Прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін падпісаў указ аб «Асновах дзяржаўнай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі ў галіне ядзернага стрымліваньня», у якім вызначаныя ўмовы для ўжываньня Расеяй ядзернай зброі. Дакумэнт апублікаваны ўпершыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Масква пагражае «ядзерным адказам» на амэрыканскія субмарыны з балістычнымі ракетаміУмовамі, пры якіх Расея можа ўжыць ядзерную зброю, названыя:
- паступленьне дакладнай інфармацыі пра старт балістычных ракет, якія атакуюць тэрыторыю Расеі ці яе саюзьнікаў;
- прымяненьне праціўнікам па тэрыторыі краіны і яе саюзьнікаў ядзернай ці іншай зброі масавага зьнішчэньня;
- узьдзеяньне суперніка на яе крытычна важныя дзяржаўныя і вайсковыя аб’екты;
- агрэсія з прымяненьнем звычайнага ўзбраеньня, якая будзе пагражаць самому існаваньню расейскай дзяржавы.
У дакумэнце гаворыцца, што прэзыдэнт можа паінфармаваць ваенна-палітычнае кіраўніцтва іншых краінаў і міжнародныя арганізацыі пра гатоўнасьць ужыць ядзерную зброю або пра такое рашэньне, а таксама пра факт прымяненьня ядзернай зброі.
«Расейская Фэдэрацыя разглядае ядзерную зброю выключна як сродак стрымліваньня, ужываньне якога зьяўляецца крайняй і вымушанай мерай, і робіць усе неабходныя намаганьні для памяншэньня ядзернай пагрозы і недапушчэньня абвастрэньня міждзяржаўных адносінаў, здольнага справакаваць ваенныя канфлікты, у тым ліку ядзерныя», – гаворыцца ў дакумэнце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэм’ер Канады выступіў супраць удзелу Расеі ў G7У красавіку Дзярждэпартамэнт ЗША абвінаваціў Расею ў парушэньнях умоваў дамовы аб ядзерных выпрабаваньнях, у прыватнасьці, абмежаваньняў падземных выпрабаваньняў. Улады ЗША заявілі, што Расея экспэрымэнтуе з крытычнай масай ядзернага матэрыялу, перавышаючы яе, з прычыны чаго магла паўстаць ланцуговая рэакцыя, якая падтрымлівае сама сябе. У МЗС Расеі назвалі абвінавачваньні дэзынфармацыяй.
У лютым 2019 году Пуцін заявіў, што Расея «у выпадку пагрозы» можа нацэліць ракеты на «цэнтры прыняцьця рашэньняў», гэта значыць на ЗША і іншыя краіны NATO. У NATO назвалі гэтыя пагрозы «недапушчальнымі».