Патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка 1 чэрвеня падаў у Цэнтральную выбарчую камісію заяву аб парушэньні заканадаўства на выбарах. На сваім сайце ён апублікаваў поўны тэкст звароту.
У звароце Бабарыка адзначае шырокі распаўсюд інфармацыі аб парушэньнях на выбарах і дадае, што заканадаўства патрабуе ў трохдзённы тэрмін даць адказ аб прыняцьці захадаў па парушэньнях, інфармацыя па якіх безумоўна пацьверджаная, і не пазьней за 11 чэрвеня правесьці праверку і прыняць захады па тых парушэньнях, якія вымагаюць праверкі.
На што скардзіцца Бабарыка:
- прымус падпісвацца за вылучэньне Аляксандра Лукашэнкі кандыдатам у прэзыдэнты (сьпіс фактаў прымусу ён прыкладае ў дадатках да звароту);
- пагрозы «неспрыяльнымі» наступствамі або абяцаньні «спрыяльных» наступстваў у сувязі з подпісам за вылучэньне Лукашэнкі;
- удзел адміністрацыі ўстановаў у зборы подпісаў з падначаленых;
- заявы Лукашэнкі на Менскім трактарным заводзе 29 траўня, якія «безумоўна зьяўляюцца агітацыяй»;
- паклёп асабіста на яго з боку Лукашэнкі — заявы пра тое, што ён нібыта распаўсюджваў зманлівыя зьвесткі, і намёкі на тое, што ён выкарыстоўваў на выбарчую кампанію расейскія грошы;
- выказваньне Лукашэнкі, што ў Беларусі «Канстытуцыя не пад жанчыну».
Ён адзначае, што выкарыстаньне службовага становішча ў інтарэсах абраньня — падстава для адмовы ў рэгістрацыі чалавека кандыдатам у прэзыдэнты, і мяркуе, што пералічаныя ім факты цалкам падпадаюць пад крытэры з Выбарчага кодэксу.
Бабарыка прапануе ЦВК адмовіць Лукашэнку ў рэгістрацыі кандыдатам, калі ў выніку разгляду звароту будуць выяўленыя парушэньні заканадаўства. Пры выяўленьні іншых парушэньняў, не згаданых у адпаведным артыкуле, — вынесьці Лукашэнку папярэджаньне. Таксама ён прапануе прызнаць несапраўднымі падпісныя лісты, подпісы ў якіх сабраныя з парушэньнямі. Што да ілжывых зьвестак адносна сябе самога, Бабарыка лічыць, што яму павінны даць магчымасьць публічна іх зьняпраўдзіць.
Таксама Бабарыка просіць даць сябрам ягонай ініцыятыўнай групы магчымасьць зьбіраць подпісы «на аналягічных умовах» — у працоўны час і з давядзеньнем інфармацыі пра гэта да ўсіх супрацоўнікаў (навучэнцаў).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік ініцыятыўнай групы Лукашэнкі адказаў на скаргі аб прымусовым зборы подпісаўПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.