Прадстаўніца ініцыятывы «Ўмовы для мовы» Аліна Нагорная расказала Свабодзе, што ў Баранавічах зь нядаўняга часу зьявіліся аўтобусныя квіткі з тэкстам на беларускай мове, хоць ранейшыя квіткі былі надрукаваныя па-расейску.
«Яны павінны ў кожным горадзе Берасьцейскай вобласьці замяняцца, калі запас тых, што ёсьць, будзе сканчацца, — дадае Нагорная. — Можа, ужо і яшчэ дзе ёсьць, але мы ведаем толькі пра Баранавічы, бо людзі цяпер ня вельмі карыстаюцца транспартам».
Такое абяцаньне зьмяшчаецца ў адказе, які Нагорная атрымала ў красавіку ад генэральнага дырэктара ААТ «Брэстаблаўтатранс» Ігара Мартынавіча.
Форма блянкаў білетаў, багажных квіткоў зацьвярджаецца заказчыкамі перавозак, гарадзкімі і раённымі выканкамамі і адпавядаюць Правілам аўтамабільных перавозак, якія не прадугледжваюць абавязковага разьмяшчэньня інфармацыі па-беларуску.
Разам з тым гендырэктар прадпрыемства абяцаў, што «па меры выдзяленьня блянкаў білетнай прадукцыі на папяровых носьбітах далейшая іх замова на выраб па ўзгадненьні з заказчыкамі будзе ажыцьцяўляцца з указаньнем рэквізытаў на беларускай мове».
Цяпер ініцыятар «Умоваў для мовы» Ігар Случак зьбірае подпісы за чыгуначныя квіткі па-беларуску. На момант публікацыі пэтыцыя набрала паўтысячы подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Гомлі зьявіліся беларускамоўныя аўтобусныя квіткі, на чарзе гарады Магілёўскай вобласьці ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Умовы для мовы» выправілі памылкі на сайтах Савету Рэспублікі, Міністэрства энэргетыкі і 25 выканкамаў