Аўтар швэдзкай стратэгіі барацьбы з COVID-19 прызнаў памылкі

Андэрс Тэгнэл

Швэдзкі эпідэміёляг, аўтар ідэі некарантыну прызнаў, што яго стратэгія барацьбы з каранавірусам прывяла да занадта шматлікіх сьмерцяў. Андэрс Тэгнэл​ пераканаў сваю краіну пазьбегнуць строгага карантыну і локдаўну.

Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg.

«Калі б мы сутыкнуліся з той жа хваробай пры тых ведах, якія маем сёньня, я думаю, што наш адказ быў бы недзе паміж тым, што зрабіла Швэцыя, і тым, што зрабіла астатняя частка сьвету», — сказаў Андэрс Тэгнэл у інтэрвію швэдзкаму радыё.

Тэгнэл — гэта архітэктар супярэчлівага падыходу Швэцыі да барацьбы зь вірусам. Урад Штэфана Лофвэна падтрымаў яго. Сходы ў колькасьці за 50 чалавек дагэтуль забароненыя, але на працягу ўсяго крызісу швэды маглі наведваць рэстараны, хадзіць па крамах, наведваць спартовыя залі і адпраўляць дзяцей да 16 гадоў у школу.

Такі мяккі падыход да барацьбы з Covid-19 выклікаў ва ўсім сьвеце і пахвалы, і абурэньне. Аднак што не падлягае дыскусіі — гэта ўплыў стратэгіі на колькасьць памерлых у краіне.

Паказьнік сьмяротнасьці — 430 выпадкаў на мільён насельніцтва — у Швэцыі адзін з самых высокіх у сьвеце. Ён значна перавышае сьмяротнасьць у суседніх Даніі і Нарвэгіі, якія ад самага пачатку пандэміі ўвялі значна больш жорсткія абмежаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Швэцыя змагаецца з каранавірусам бяз локдаўну

Цяпер Тэгнэл упершыню публічна прызнаўся, што яго стратэгія прывяла да занадта вялікай колькасьці сьмерцяў.

«Ясна, што ў Швэцыі ёсьць патэнцыял для паляпшэньня», — сказаў ён.

Дагэтуль Тэгнэл сьцьвярджаў, што працяглы характар пандэміі COVID-19 патрабуе больш устойлівага рэагаваньня, чым кароткачасовыя карантыны. Нягледзячы на крытыку з-за мяжы, стратэгія Тэгнэла карысталася ў Швэцыі шырокай падтрымкай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Усё больш швэдаў памірае: швэдзкі экспэрымэнт страчвае прывабнасьць

Аднак пакуль няма пэўных доказаў, што такое рашэньне Швэцыі ўратавала яе эканоміку. Міністарка фінансаў нядаўна папярэдзіла, што Швэцыя сутыкаецца з найгоршым эканамічным крызісам з часоў Другой усясьветнай вайны, а ВУП у 2020 годзе панізіцца на 7% — прыблізна настолькі ж, як і ў астатняй частцы ЭЗ.

Урад занепакоены відавочнымі памылкамі, зробленымі падчас барацьбы з распаўсюджваньнем каранавірусу ў Швэцыі. У панядзелак прэм’ер Лофвэн паабяцаў, што да лета будзе распачатае расьсьледаваньне крызісу.

Джымі Экесан, лідэр партыі «Швэдзкія дэмакраты», напісаў, што камэнтары Тэгнэла яго «дзівяць».

«На працягу некалькіх месяцаў крытыка пасьлядоўна адхілялася, гаварылася, што Швэцыя зрабіла ўсё правільна, а астатні сьвет — няправільна. А цяпер раптам такія прызнаньні», — сказаў Экесан.