«Рэжым можа запанікаваць», — аўтар кнігі пра Беларусь як апошнюю дыктатуру Эўропы

На пікеце ў Лідзе, дзе 30 траўня зьбіралі подпісы за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты. Яе мужа, папулярнага блогера Сяргей Ціханоўскага, затрымалі напярэдадні, 29 траўня, у Горадні падчас выбарчага пікету.

На пытаньні Свабоды пра прэзыдэнцкія выбары адказвае Эндру Ўілсан, прафэсар украінскіх дасьледаваньняў ва Ўнівэрсытэцкім каледжы Лёндану, старшы аналітык Эўрапейскай рады міжнародных дачыненьняў, аўтар кнігі «Беларусь: Апошняя эўрапейская дыктатура».

Сьцісла:

  • Нас чакаюць цікавыя выбары, незалежна ад таго, ці будзе ў іх цікавы вынік.
  • Бабарыка і Цапкала ставяць пад сумнеў балянсаваньне, якое трымае гэты рэжым шмат гадоў, — расейскія субсыдыі ў абмен на паслугі ў замежнай палітыцы.
  • Расея можа ў нейкай ступені падтрымліваць альтэрнатыўных кандыдатаў як папярэджаньне Лукашэнку.
  • Трэба быць гатовымі да новых тыпаў фальсыфікацый і палітычных рэпрэсій.
  • Лукашэнка наўрад ці дазволіць некаму быць большым папулістам і славянафілам, чым ён сам.
  • Ціханоўскі падобны да Лукашэнкі ў 1994 годзе, але ў сучасных умовах. Ён трапляе ў настрой тых людзей, якія пратэставалі ў 2017-м.
  • Байкот можа быць эфэктыўны, калі папулярныя кандыдаты выключаныя з выбараў, калі існуе расчараваньне ў эканамічных пэрспэктывах і калі эпідэмія каранавірусу працягне бушаваць і людзі ня змогуць бясьпечна галасаваць.
  • Праблема байкоту ў тым, што ён пасіўны, а пратэст пасьля выбараў актыўны. Часам цяжка пераключыцца з аднаго на другое.

Эндру Ўілсан

Ці перадвызначаны вынік выбараў

І так, і не. Магчыма, што ўлады будуць цалкам кантраляваць выбары тымі мэтадамі, пра якія мы ведаем — рэгістрацыя кандыдатаў, датэрміновае галасаваньне, адсутнасьць празрыстага падліку галасоў і гэтак далей. Яны могуць лёгка арганізаваць яшчэ адну перамогу для Лукашэнкі з 80+ працэнтамі.

Але нават у адсутнасьць надзейных апытаньняў грамадзкай думкі выглядае, што гэтым разам ёсьць альтэрнатыўныя кандыдаты з шырэйшай падтрымкай, чым на ранейшых выбарах. Ёсьць заўважныя фігуры з эліты, якія, магчыма, сьведчаць пра спробы Расеі паўплываць на вынік выбараў. Нас чакаюць цікавыя выбары, незалежна ад таго, ці будзе ў іх цікавы вынік.

Магчымае кандыдацтва Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы

У Бабарыкі і Цапкалы сур’ёзныя біяграфіі. Элітных кандыдатаў такога ўзроўню на выбарах у Беларусі не было ўжо даўно. Гэта не абавязкова значыць, што эліты раскалоліся, але кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій і кіраўнік «Белгазпрамбанку» — даволі важныя пасады. І яны гавораць важныя рэчы пра эканамічную палітыку, пра адносіны з Расеяй, пра посьпех або правал спробаў Беларусі дывэрсыфікаваць сваю вонкавую палітыку.

