст заменены, мае словы прыведзены ў адпаведнасьць. Яны папрасілі прабачэньня, і ніякіх прэтэнзій да БелТА на гэты момант у мяне няма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЦВК адхіліла скаргі Бабарыкі, здымаць з выбараў Лукашэнку адмовіласяПаводле Генадзя Коршунава, адрозьненьні паміж той публікацыяй, якая цяпер недаступная, і той, якая ёсьць на сайце БелТА, істотныя.
«У гэтым пытаньні шмат што завязана на тэрміналёгіі. Для недасьведчанага „апытаньне грамадзкай думкі“ ідзе як сынонім „сацыялягічнаму дасьледаваньню“. Гэта ня так. І з навукова-мэтадычнага, і зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Сёньня існуючая нарматыўная база ніякім чынам не рэгулюе сацыялягічныя дасьледаваньні. Сёньня заканадаўства рэгулюе апытаньні грамадзкай думкі. І вось такіх нюансаў, якія трэба ўлічваць і яны гранічна важныя тэрміналягічна, маса. І калі б у вас перад вачыма былі два тэксты — той, які быў, і той, які ёсьць, — там розьніца вялікая».
«Камісія нічога ня можа забараніць»
Як жа Генадзь Коршунаў ставіцца да інфармацыі, што СМІ цяпер забаронена праводзіць апытаньні сярод сваёй чытацкай аўдыторыі, у тым ліку адносна рэйтынгу патэнцыйных кандыдатаў?
«Гэтае пытаньне ўзьнікае рэгулярна падчас перадвыбарчых кампаній. З 2002 году існуе Камісія па апытаньнях грамадзкай думкі. Сэнс камісіі ў ацэнцы прафэсіяналізму арганізацый, якія прэтэндуюць на апытаньні грамадзкай думкі і іх публікацыю. Камісія нікому нічога ня можа забараніць, гэта кансультатыўны орган і дарадчы.
Гэта не маё рашэньне як дырэктара, у камісіі зьбіраецца 15 чалавек і рашэньне прымаецца калегіяльна. Што было ў гэтым выпадку? Тут пытаньне насамрэч вельмі складанае. Ёсьць заканадаўства і Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях. Там ёсьць артыкулы, прысьвечаныя апытаньням грамадзкай думкі. Камісія пры Акадэміі навук дае экспэртызу, яна нічога ня можа забараніць, гэта не ўваходзіць у яе кампэтэнцыю», — сказаў Коршунаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што за 4 дні за яго вылучэньне кандыдатам сабралі 200 тысяч подпісаў
Дык як ставіцца камісія да такіх апытаньняў, якія праводзяць СМІ?
«Камісія ня можа вызначаць праваздольнасьць арганізацый — могуць яны нешта рабіць ці не. Мы працуем строга па законе. Паводле заканадаўства арганізацыі, якія хочуць праводзіць дасьледаваньні грамадзка-палітычнай сытуацыі і публікаваць вынікі, павінны прайсьці акрэдытацыю ў Камісіі па апытаньнях грамадзкай думкі пры НАН. Камісія робіць гэтую акрэдытацыю і адсочвае навуковы ўзровень, навуковую абгрунтаванасьць мэтодык (а ня дадзеных), па якіх дасьледаваньні праводзіліся. Усё астатняе не ўваходзіць у круг кампэтэнцыі камісіі».
Аднак СМІ, якія праводзяць такія апытаньні, пазначаюць, што гэта не сацыялягічныя дасьледаваньні?
«Прашу зразумець правільна: законы пішам ня мы. Мы законы выконваем. У заканадаўстве словазлучэньне „сацыялягічныя дасьледаваньні“ адсутнічае. Там ёсьць словазлучэньне „апытаньні грамадзкай думкі“. Тут ёсьць мэтадычны нюанс. Нюанс у тым, што дакладна не прапісана, што такое „апытаньне грамадзкай думкі“.
З навуковага гледзішча тэарэтычна можна аднесьці онлайн-апытаньні, як гэта робяць на онлайн-пляцоўках, да дасьледаваньняў грамадзкай думкі. Гэта з аднаго боку. З другога боку, безумоўна, такога кшталту мерапрыемствы ня могуць прэтэндаваць на навуковасьць. І назваць іх сацыялягічнымі дасьледаваньнямі нельга. Калізія, разумееце? Камісія і Інстытут сацыялёгіі ня могуць трактаваць нормы закону. Мы можам выказаць сваю думку з навуковага гледзішча».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыйшлі з ужо гатовымі падпіснымі аркушамі». Людзі скардзяцца, што прымушаюць падпісвацца за Лукашэнку
То бок СМІ могуць зьвярнуцца ў камісію, каб атрымаць акрэдытацыю для правядзеньня апытаньняў?
«У дзейным заканадаўстве ніякіх абмежаваньняў для таго, каб зьвярнуцца ў камісію па акрэдытацыю, няма. Зьбіраем дакумэнты, выконваем прапісаныя патрабаваньні, напрыклад адносна наяўнасьці сацыёлягаў, і калі ласка. За мінулыя гады ніякіх такіх зваротаў ад СМІ ў камісію не было».
Беларускім мэдыя забаранілі праводзіць онлайн-апытаньні чытацкай аўдыторыі пра рэйтынг прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцкіх выбарах. Міністэрства інфармацыі сабрала рэдактараў некаторых СМІ і дало зразумець, што калі яны будуць працягваць такую дзейнасьць, то могуць атрымаць штрафы згодна з Кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, а гэта каля ста базавых велічыняў. Паводле онлайн-апытаньняў на сайтах nn.by, tut.by, за Аляксандра Лукашэнку галасавалі толькі 3–6%, а за Віктара Бабарыку 50–55%.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.