Спаўняецца два гады цяперашняй Курапацкай варце: 1 чэрвеня 2018 году ля рэстарану «Поедем поедим» паўстала бестэрміновая вахта ў абарону гістарычнай памяці пра масавыя рэпрэсіі. Але гэта ня проста памяць, ня проста яе абарона.
У куламесе цяперашняй актуальнай павесткі, з каранавірусам і выбарамі, з нечуванымі пратэстнымі настроямі, з тысячнымі чэргамі да пікетаў кандыдатаў у кандыдаты, са стыхійнымі мітынгамі пратэсту мэдыкаў — здаецца, ці ёсьць месца шчэ і трывозе за Курапаты, і гонару за Варту?
А яно — ёсьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 прычынаў, чаму людзі не далучаюцца да абароны Курапатаў, і 5 прычынаў, чаму варта гэта зрабіцьРэпрэсіі трыццатых на Беларусі складаліся з трох вялікіх чыньнікаў. Па-першае — агульнае дзяржаўнае кола масавых арыштаў, лягерных тэрмінаў і расстрэлаў «трацкістаў», «шпіёнаў», «буржуеў» і іншых чужародных новай уладзе элемэнтаў. Па-другое — таксама ўсесаюзная кампанія — татальны ўціск і зьнішчэньне пратэстнага сялянства ў межах калектывізацыі. І па-трэцяе — гэта ўжо тычылася менавіта саюзных рэспублік, падпарадкаваных Маскве — зьнішчэньне нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі, якая напрыканцы дваццатых разабралася нарэшце ў нацпалітыцы СССР і пачала голасна супраціўляцца.
Чамусьці шмат хто думае, што масавыя рэпрэсіі трыццатых — гэта было такое сусьветнае вар’яцтва, часовая страта чалавецтвам агульнага розуму, альбо памылка кіраўніцтва, альбо асабістая віна шызафрэнікаў Сталіна альбо Яжова. Але гэта была сьвядомая, добра сплянаваная, шматкроць падтрыманая рознымі каля-рэпрэсіўнымі мэханізмамі ўнутраная палітыка дзяржавы. Калі б не задушылі тады сапраўды нарастаючы супраціў — ён бы так ці інакш выбухнуў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як стваралі «савецкага беларуса». 5 тэзісаў беларускага культуроляга Вольгі РаманавайЯ часта думаю: цяпер немагчыма разабрацца, што ў тых пратаколах допытаў нашых міжваенных пісьменьнікаў праўда, а што — прыпісана сьледчымі. Цягам апошніх дзясяцгоддзяў мы прызвычаіліся думаць, што ўсе яны былі цалкам савецкімі людзьмі, і проста трапілі ў нелягічны жудасны гістарычны замес. Не будзе праўды і ў мэмуарах сучасьнікаў — подлыя мэмуарысты будуць хлусіць, топячы былых сяброў, сумленныя — будуць маўчаць, ратуючы.
Затое будзе праўда ў данясеньнях сэксотаў. Тут не сфабрыкуеш. Зьмест апэратыўных распрацовак, дакладных запісак, сакрэтных пратаколаў пасяджэньняў ЦК, якія выпадкам апынаюцца ў адкрытым доступе і публікуюцца архівістамі і дасьледчыкамі, выразна сьведчаць: супраціў быў, ён рос.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Купала не стал нашим». Як БССР сьвяткавала апошні юбілей песьняраПравакатар Аляксандр Ульянаў даносіў, што на кватэры Купалы вяліся гутаркі пра тое, што «рэжым бальшавікоў выдыхаецца». Ёсьць згадкі аб тым, як Нічыпар Чарнушэвіч прапаноўваў стварыць нацыянальную партыю ў супрацьвагу маскоўскай камуністычнай. У тых урыўках рамана Зарэцкага «Крывічы», рамана, забароненага цэнзурай і, хутчэй за ўсё, спаленага ў вогнішчы НКУС, у тых урыўках, што дайшлі да нас сёньня, паэт Ліпін (правобразам ягоным быў Алесь Дудар) зьбірае сяброў на кансьпіратыўнай кватэры, каб абмеркаваць праграму супраціву.
Таталітарная дзяржава мае толькі адзін сродак задушэньня супраціву: масавыя рэпрэсіі. Калі супраціў мацнее, справа даходзіць да фізычнага зьнішчэньня. У дыктатур няма іншых мэтадаў, якія лягічна вынікаюць з самой прыроды такога тыпу ўлады.
І тая маленькая нітачка, на якой усё яшчэ трымаецца ў пэўных межах — гэта памяць пра Курапаты, гэта безумоўнае, бясспрэчнае асуджэньне сусьветным грамадзтвам масавых рэпрэсій як мэтаду. Нездарма так ганіцца яна сёньня, гэтая памяць, на дзяржаўным узроўні, нездарма Курапаты ўвесь час маскіруюць то пад сквэрык з пэтуніямі, то пад месца агульнага выгулу сабак, то пад парк ля кабака.