Іх пасланьні пакуль што размытыя, але відавочна, што яны выказваюць балючую крытыку стану эканомікі, падымаюць пытаньні балянсу паміж эканамічным сувэрэнітэтам і дабрабытам, на якія ва ўладаў няма адказу, балянсу паміж дзяржаўным і прыватным сэктарам. Яны ставяць пытаньне, наколькі пасьпяхова можна працягваць тое балянсаваньне, якое трымае гэты рэжым ва ўладзе ўжо шмат гадоў — расейскія субсыдыі ў абмен на паслугі ў замежнай палітыцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт расейскага Інстытуту Прымакова: Бабарыка і Цапкала — частка гульні, якая завершыцца захаваньнем пазыцый Лукашэнкам

Магчымая падтрымка Бабарыкі і Цапкалы Расеяй

Ёсьць розьніца паміж падтрымкай і сапраўднай падтрымкай. Калі б Расея адкрыта і актыўна ўмяшалася, гэта б яшчэ больш заахвоціла Лукашэнку перашкодзіць іх кампаніям ці нават цалкам выключыць іх з выбарчай кампаніі. Мы пакуль што ня ведаем, якія сілы гатовыя іх падтрымаць.

Але імавернасьць такой падтрымкі, у прыватнасьці праз СМІ, расьце. Большасьць беларусаў па-ранейшаму глядзяць расейскую тэлевізію, расейская прысутнасьць у сацыяльных мэдыя ў Беларусі за апошнія некалькі гадоў павялічылася. Патэнцыял для такога ўмяшаньня відавочна ёсьць.

Расейская стратэгія падчас выбараў у Беларусі

Цяпер Расея занятая эканамічнымі наступствамі каранавірусу, Пуціну трэба перамагчы на сваім рэфэрэндуме, а гэта ўсё вялікія праблемы. У нейкай ступені гэта адцягвае расейскую ўвагу, і, магчыма, менавіта таму выбары ў Беларусі абвясьцілі на месяц раней — спадзяюцца правесьці іх, пакуль наступствы эканамічнага крызісу яшчэ не праявіліся так відавочна, пакуль каранавірус не забіў больш людзей і пакуль Расея ня зможа сканцэнтраваць сваю ўвагу на Беларусі.

Апошнія пару гадоў, ад таго часу, што Расея пачала казаць пра эканамічную канфэдэрацыю зь Беларусьсю, існуюць дзьве магчымасьці. Першая — што Расея хоча ўсурʼёз падарваць беларускі сувэрэнітэт. Другая — што Расея хоча абмежаваць Беларусі прастору для манэўру на сваіх умовах — атрымліваць больш ляяльнасьці за меншыя субсыдыі.

Я схіляюся да другога варыянту, бо ня бачу вялікіх сыгналаў, што Расея хоча зьмены рэжыму ці радыкальнай інтэграцыі. Там хочуць адносінаў на сваіх умовах — у прыватнасьці, больш ляяльнасьці ў замежнай палітыцы. Расея, відавочна, можа ў нейкай ступені падтрымліваць альтэрнатыўных кандыдатаў як папярэджаньне Лукашэнку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Масква зацікаўленая кампрамэтаваць Лукашэнку ў вачах Захаду». Польскі аналітык пра беларускія выбары

Ці лічыць Захад Лукашэнку «гарантам стабільнасьці»

Расея і Захад глядзяць на такія рэчы вельмі па-рознаму. Захад зусім па-іншаму глядзіць на «стабільнасьць». Цяпер Захад больш турбуецца пра сувэрэнітэт і крыху менш — пра правы чалавека ў Беларусі, але гэта ня значыць, што на гэта цалкам не зьвяртаюць увагі. Захад заклапочаны рэпрэсіямі і арыштамі напярэдадні выбараў. Гэта значыць, што Захад не разглядае выбары проста як канкурэнтную арэну выбару, але таксама пераймаецца стандартамі іх правядзеньня.

Калі нехта з кандыдатаў будзе выглядаць як сурʼёзны выклік Лукашэнку, можа адбыцца далейшае пагаршэньне гэтых стандартаў — некага могуць выключыць з выбараў, адбудуцца масавыя фальсыфікацыі. Захад турбуюць такія рэчы, яны пярэчаць яго вызначэньню «стабільнасьці».

