Ад імя патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай, жонкі палітычнага зьняволенага Сяргея Ціханоўскага, Telegram-канал «Страна для жизни» апублікаваў 1 чэрвеня адкрыты ліст.
У лісьце згадваецца, што 29 траўня ў Горадні на пікеце для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую быў затрыманы кіраўнік ейнай ініцыятыўнай групы Сяргей Ціханоўскі ды іншыя грамадзяне Беларусі, у тым ліку чальцы ініцыятыўнай групы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пахвілінна. Як затрымлівалі Ціханоўскага ў Горадні«Гэтую правакацыю і наступнае незаконнае затрыманьне і пачатак крымінальнай справы ў дачыненьні да кіраўніка маёй ініцыятыўнай групы я расцэньваю як грубую спробу зацікаўленых асобаў перашкаджаць ажыцьцяўленьню мной выбарчых правоў», — гаворыцца ў лісьце Ціханоўскай.
Таксама там згадваецца сюжэт дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» пад назвай «Драка на площади в Гродно» — ён, як сьцьвярджаецца ў лісьце, зьмяшчае «хлусьню і скажэньне фактаў праз наўмысна прэтэнцыёзную падачу інфармацыі і нарэзку сэгмэнтаў відэа». Адзначаецца рэакцыя карыстальнікаў: на Youtube арыгінал сюжэту набраў 144 пазытыўныя ацэнкі і 11 000 нэгатыўных.
Даецца і спасылка на поўнае відэа інцыдэнту на пікеце і затрыманьня Ціханоўскага.
Ціханоўская разьлічвае на тое, што ў адказ на заявы, паведамленьні і прэтэнзіі, якія яна накіравала ў адпаведныя органы, будуць прынятыя «законныя і разумныя дзеяньні»:
- Міністэрства ўнутраных справаў забясьпечыць абарону чальцоў ініцыятыўных групаў і бясьпеку на пікетах;
- разгледзіць відэадоказы і спыніць перасьлед Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых;
- вызначыць асобу жанчыны, якая ўчыніла правакацыю, і прыцягне яе да адказнасьці;
- тэлеканал «Беларусь-1» абвергне інфармацыю са згаданага сюжэту.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.