Падчас наведваньня 29 траўня Менскага трактарнага заводу Аляксандар Лукашэнка выказаўся пра Віктара Бабарыку, не назваўшы ягонага імя. Былы кіраўнік Белгазпрамбанку нядаўна заяўляў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ер-міністра ў абмен на зьняцьце з выбараў. Лукашэнка сказаў, гэта быў ня ён.
Як сьцьвярджае БелТА, пытаньне пра «аднаго з альтэрнатыўных удзельнікаў выбарчай кампаніі» паступіла ад работніка МТЗ. Лукашэнка адказаў, што памятае, што «гэта банкір недзе зрабіў» — маўляў, «бачыў у інтэрнэце».
«Гэтаму банкіру час падумаць, дзе ён будзе працаваць пасьля выбараў, — казаў Лукашэнка. — І наогул са школы і вас, і мяне вучылі: не хлусі. У Беларусі толькі адзін чалавек паводле Канстытуцыі мае права прапанаваць пасаду прэм'ер-міністра і ўнесьці кандыдатуру ў парлямэнт для зацьверджаньня. Я нікому нічога не прапаноўваў. Тым больш яму. Які досьвед у яго, каб быць прэм'ер-міністрам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрт расейскага Інстытуту Прымакова: Бабарыка і Цапкала — частка гульні, якая завершыцца захаваньнем пазыцый ЛукашэнкамЛукашэнка таксама пацьвердзіў намеры зьмяніць бліжэйшым часам склад ураду і прызначыць выканаўцу абавязкаў прэм’ера, а калі той «будзе добра працаваць», то «пасьля выбараў мы яго зацьвердзім».
«Магчыма, гэтаму чалавеку прапаноўвалі пасаду прэм'ер-міністра ў іншай краіне, — казаў Лукашэнка пра «банкіра». — Але я так прыкінуў, думаю: у адной нядаўна прызначылі Мішусьціна (такое прозьвішча мае прэм’ер-міністар Расеі. — РС). Там маглі яму прапанаваць.
Вы ведаеце, на чые грошы ён вылучаецца. Ва Ўкраіне Ўладзімір Зяленскі нядаўна наогул памяняў прэм'ер-міністра. Таму, па-мойму, гэта блеф. Такі дробны блеф і падман».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка заявіў, што хтосьці прапаноўваў яму пасаду прэм’ера за зьняцьце з выбараўЗаяву аб прапанове быць прэм’ерам Бабарыка зрабіў 26 траўня. На пытаньне пра тое, хто ж прапаноўваў зьняцца ў абмен на пасаду прэм’ера, Бабарыка адказаў, што ня стане гэтага камэнтаваць «бяз згоды іншых асобаў», бо гэта «проста некарэктна». У інтэрвію Tut.by 29 траўня іншы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты, тату-майстар і вакаліст мэтал-гурту Znich Алесь Таболіч казаў, што можа запрасіць Бабарыку на пасаду, зьвязаную з кіраваньнем эканомікай.
Адносна будучай працы Бабарыка казаў, што можа заняцца прадпрымальніцкай дзейнасьцю або вярнуцца ў Белгазпрамбанк, «калі паклічуць». У банку прызначылі выканаўцу абавязкаў старшыні праўленьня, але яшчэ ня новага старшыню.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабарыка: Мы сабралі 50 тысяч подпісаў за тры дніПрэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.