Пяць тысяч беларусаў падпісалі на сайце Petitions.by зварот за адстаўку міністра адукацыі Ігара Карпенкі, бо той, як сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, «ня справіўся з выклікамі, якія ўзьніклі пры пандэміі каранавірусу». На зварот адказалі адмовай.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пад пэтыцыяй з патрабаваньнем адстаўкі міністра адукацыі Беларусі падпісаліся 5 тысяч чалавекПэтыцыю выслалі 4 траўня, трохстаронкавы адказ 27 траўня выслаў начальнік галоўнага ўпраўленьня кадравай палітыкі Міністэрства адукацыі Ўладзімер Здановіч. Заявы з пэтыцыі ён лічыць неабгрунтаванымі.
Паводле яго, калі Міністэрства здароўя вызначыць новыя абмежавальныя захады, Міністэрства адукацыі наладзіць працу адпаведна ім.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар адукацыі не разумее, чаму вучняў, якія ня ходзяць на заняткі, хвалюе выпускныАкрамя таго, паводле Здановіча:
- у міністэрства не паступала рэкамэндацыяў аб увядзеньні карантыну ад Міністэрства здароўя;
- дыстанцыйнае навучаньне ў школах «не прадугледжана нарматыўнымі прававымі актамі»;
- школы пры неабходнасьці самі могуць арганізаваць самастойную працу вучняў з дапамогай інтэрнэт-сэрвісаў, настаўнікам за гэта рэкамэндавалі даплаціць;
- міністэрства пачала распрацоўваць адзіную адукацыйную плятформу;
- усе вучні па выніках году будуць атэставаныя, да кожнага будзе «індывідуальны падыход», атэстацыя праводзіцца пры наяўнасьці станоўчых адзнак ня менш як у адной чвэрці як сярэдняе арытмэтычнае «з улікам дынамікі»;
- упраўленьням адукацыі далі рэкамэндацыі аб захадах супраць распаўсюду каранавірусу, да навучаньня рэкамэндавалі не дапускаць вучняў з сымптомамі вострых рэсьпіраторных інфэкцыяў, абмежавалі масавыя мерапрыемствы з удзелам школьнікаў;
- расклад заняткаў зьмянілі, каб разьмежаваць транспартныя плыні, лекцыі перанесьлі ці замянілі на практычныя заняткі.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.