Апоўначы пятніцы Ўкраіна адкрыла 66 пунктаў пропуску на мяжы з краінамі Эўразьвязу і Малдовай, паведаміў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.
«Апублікавана рашэньне ўраду, згодна зь якім адкрываюцца 66 пунктаў пропуску, часова закрытымі працягваюць быць 56. Адміністрацыя Дзяржаўнай памежнай службы прапрацавала адпаведныя дакумэнты, накіравала іх у памежныя падразьдзяленьні, і з украінскага боку праца ўсіх гэтых пунктаў пропуску адновіцца», — сказаў Дземчанка «Інтэрфаксу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна дамовілася з МВФ аб праграме дапамогі на 5 млрд даляраў, Беларусь чакаеДзяржаўная памежная служба праінфармавала краіны Эўразьвязу і Малдову, каб тыя маглі плянаваць адкрыцьцё сваіх кантрольных пунктаў уезду-выезду. Паўнавартаснае перасячэньне дзяржаўнай мяжы з Украіны ў гэтых кірунках магчымае толькі ў тым выпадку, калі пункты пропуску будуць адкрытыя і з боку сумежнай краіны.
«Мы спадзяёмся, што сумежныя краіны ўлічылі гэтую інфармацыю, падкарэктуюць свае крокі. Мы не выключаем, што адначасова могуць не запрацаваць усе тыя 66 кірункаў, аднак спадзяёмся, што яны паступова будуць адкрывацца па меры адкрыцьця пунктаў пропуску сумежнымі краінамі», — падкрэсьліў Дземчанка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер толькі 5 пунктаў пропуску. Але і там пускаюць ня ўсіхРашэньне аб адкрыцьці ня тычыцца пунктаў пропуску на мяжы з Расеяй і Беларусьсю, яны, як і раней, застануцца закрытымі.
Мяжу зь Беларусьсю Ўкраіна закрыла ў ноч на 16 сакавіка — на 7 міжнародных пунктах пропуску быў спынены аўтамабільны і пешаходны рух. Аналягічныя абмежаваньні ўвялі на 5 міждзяржаўных і 6 мясцовых пунктах пропуску на мяжы зь Беларусьсю.
Праз гэтыя пункты на тэрыторыю Ўкраіны могуць трапіць толькі ўкраінскія грамадзяне, а таксама іншаземцы і грамадзяне Беларусі, якія маюць ва Ўкраіне від на часовае або сталае жыхарства, зьяўляюцца сужэнцамі або бацькамі грамадзян Украіны. Таксама прапускаюць акрэдытаваных супрацоўнікаў дыпляматычных і консульскіх устаноў, прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і іхныя сем’і. Астатнія могуць трапіць на ўкраінскую тэрыторыю толькі пры ўзгадненьні зь МЗС Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне фэрмэры выступілі супраць абмежаваньня ўвозу азотных угнаеньняў зь Беларусі і іншых краінРаней прэм’ер-міністар Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў, што пытаньне аб аднаўленьні паветраных перавозак і адкрыцьці аэрапортаў будзе разглядацца пасьля 15 чэрвеня, калі авіякампаніі краін-партнэраў пачнуць адкрываць свае межы.
Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19
- Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
- Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
- Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
- Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
- Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
- Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг.
Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус
Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