Аляксандар Лукашэнка 1 чэрвеня прыняў з дакладам старшыню Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Валерыя Вакульчыка і загадаў захоўваць пільнасьць у гэты няпросты час, паведамляе БелТА.
«Мы ведаем, адкуль вятры дзьмуць на нашу беларускую зямлю, — выказаўся Аляксандар Лукашэнка. — На жаль, не з таго боку, адкуль хацелася б. Але мы гатовыя да любых вятроў. Тым больш вывучаючы ў свой час гісторыю нашай дзяржавы, савецкую гісторыю.
Адметнай асаблівасьцю сёньняшняга этапу зьяўляецца тое, што ўсё ж мы навучыліся змагацца з гэтымі вятрамі і ўраганамі. Тады мы змагацца ня ўмелі. Таму і ня мелі сувэрэннай і незалежнай дзяржавы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка пачаў сваю выбарчую кампанію з затрыманьня апанэнтаў«Заўсёды нас дзялілі на часткі, далучалі кавалкамі то да адной зямлі, то да другой. Вы ведаеце, што да мінулай вайны мы практычна былі падзеленыя. Таму сёньня гэтага дапусьціць нельга», — дадаў Лукашэнка.
На мінулых выходных прайшлі масавыя сходы ў многіх гарадах, людзі зьбіраліся ў чэргі, каб падпісацца за апанэнтаў Лукашэнкі, патрабавалі пераменаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры гадзіны ў чарзе, каб аддаць подпіс. Пікеты і затрыманьні 31 траўня. Сьцісла пра галоўнае. ФОТА і ВІДЭА«Мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў»
«Дзяржаўная бяспека — аснова асноваў, — казаў Лукашэнка Вакульчыку. — І Камітэту дзяржаўнай бясьпекі ў гэтым пляне належыць разам з прэзыдэнтам вядучая роля ў абароне незалежнасьці і сувэрэнітэту нашай дзяржавы.
Мы абсалютна ведаем мэты, якія перасьледуюць тут асобныя ветрагоны. Гэтыя мэты нам зразумелыя: зладзіць нам майданчык напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў або ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Так яны плянавалі. Хачу на гэтай сустрэчы вас папярэдзіць і ўсіх, хто нас пачуе, усіх гэтых „майданутых“ хачу папярэдзіць, што майданаў у Беларусі ня будзе».
«У нас няма Пашыньянаў і Зяленскіх»
«Ня трэба нас параўноўваць, як нядаўна газэта суседняй краіны папісвала, што тут у нас зьявіліся новыя Пашыньяны, новыя Зяленскія, і ў нас ледзь не сытуацыя ці то як у Армэніі, ці то як ва Ўкраіне, — заклікаў Лукашэнка. — Павінен сказаць, што сытуацыя па-рознаму можа складацца. Толькі ў нас няма Пашыньянаў і Зяленскіх.
Як бы там ні адбываліся ў Армэніі і Ўкраіне падзеі, усё ж такі гэта людзі таленавітыя — і Зяленскі, і Пашыньян. Я ўжо зь імі блізка пазнаёміўся. Гэта людзі таленавітыя, безумоўна, і галоўнае — патрыёты сваёй краіны. Яны адданыя сваёй краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці пасябравалі Лукашэнка і ЗяленскіНа думку Лукашэнкі, хтосьці хоча «за капейку прадаць усё тое, што тут было створана ня толькі прэзыдэнтам, ня толькі ўладай — народам было створана».
Выказваць пазыцыю — на кухню ці шэсьць «бангалораў»
«Мы нікому ня будзем закрываць рот, — паабяцаў Лукашэнка. — Калі ласка: вызначаны месцы ў Менску і ва ўсіх гарадах пункты, дзе можна весьці дыскусію. Па-мойму, у Менску гэта шэсьць пунктаў. Нашая справа — кантроль, каб вы ня выйшлі за рамкі. Шэсьць пунктаў у Менску — ідзі дэбатуй. Але Камітэт дзяржбясьпекі разам зь міліцыяй ні ў якім разе не павінны дапусьціць парушэньня закону».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бангалор-4, Бангалор-5, Бангалор-6. У Менску падвоілі колькасьць месцаў для мітынгаў«Людзі павінны пайсьці самі і дыскутаваць. Хочуць на кухні — калі ласка, — дазволіў Лукашэнка. — Але каб не перашкаджалі іншым людзям.
Мы павінны выканаць парадак. У краіне павінен быць парадак. Мы не павінны дапусьціць, каб рознага кшталту шайкі і банды крымінальнікаў блукалі па краіне з закасанымі рукавамі: людзі, ня дай Бог, падумаюць, што гестапа вярнулася, вайна пачалася. Вось гэтага мы дапусьціць не павінны. І я гэтага не дапушчу.
Я ўжо вайскоўцам казаў: адзін буду супраць іх змагацца, калі трэба. Хоць у нас хапае людзей у пагонах, здольных абараніць сваю краіну. Яны разумеюць, што ў гэтай краіне жыць іхным дзецям. Нашым дзецям, вашым, ня толькі нам самім яшчэ. Мы ж паміраць не зьбіраемся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская напісала адкрыты ліст пра затрыманьне мужа і сюжэты БТ
І з эканомікай таксама пандэмія
Лукашэнка сказаў Вакульчыку, што хацеў бы пачуць ад яго пра «стан справаў у Беларусі з пункту гледжаньня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі» — ня толькі пра «гэтых, якія нам майдан спрабуюць зладзіць», але і пра эканоміку, харчы, войска і іншыя кірункі. Ён адзначыў, што ў краіне ідзе «адразу некалькі пандэміяў», і толькі адна зь іх у галіне аховы здароўя:
«Дзякуй Богу, што мы паволі пераадольваем яе, — казаў Лукашэнка Вакульчыку пра пандэмію каранавірусу. — Тут ужо ня скажаш, што мы хлусім. Ідзіце ў лякарню, глядзіце і гэтак далей».
Але на яе, казаў Лукашэнка, наклаліся «палітычная пандэмія» ў сувязі зь беларускімі прэзыдэнцкімі выбарамі, «эканамічная пандэмія» праз «крызіс ва ўсім сьвеце», які «ня нашая віна, бяда нашая», і «шэраг іншых пандэміяў, якія блукаюць вакол нашых межаў, але пакуль баяцца сунуць нос сюды», у тым ліку «інфадэмія» з інтэрнэту — «гэтай сьметніцы», зь якой «нам у тым ліку родныя браты праблемаў падкідваюць у СМІ».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За выказваньне пра «Канстытуцыю не пад жанчыну» на Лукашэнку паскардзіліся ў ЦВКПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.