Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 29 траўня падчас размовы з работнікамі МТЗ згадаў сваіх патэнцыйных супернікаў на прэзыдэнцкіх выбарах, у тым ліку пра Сяргея Ціханоўскага. Праз 4 гадзіны пасьля гэтага блогера затрымалі ў Горадні.
Лукашэнка не назваў імя Сяргея Ціханоўскага, які езьдзіць па краіне з пікетамі па зборы подпісаў за сваю жонку Сьвятлану і трансьлюе сустрэчы зь людзьмі на сваім YouTube-канале «Страна для жизни». Але з кантэксту стала відавочна, што меў на ўвазе менавіта яго.
«Мужыкі там кіпіш паднялі, дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратар далажыла: міліцыянта абразіў (удзельнік пікету. — заўвага president.gov.by.), калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыяжджаюць крутыя, на джыпах усё — па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, выстраіліся і пайшлі па плошчах, вуліцах... », — сказаў Лукашэнка. — «На гэтага пацанёнка (супрацоўніка міліцыі. — заўвага president.gov.by.) наваліліся. Ён, напэўна, толькі ў гэтым годзе прыйшоў на працу, чыёсьці ж дзіця. Што ты на яго накатваеш. І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй акуратней быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасьць, дык адкажа. Мне ўжо нялёгка прыходзіцца, стрымліваючы іх. Нарываюцца. Правакацыя — гэта найлепшая рэкляма. Яны гэта так разумеюць».
Пра канфліктныя выпадкі з удзелам міліцыі падчас выбарчых пікетаў ніводнага з кандыдатаў раней не было вядома.
Праз чатыры гадзіны пасьля заявы Лукашэнкі, каля 20.00, Сяргея ЦІханоўскага затрымалі супрацоўнікі спэцназу падчас перадвыбарчага пікету ў Горадні. Абставіны затрыманьня нагадвалі тыя, пра якія раней казаў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. ВІДЭАГэта адбылося пасьля таго, як невядомыя жанчыны, якіх сьведкі называлі правакатаркамі, кідаліся на блогера і спрабавалі трымаць яго за вопратку. Яны патрабавалі, каб Ціханоўскі адказаў, чаму ў Горадні няма яго жонкі. Ціханоўскі намагаўся сыйсьці ад жанчын, які хапалі яго за вопратку. Пасьля гэтага зьявілася міліцыя.
У Твітар-акаўнце «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага зьявілася відэа, на якім бачна, як невядомы мужчына ў скураной куртцы, падчас мітусьні на пікеце ў Горадні, дапамагае легчы на зямлю маладому мужчыну ў міліцэйскай форме.
Літаральна праз 30 сэкундаў прыбеглі АМАПаўцы і пачалі хапаць Сяргея Ціханоўскага, які знаходзіўся ў некалькіх мэтрах ад эпіцэнтру.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Невядомы мужчына на пікеце Ціханоўскага далікатна кладзе міліцыянта на зямлю. ВІДЭАПаводле інфармацыі УУС Горадзенскага аблвыканкама, усяго затрымалі 10 чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: БТ апэратыўна паказала затрыманьне Сяргея Ціханоўскага ў Горадні. ВІДЭА
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.