Цягам тыдня па ўсёй тэрыторыі ЗША не сьціхаюць пратэсты і масавыя беспарадкі, перадае «Голас Амэрыкі».
Тысячы дэманстрантаў сталі на калені перад будынкам Капітолія ў Вашынгтоне ў аўторак незадоўга да наступленьня камэнданцкага часу, які пачаўся а 19.00. Падобная мера ўведзеная ў дзясятках гарадоў, дзе працягваюцца дэманстрацыі, справакаваныя гібельлю 46-гадовага афраамэрыканца Джорджа Флойда. Ён загінуў у Мінэапалісе пры затрыманьні паліцыянтамі.
Як правіла, дзённыя мірныя акцыі к вечару пераходзяць у масавыя беспарадкі з гвалтам і марадэрствам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Вашынгтоне дзеля фатасэсіі Трампа разагналі натоўп сьлезацечным газамНапярэдадні дэманстрацыі прайшлі ў Лос-Анджэлесе, Вашынгтоне і Філядэльфіі. У амэрыканскай сталіцы да пратэстоўцаў далучыліся некалькі заканадаўцаў. Сэнатар Элізабэт Уорэн, якая прэтэндавала на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах ад Дэмакратычнай партыі, у інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіла, што Дональд Трамп сваімі заявамі ўносіць раскол у грамадзтва.
«Нам патрэбен прэзыдэнт, здольны стаць лідэрам, які аб’ядноўвае людзей», — заявіла Ўорэн, заклікаўшы амэрыканцаў падтрымаць Джо Байдэна на выбарах прэзыдэнта ў лістападзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зоркі выкладаюць чорныя квадраты ў сацыяльных сетках. Што гэта значыць?У Х’юстане, родным горадзе Флойда, тысячы людзей сабраліся на марш, арганізаваны сябрамі і сям’ёй загінулага. У Нью-Ёрку тысячы людзей ўзялі ўдзел у арганізаваным маршы, які прайшоў па 86-й вуліцы ў Мангэтэне. Яны скандавалі імя Джорджа Флойда.
Дональд Трамп заявіў, што Нацыянальная гвардыя мусіць пакласьці канец пажарам, рабаваньням і зьнішчэньню маёмасьці. Кіраўнік Нацгвардыі паведаміў, што 18 тысяч гвардзейцаў аказваюць дапамогу праваахоўным органам у 29 штатах. У некалькіх гарадах ўдзельнікі пратэстаў аказвалі супраціў з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, кіданьнем камянёў і запальных зарадаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп мабілізаваў войска, каб спыніць забурэньні ў ВашынгтонеУ Сэнт-Луісе чацьвёра паліцэйскіх атрымалі раненьні, у Лас-Вегасе быў паранены паліцэйскі, які цяпер у крытычным стане. Яшчэ адзін паліцэйскі атрымаў цяжкія раненьні ў нью-ёркскім Бронксе.
Прэзыдэнт Трамп прыгразіў выкарыстоўваць для барацьбы з гвалтам узброеныя сілы і раскрытыкаваў бязьдзейнасьць губэрнатараў шэрагу штатаў.