Масква будзе «актыўна назіраць» за выбарамі ў Беларусі, — расейскі паліттэхноляг

Удзельнікі выбарчай кампаніі

Ці маюць шанцы на посьпех на выбарах у Беларусі Віктар Бабарыка і Валер Цапкала, якую пазыцыю на беларускіх выбарах зойме Расея? З такімі пытаньнямі мы зьвярнуліся да расейскага паліттэхноляга, кіраўніка агенцтва стратэгічных камунікацыяў «Николло-М» Ігара Мінтусава.

Ігар Мінтусаў — кіраўнік агенцтва стратэгічных камунікацыяў «Николло-М», прэзыдэнт Эўрапейскай асацыяцыі палітычных кансультантаў, кансультант і ўдзельнік многіх выбарчых кампаніяў у Расеі, а таксама ў Літве, Латвіі, Польшчы, Украіне, Манголіі.

— На ваш погляд, ці ўсё перадвызначана на выбарах у Беларусі сёлета? Якая імавернасьць, што прэзыдэнтам так ці інакш стане не Аляксандар Лукашэнка?

Ігар Мінтусаў

— На мой погляд, усё перадвызначана. Лукашэнка цалкам кантралюе сытуацыю. Незалежна ад таго, які адсотак выбарнікаў прагаласуе за яго, у яго ёсьць вагары, каб забясьпечыць зьяўленьне ў выніковых пратаколах лічбаў, якія яго задавальняюць.

Фальсыфікацыі, якія былі на папярэдніх выбарах, гавораць пра тое, што пры цяперашнім ЦВК наўрад ці сёлета будзе нешта іншае. Прамых доказаў гэтых фальсыфікацыяў няма, але ёсьць ускосныя сьведчаньні таго, што скажэньні пры падліку галасоў былі вялікія.

Лідзія Ярмошына ўзначальвае ЦВК ужо 20 гадоў, празь яе рукі прайшлі ўсе выбары гэтых гадоў. Тое, што гэтая камісія не мяняецца столькі гадоў, сьведчыць, што сам прэзыдэнт будзе вырашаць, якая колькасьць галасоў будзе за яго пазначаная ў выніковых пратаколах галасаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нечаканасьці на выбарах у Беларусі будуць, але мы пра іх не даведаемся, — былы дарадца Пуціна

— Цяпер, як і на папярэдніх выбарах, у Беларусі ідуць размовы пра «пераварочвальныя» выбары, што калі альтэрнатыўныя кандыдаты набяруць ужо занадта шмат галасоў, то волю пераважнай большасьці немагчыма фальсыфікаваць. Пра гэта гаворыць прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка. Паводле яго, фальсыфікаваць 80% галасоў за кандыдата немагчыма. Ці сапраўды немагчыма?

— У гэтым ёсьць пэўная лёгіка. Зразумела, што калі за альтэрнатыву Лукашэнку прагаласуе 100%, то тады сапраўды наўрад ці можна будзе сфальсыфікаваць вынікі. Складана даваць ацэнкі, колькі галасоў можна сфальсыфікаваць, колькі кандыдат павінен набраць, каб вынік нельга было перавярнуць. Я як грамадзянін суседняй краіны вітаю заклік да ўсіх усіх выбарнікаў Беларусі прыйсьці на тамтэйшыя выбары. Я заўсёды быў праціўнікам абсалютна бессэнсоўных байкотаў і няўдзелаў у галасаваньні. Гэта неразумная стратэгія, якая ні да чога не прыводзіла ў гісторыі. Трэба ісьці галасаваць, і ісьці з аптымізмам, а не зь безнадзейным настроем.

Натуральна, што калі вялікая колькасьць выбарнікаў прагаласуе за альтэрнатыву, то магчымасьць выбарчых камісіяў карэктаваць галасы будзе абмежаваная. Калі за апанэнта Лукашэнкі прагаласуе 60%, а за Лукашэнку — 40%, то наўрад ці лічбы можна будзе памяняць на 80% за Лукашэнку і 20% — супраць яго. Напісаць Лукашэнку 60%, а яго канкурэнту 40%, гэта, напэўна, магчыма. Але гэта будзе сьведчыць пра барацьбу.

У мяне як у вонкавага назіральніка ёсьць сумневы (прынамсі пакуль) у тым, што ў Беларусі адбудуцца кардынальныя зьмены на гэтых выбарах. Але тое, што трэба ісьці галасаваць — гэта відавочна, і ніякіх альтэрнатываў гэтаму я ня бачу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Падтрымка Лукашэнкі на выбарах з боку РФ малаімаверная, але гуляць супраць яго ня будуць, — расейскі паліттэхноляг

— Як вы ацэньваеце новых нечаканых кандыдатаў на беларускіх выбарах — былога чыноўніка Валера Цапкалу і былога банкіра Віктара Бабарыку? На што яны маюць шанцы?

— Я ніколі не даю прагнозы да пачатку выбарчай кампаніі. Я ня ведаю, зь якімі праграмамі яны выйдуць, што яны незвычайнага зробяць. Ня ведаючы гэтага дакладна, казаць, што яны ня маюць шанцаў, непрафэсійна.

Гісторыя ведае шмат прыкладаў, прынамсі ў іншых краінах, калі малавядомыя кандыдаты выйгравалі выбары. Тым выбары і цікавыя. Калі Бабарыку і Цапкалу, скажам, ведаюць 80% грамадзянаў і 60% ім не давяраюць — гэта адна гісторыя, калі іх ведаюць 20%, але давяраюць ім 15% — гэта зусім іншая. Трэба ведаць іх пазнавальнасьць і стартавы рэйтынг даверу, каб рабіць прагнозы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пачаўся адваротны адлік, гэта падзеньне», — амэрыканскі паліттэхноляг пра затрыманьне Ціханоўскага і небясьпечнага для ўлады Бабарыку

—​ Цяпер адносіны паміж Лукашэнкам і Крамлём даволі напружаныя. Менск выгнаў журналіста «Першага каналу» расейскай ТВ, працягваюцца спрэчкі наконт цаны на газ, Беларусь упершыню купіла партыю амэрыканскай нафты, што яшчэ ў лютым прапанаваў Беларусі дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, ёсьць вялікія адрозьненьні ў палітыцы барацьбы з каранавірусам у Беларусі і Расеі. Як павядзе сябе Масква ў выбарчай кампаніі гэтага году ў Беларусі?

— Я мяркую, што Масква будзе паводзіць сябе асьцярожна. Я ня бачу вялікіх падставаў для Масквы падтрымліваць Лукашэнку, як і ня бачу падставаў падтрымліваць яго апанэнтаў. І адно і другое будзе Маскве ня надта выгадна. Тут аптымальная стратэгія — гэта актыўнае назіраньне. Актыўны ўдзел у выбарах, як Расея спрабавала гэта рабіць на выбарах ва Ўкраіне — гэта небясьпечная гульня ў рулетку.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.