Тыя, хто лёг тады, сто год таму, у Курапацкія, Кабыляцкія, Лошыцкія ямы, хто расстраляны ў Трох Слупах пад Гомелем, хто ляжыць у могільніках, забудаваных сёньня спальнымі раёнамі альбо гаражнымі каапэратывамі — яны бароняць нас сёньня. Пакуль мы ўсе памятаем і ведаем, што такога дапусьціць нельга — мы жывем.
Аднойчы, калі я толькі пачала езьдзіць на Варту — я бываю там зрэдку, але бываю — са мной меў гутарку адзін з нашых раённых ідэолягаў. Па-бацькоўску ківаючы галавой, ён пяшчотна спытаўся ў мяне: «Ну навошта вы стаіце ў Курапатах? Чаму вы не стаіце, напрыклад, на Кургане Славы?»
Я не стаю на Кургане Славы таму, што, акрамя мяне, пра апошнюю бесчалавечную вайну памятаюць яшчэ і немцы. Пакуль яны памятаюць, пакуль яны ўсёй нацыяй збываюць сваю віну перад сьветам — такой вайны ня будзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта ня акцыя, а грамадзкі чын», — пікетоўцы вырашаюць, ці варта спыняць варту ля КурапатаўА пра Курапаты памятае толькі адзін бок — той, хто слабы перад уладай ля гэтых ямаў. Той жа бок, хто хацеў бы іх капаць для іншых — не памятае.
Гэта будзе сьветлы і шчасьлівы дзень — калі скончыцца бестэрміновая Курапацкая Варта. Калі актывісты змогуць адтуль сысьці — бо памяць, віна і боль стануць агульнымі. А значыць, такіх ямаў болей ня будзе, пакуль не скончыцца памяць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Пратэсты супраць рэстарацыі ля Курапатаў. Што важна ведаць
Што адбываецца. Грамадзкія і палітычныя актывісты з чэрвеня 2018 году пікетуюць рэстаран «Поедем поедим», што месьціцца ля Курапатаў. За 50 мэтраў ад гэтага месца ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут, па розных ацэнках, ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
З чаго ўсё пачалося. Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2012 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
Рэстаран каля Курапат не парушаў зоны аховы? МАПЫ
1 чэрвеня 2018 рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце я, а ўвечары 5 чэрвеня меркавана пачаў працаваць.
З таго часу грамадзкія актывісты штодня пікетуюць рэстаран, патрабуючы яго закрыцьця і сьцьвярджаючы, што ён парушае ахоўную зону вакол народнага мэмарыялу і не адпавядае нормам грамадзкай маралі.
Як праходзяць пратэсты. Са сьцягамі і плакатамі абаронцы Курапатаў блякавалі транспарт, які накіроўваўся на тэрыторыю рэстарана. За гэта рэгулярна атрымліваюць штрафы ад ДАІ за парушэньне ПДД, а таксама іх штрафуюць і садзяць на суткі за несанкцыянаванае пікетаваньне. Некаторыя актывісты маюць ужо па некалькі дзясяткаў штрафаў.
За час пікетаваньня «Поедем поедим» неаднаразова адбываліся сутычкі паміж актывістамі і наведнікамі ды ахоўнікамі рэстарана, заблякаваныя аўтамабілі, наяжджалі на пікетоўцаў, актывісту нават зламалі руку.
Рэакцыя ўласьнікаў. Не дачакаўшыся рэакцыі ўладальнікаў рэстарана на патрабаваньне закрыць або перанесьці ўстанову, 18 ліпеня абаронцы Курапатаў заклікалі да байкоту ўсіх рэстаранаў аднаго з сузаснавальнікаў рэстарацыі бізнэсоўца Леаніда Зайдэса.
20 ліпеня на сустрэчы з журналістамі Зайдэс адмовіўся закрываць «Поедем поедим», але прапанаваў даць грошы на мэмарыялізацыю Курапатаў. Гэта не задаволіла пікетоўцаў, і яны працягнулі пікетаваньне.
Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў
Прадстаўнікі партый і рухаў, якія ўдзельнічаюць у Курапацкай вахце, зацьвердзілі сьпіс чыноўнікаў, уладальнікаў, агрэсіўных наведнікаў рэстарацыі «Поедем поедим», якім яны абвясьцілі пэрсанальны байкот. Усяго ў сьпісе 35 прозьвішчаў.
Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч падаў у суд на незалежнае выданьне «Новы час» і аўтара расьсьледаваньня пра забудову ў Курапатах Дзяніса Івашына, які дапусьціў юрыдычную сувязь паміж ім і рэстаранам.
7 адказаў на наіўныя пытаньні пра рэстаран ля Курапатаў і пратэсты супраць яго
Ня першы чын у Курапатах. Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы.
Your browser doesn’t support HTML5
Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 год у Курапатах — лясным масіве пад Менскам.
Асноўнае пра Курапаты