Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп падпісаў 28 траўня ўказ аб кампаніях, якія кіруюць буйнымі сацыяльнымі сеткамі, і даручыў генэральнаму пракурору ўнесьці зьмены ў закон аб прыстойнасьці ў СМІ.
Дональд Трамп у чацьвер расказаў журналістам, што ён даручыў генэральнаму пракурору Ўільяму Бару прыступіць да працы з пракурорамі ўсіх штатаў для распрацоўкі заканадаўства, якое дазволіць уладам змагацца з «падманнымі», паводле Трампа, мэтадамі працы сацсетак, перадае «Голас Амэрыкі». Бар, які прысутнічаў на брыфінгу, сказаў, што адміністрацыя рыхтуе законапраект у дадатак да сёньняшняга ўказу.
Выступаючы перад журналістамі ў Белым доме, Трамп заявіў, што падпісаны ім указ закліканы пазбавіць сацыяльныя сеткі прававой абароны, якой яны карыстаюцца дзякуючы Закону аб прыстойнасьці ў СМІ. Цяпер гэты закон вызваляе сацсетку, за рэдкімі выключэньнямі, ад юрыдычнай адказнасьці за матэрыялы, якія публікуюцца карыстальнікамі. Трамп падкрэсьліў, што кампаніі, якім належаць сацсетка, па сутнасьці, зьяўляюцца манаполіямі.
Трамп некалькі разоў крытыкаваў мэтады працы кампаніі Twitter Inc, якая валодае папулярнай сацсеткай Twitter. На думку Трампа, у дзеяньнях кіраўніцтва кампаніі бачыцца відавочная перадузятасьць: у «Твітэры», сказаў Трамп, выбіраюць, якія менавіта запісы павінны зазнаваць цэнзуру або трапляць у чорныя сьпісы. Акрамя таго, па словах Трампа, тое, як кампанія адбірае твіты, якія забясьпечваюцца пазнакай з фактчэкінгам, ёсьць «недарэчным палітычным актывізмам».
Трамп дапусьціў, што яго ўказ могуць аспрэчыць у судах, аднак, на яго думку, адміністрацыя мае добрыя шанцы на перамогу ва ўсіх гэтых працэсах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп паабяцаў увесьці дзяржаўнае рэгуляваньне сацсетакРаней Трамп прыгразіў увесьці «жорсткія захады рэгуляваньня» да сацыяльных сетак. Ён сказаў, што, на думку рэспубліканцаў, «сацсеткі цалкам душаць кансэрватыўныя галасы». Ён таксама абвінаваціў сацсеткі ў няўдалых спробах заглушыць галасы кансэрватараў падчас выбараў 2016 году.
«Мы ня можам дапусьціць, каб гэта здарылася зноў і ў яшчэ больш удасканаленым выглядзе», — напісаў Трамп у Twitter.
У аўторак Twitter вырашыў дадаць да некаторых твітаў Дональда Трампа папярэджаньні аб праверцы фактаў, якія зьмяшчаюцца ў пастах кіраўніка дзяржавы. Гаворка ў тых твітах ішла аб стаўленьні прэзыдэнта ЗША да галасаваньня праз пошту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Twitter папярэдзіў пра недакладнасьці ў паведамленьнях Трампа