На 42 хвіліне «Панарамы» па канале «Беларусь-1» паказалі затрыманьне блогера Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Вядоўца «Панарамы» абвінаваціў Ціханоўскага ў тым, што агітацыя і мітынгі яшчэ забароныя, а блогер выставіў у Горадні на плошчы кардонную выяву жонкі Сьвятланы і зьбіраў подпісы.
Ціханоўскага вядоўца Сяргей Лугоўскі назваў «адным шырока вядомым у вельмі вузкіх колах зборшчыкам подпісаў, які дазьбіраўся да сур’ёзнага інцыдэнту».
«Міліцыя, якая паспрабавала навесьці парадак, аказалася ў эпіцэнтры бойкі, якую зладзілі на плошчы. Адзін з супрацоўнікаў міліцыі падвергся нападу», — паведаміў вядоўца.
Затым паказалі прыкладна 1 хвіліну апэратыўнага відэа патасоўкі і затрыманьня Ціханоўскага — як жанчыны правакуюць блогера.
«На гэтых кадрах вы ўсё бачылі самі. Па нашай інфармацыі, зборшчык подпісаў і некаторыя яго прыхільнікі на гэты момант затрыманыя», — завершыў вядоўца «Панарамы».
Паводле вядоўцы, жанчыны, нібыта, задавалі пытаньні Ціханоўскаму, а ён не хацеў адказваць. І, маўляў, «такая манэра зносінаў зь людзьмі перарасла ў бойку».