Кітай абяцае жорсткі адказ на рашэньне ЗША адмовіцца ад асаблівага падыходу да Ганконгу

Пратэст ў Ганконгу 27 траўня 2020

Кітай у панядзелак скрытыкаваў рашэньне ЗША адмовіцца ад асаблівага падыходу да Ганконгу. Паводле Міністэрства замежных спраў Кітаю, любым спробам пашкодзіць кітайскім інтарэсам будзе дадзены жорсткі адпор, паведамляе Reuters.

На мінулым тыдні парлямэнт Кітаю пачаў працэдуру, якая стварае «мэханізм правапрымяненьня дзеля гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі» ў Ганконгу.

Ганконг больш не карыстаецца аўтаноміяй у адносінах да ўладаў КНР, заявіў 27 траўня дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады КНР заявілі пра «рост тэрарызму» ў Ганконгу. ВІДЭА

У заяве дзяржсакратара, разьмешчанай на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, удакладнялася, што Ганконг ня можа надалей разьлічваць на ранейшы асаблівы падыход ЗША да гэтага рэгіёну.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон можа прыняць новыя меры ў дачыненьні да Кітаю ў сувязі з новымі крокамі Пэкіну адносна праўнага статусу Ганконгу. Трамп, аднак, пакуль не прыняў неадкладнага рашэньня.