Імавернасьць паўтарэньня сцэнару-2010: пратэсты, масавыя рэпрэсіі, пагаршэньне адносінаў Беларусі з Захадам

Так, рэжым можа запанікаваць і пайсьці па нейкім падобным сцэнары. Магчыма, некага з кандыдатаў выключаць з выбараў, каб сканструяваць традыцыйную перамогу для Лукашэнкі з 80+ працэнтаў. Бо для рэжыму небясьпечна дазваляць канкурэнтны працэс.

Мне здаецца, што для рэжыму натуральны інстынкт — дазволіць, але вызначыць межы дазволенага. І мы пабачым, што здарыцца, калі гэтыя межы будуць выпрабоўваць.

Ці можа Захад закрыць вочы на фальсыфікацыі, калі не адбудзецца масавых рэпрэсій

Асноўная тэхналёгія рэжыму — падлік галасоў за зачыненымі дзьвярыма, безь ніякага сапраўднага кантролю. Тут нават і вачэй закрываць ня трэба, бо нічога не відаць. Але калі будуць нейкія відавочныя фальсыфікацыі, дык Захад, я спадзяюся, будзе пратэставаць.

Тут можна вярнуцца да праблемы, пра якую я ўжо казаў, — у Беларусі больш няма незалежных службаў, якія маглі б ладзіць сацыялягічныя апытаньні. Таму наўрад ці можна разьлічваць на надзейныя апытаньні каля выбарчых участкаў у дзень выбараў. Але Захаду трэба быць гатовым да розных тыпаў фальсыфікацый і палітычных рэпрэсій.

Я кажу пра розныя тыпы, бо гэта можа быць не паўтарэньнем таго, што адбывалася ў 2010 годзе. Могуць быць новыя тыпы фальсыфікацый і рэпрэсій.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міліцыя працягвае перасьледваць актывістаў па ўсёй Беларусі

Розьніца ў падыходах да Беларусі з боку ЗША і Эўразьвязу

Асноўная розьніца цяпер палягае ў пытаньнях нафты і газу. Цяперашні экспэрымэнт з рэвэрснымі пастаўкамі нафты — гэта ініцыятыва адміністрацыі Трампа. Ёсьць сумневы наконт таго, наколькі гэта жыцьцяздольны праект у доўгатэрміновай пэрспэктыве, але ЗША ў ім на галоўных ролях.

Замежная палітыка адміністрацыі Трампа непрадказальная, у ёй няшмат увагі аддаецца правам чалавека, а наперад часта выходзіць магчымасьць заключыць бізнэс-угоду. Палітыка Эўразьвязу больш пасьлядоўная і грунтуецца на доўгатэрміновых прынцыпах.

Ці могуць асноўныя супернікі Лукашэнкі выявіцца больш прарасейскімі, чым ён сам

Мы ўжо ў сытуацыі, якая цалкам адрозьніваецца ад папярэдніх выбараў. Пытаньне ў тым, ці пяройдзе гэта на новы этап з сапраўднай канкурэнцыяй і рэальным шанцам на сапраўдныя выбары. Адно з другога не абавязкова вынікае. І не абавязкова самыя пасьпяховыя альтэрнатыўныя кандыдаты будуць больш прарасейскімі.

Так, відавочна, што найбольш канкурэнтаздольныя кандыдаты будуць не з традыцыйнай празаходняй, праэўрапейскай апазыцыі. І прарасейскі кандыдат можа зьявіцца, але пытаньне, як на гэта адрэагуе Лукашэнка. Наўрад ці ён дазволіць некаму «скрасьці свой капялюш» у пляне папулізму і славянафіліі. Як кажуць французы, нельга быць большым раялістам за караля. І я не чакаю сцэнару, дзе Лукашэнка дазволіць некаму быць большым папулістам і славянафілам, чым ён сам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка адправіў урад у адстаўку

Выбары толькі пачаліся, мы пакуль што на першым этапе, і вельмі цяжка рабіць прагнозы наконт чацьвёртага ці пятага этапу — наконт таго, што адбудзецца ў сам дзень выбараў. Рэжым ня схільны дазваляць канкурэнцыю і вольныя дэбаты. Памятаючы мінулы досьвед, нам варта быць скептычнымі наконт таго, наколькі рэжым можа дазволіць сапраўды канкурэнтныя выбары.

