Тое, што адбываецца зь відеаблогерам Сяргеем Ціханоўскім, незаконна і правакацыйна, заявіў прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Віктар Бабарыка на сустрэчы з чальцамі сваёй ініцыятыўнай групы ў Гомлі.
УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі
Пра Ціханоўскага: «Гомель нарадзіў змагара»
«Я бачу, што тут фармуецца грамадзянская супольнасьць. Гомель нарадзіў стваральніка валянтэрскай ініцыятывы дапамогі лекарам ByCovid19 Андрэя Стрыжака. І змагара Сяргея Ціханоўскага», — адзначыў ён.
Віктар Бабарыка нагадаў, што нядаўна яго штаб апублікаваў дэклярацыю аб сумленных выбарах і выказаў гатоўнасьць аказваць пацярпелым юрыдычную дапамогу, але з каманды Ціханоўскага пакуль што ніхто не зьвяртаўся. Прысутны на сустрэчы іншы гомельскі блогер Арцём Шапораў адказаў на гэта, што ўся каманда Ціханоўскага арыштаваная.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага блогера Ціханоўскага і яго паплечнікаў перавялі ў менскі сьледчы ізалятарСяргей Ціханоўскі быў затрыманы 29 траўня ў Горадні, дзе праходзіў збор подпісаў за вылучэнне ягонай жонкі Сьвятланы кандыдатам у прэзыдэнты. МУС пачала крымінальную справу па факце гвалту ў дачыненьні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы абвясцілі Ціханоўскі палітвязьнем.
Пра саюзную дзяржаву: «20 гадоў „будуюць“ невядома што»
Таксама выказаўся Віктар Бабарыка і пра так званую саюзную дзяржаву Расеі і Беларусі.
«Яна будуецца 20 гадоў — незразумела, што можна рабіць 20 гадоў? Можа, трэба на гэта па-іншаму паглядзець? Я ўвогуле за глябалізацыю — шчыра і сумленна», — заявіў ён падчас сустрэчы са сваімі гомельскімі прыхільнікамі, удакладніўшы, што да інтэграцыі ставіцца станоўча, калі не закранаецца сувэрэнітэт і калі яна будуецца на ўзаемавыгадных умовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці адмовіцца Масква ад Лукашэнкі«Беларусь пакуль цесна зьвязаная з Расеяй. Я кажу „пакуль“. За 10 гадоў мы відавочна не абыдземся без асноўнага сыравіннага пастаўшчыка і рынку збыту. Але калі навучымся захоўваць электраэнергію, рэзка скароцім спажываньне нафты, газу... Сучасныя тэхналёгіі дазваляюць пазбавіцца ад залежнасьці», — лічыць Віктар Бабарыка.