Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) запатрабавала ад Цэнтравыбаркаму вынесьці папярэджаньне Аляксандру Лукашэнку, які балятуецца на шосты тэрмін, «за арганізацыю правакацый» і адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Заява палітычнай рады партыі апублікаваная на сайце АГП.
Як сьцьвярджаецца ў заяве, 29 траўня падчас выступу на МТЗ у Менску Аляксандар Лукашэнка апісаў сцэнар, паводле якога празь некалькі гадзін арганізавалі правакацыю «з удзелам людзей у форме супрацоўнікаў міліцыі» супраць блогера Сяргея Ціханоўскага і яго каманды ў Горадні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў Горадні«Гэта сьведчыць аб тым, што правакацыя была падрыхтаваная загадзя, а Аляксандру Лукашэнку былі вядомыя яе дэталі. Аляксандар Лукашэнка сам балятуецца ў прэзыдэнты, зьяўляецца зацікаўленай асобай, пры гэтым ня грэбуе наладжваць правакацыі супраць сваіх апанэнтаў», — піша АГП.
У сувязі з гэтым АГП патрабуе ад генпракурора і міністра ўнутраных спраў Беларусі:
- знайсьці і прыцягнуць да адказнасьці ўсіх удзельнікаў і арганізатараў правакацыі,
- прыцягнуць да адказнасьці кіраўніцтва Ўпраўленьня ўнутраных спраў Горадні за незаконнае затрыманьне ўдзельнікаў збору подпісаў і ўтрыманьне іх пад вартай.
Ад Цэнтральнай выбарчай камісіі:
- абвясьціць Аляксандру Лукашэнку папярэджаньні: за выкарыстаньне службовых паўнамоцтваў у працоўны час у мэтах перадвыбарчай агітацыі, прыкладам якой быў ягоны выступ на трактарным заводзе; за арганізацыю правакацый супраць сяброў ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай,
- забясьпечыць роўныя ўмовы для выступаў на дзяржаўных прадпрыемствах, у дзяржаўных арганізацыях і ўстановах, а таксама на экранах і старонках дзяржаўных СМІ для ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты,
- адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты.
1 чэрвеня заяву ў ЦВК аб парушэньні заканадаўства на выбарах падаў патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Ён таксама прапаноўваў ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэньні заканадаўства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка падаў у ЦВК скаргу на Лукашэнку, прапануе адмовіць яму ў рэгістрацыі кандыдатамПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.