Сяргей Ціханоўскі і пэрспэктывы байкоту выбараў

Ціханоўскі — вельмі цікавая фігура, бо ён абʼядноўвае шмат рэчаў. Ён падобны да Лукашэнкі ў 1994 годзе, але ў сучасных умовах. Ён трапляе ў настрой тых людзей, якія пратэставалі ў 2017 годзе, але ён таксама добра дасьведчаны ў тэхналёгіях сацыяльных мэдыя.

Байкот, вядома ж, можа быць эфэктыўны, калі папулярныя кандыдаты выключаныя з выбараў, калі існуе расчараваньне ў эканамічных пэрспэктывах і калі эпідэмія каранавірусу працягне бушаваць і людзі ня змогуць бясьпечна галасаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дачы Ціханоўскага адбываецца ператрус

У постсавецкіх краінах, там, дзе рэгулярна фальсыфікуюць выбары, сапраўдная яўка на выбары мае тэндэнцыю зьмяншацца, бо няма рэальнага выбару. А высокая яўка для аўтакратаў настолькі ж важная, як і вынікі галасаваньня. Таму пачынаюць фальсыфікаваць яўку. Гэта можна зрабіць бюракратычным спосабам — напісаўшы патрэбныя лічбы. І тут паўстае пытаньне, наколькі ў людзей будзе адчуваньне, што яны не галасавалі. Шмат у чым гэта пытаньне калектыўнай сьвядомасьці — калі ты размаўляеш з суседам, кажаш: «Я не хадзіў галасаваць, а ты? Не, я таксама не галасаваў». Але людзі не абавязкова ведаюць, што сапраўдная яўка, напрыклад, 40 працэнтаў, хоць афіцыйна абвясьцілі 76.

У акадэмічным асяродзьдзі ёсьць такі тэрмін: «разумны аўтарытарызм». Для некаторых гэты тэрмін сумнеўны, бо як жа можна называць злоўжываньні разумнымі? Але ў гэтым ёсьць свая лёгіка — паміж грубымі фальсыфікацыямі і асьцярожнымі фальсыфікацыямі вялікая розьніца.

Часам улады чыняць фальсыфікацыі так няўклюдна, што гэта проста абражае прыстойнасьць і прыводзіць да пратэстаў. Чаму адбылася «Аранжавая рэвалюцыя» ва Ўкраіне? Бо Юшчанка відавочна перамог. Чаму ў Маскве былі пратэсты ў 2011 годзе? Бо ўлады так сфальшавалі вынікі выбараў, што гэта абразіла жыхароў Масквы. Калі нешта робіцца кепска і відавочна пярэчыць агульнавядомым рэчам, гэта можа выклікаць пратэсты. Але ў адсутнасьць надзейных апытаньняў і экзыт-полаў такой яснасьці можа і ня быць. Шмат будзе залежаць ад калектыўнага адчуваньня.

Ці магчымыя пасьпяховыя пратэсты без альтэрнатыўнага кандыдата, які будзе ўспрымацца як пераможца выбараў

Масавыя пратэсты адбываюцца ня ў выніку нейкіх акадэмічных апытаньняў грамадзкай думкі. Іх выклікае адчуваньне асабістай абразы, пачуцьцё, што твой голас скралі. Але каб ператварыць гэтае пачуцьцё ў калектыўнае дзеяньне, карысна мець фігуру, вакол якой можа адбыцца мабілізацыя. Ціханоўскі ня будзе кандыдатам на выбарах, але важна таксама, ці дадуць улады яму свабоду і магчымасьць шырыць далей сваё пасланьне.

Праблема байкоту ў тым, што ён пасіўны, а пратэст пасьля выбараў актыўны. Часам цяжка пераключыцца з аднаго на другое.