«Ратуе любоў». Гісторык Захар Шыбека пра навуку і догляд дзяцей падчас карантыну ў Ізраілі

Захар Шыбека

Беларускі гісторык Захар Шыбека ўжо восем гадоў жыве ў Ізраілі. Жорсткі карантын у краіне замкнуў яго ў сьценах кватэры, аднак ён не спыняў навуковых заняткаў, адначасна даглядаючы дзяцей, пакуль жонка Дар’я на працы. Каранавірусны крызіс прымусіў гісторыка задумацца пра любоў як аснову захаваньня сусьвету і пра трывожныя пэрспэктывы гуманітарных навук у «сьвеце пасьля каранавірусу».

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Сьцісла:

  • Калі ва ўмовах ізаляцыі няма магчымасьці фізычна нагрузіць арганізм, найлепшы сродак — абмежаваньне ў ежы, сьціплае харчаваньне. Не аб’ядацца.
  • Ратуе любоў — у самым шырокім сэнсе: любіць сваю жонку, любіць дзяцей, любіць свой горад, краіну, шкадаваць і спачуваць людзям.
  • Трэба паважаць прастору вакол кожнага чалавека. Гэта можна трактаваць і ў больш шырокім сэнсе — як прастору думак, эмоцыяў.
  • Я вельмі непакоюся, што цяперашняя сытуацыя балюча адаб’ецца на гуманітарных навуках. Навуковыя інвэстыцыі будуць у першую чаргу ў мэдыцыну, эпідэміялёгію, эканоміку, а гуманістыка застанецца збоку.

— Як вы сябе адчуваеце? Ці закранула пандэмія вас, вашу сям’ю, блізкіх, знаёмых?

— Мы ўсе здаровыя. У Ізраілі ў мяне мала знаёмых і радня невялікая, таму тут у нас усё ў норме, а ў Беларусі сярод сваякоў ёсьць хворыя на каранавірус.

Старэйшы Мацейка і малодшы Сымонка — браты-канкурэнты за ўвагу таты

— У Ізраілі, як і ў шмат якіх іншых краінах сьвету, быў уведзены даволі жорсткі карантын. Як гэта паўплывала на ваш лад жыцьця?

— Ведаеце, для мяне «карантын» пачаўся яшчэ ў канцы 2016 году, калі я выйшаў на пэнсію. Мне выхад на пэнсію нагадвае і цяперашнюю сытуацыю — ты таксама апынаесься ў ізаляцыі. Бо калі ты творчы чалавек і ходзіш на працу — там працоўная абстаноўка, мабілізацыя творчых намаганьняў, дысцыпліна. А пасьля ўсё гэта абвальваецца і ты застаесься дома сам са сваімі думкамі. Калі ты творчы чалавек, гэтыя творчыя думкі ўвесь час не пакідаюць цябе, ты ўвесь час нібыта на працы, дом ператвараецца ў месца працы.

Раней: скончыў працу — і ты вольны, можаш дазволіць сабе нейкія рэчы, не зьвязаныя з творчасьцю, а калі творчы чалавек замыкаецца ў сьценах, то гэта вельмі вялікая нагрузка на розум, на галаву. Калі не арганізаваць сваё жыцьцё, то ў такім стане можна падарваць здароўе. Я, праўда, больш-менш навёў у гэтым парадак — адпачываў зь сям’ёй, езьдзіў за мяжу, займаўся актыўна фізкультурай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Захар Шыбека: Ад сваіх 30 гадоў я кожны дзень стаю на галаве

— Выходзіць, для вас новая сытуацыя не азначала нейкай радыкальнай зьмены?

Зьмена адчулася. Гэты карантын — ужо не «пэнсіянэрскі», а сапраўдны, зьвязаны з каранавірусам, — разбурыў тую арганізаванасьць, тую сыстэму жыцьцядзейнасьці на пэнсіі, якую я сабе стварыў. І гэтае ўскладненьне ў жыцьці я адчуў. Такі хуткі перапад вельмі ўплывае і на маральны, і на фізычны стан. Каранавірус нас у Ізраілі нібы пасадзіў у турму — нельга было адысьці ад дома больш як на 100 мэтраў, можна было наведваць толькі крамы, аптэкі і паліклінікі, усе паўсюль хадзілі ў масках.

Дык вось, гэтая мая сыстэма разбурылася, і было вельмі складана прыстасавацца да новай сытуацыі. Але я быў у нейкай ступені да яе падрыхтаваны — бо я ўжо некалькі гадоў жыў у «карантыне» па старасьці і ўспрыняў гэты новы каранавірусны карантын з разуменьнем. З аднаго боку, для творцы самаізаляцыя часам бывае каштоўнай, бо без самаізаляцыі няма творчых прарываў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекар расказвае, як Ізраіль перажывае пандэмію каранавірусу

— Ці вы за гэтыя месяцы не баяліся захварэць? Ці прыслухоўваліся да свайго арганізму, мералі тэмпэратуру?

— Самы надзейны сродак перажыць карантын — пазбавіцца ад страху. Я быў упэўнены, што ў мяне дастаткова сіл і што нават калі я захварэю, то адолею гэтую хваробу. Але я ў прынцыпе выключыў усе рызыкі захварэць — дзякуючы сваёй жонцы Дар’і я атрымаў магчымасьць месяц-паўтара сядзець дома, нават у краму не хадзіў, яна ўсё ўзяла на сябе. Страху не было яшчэ й таму, што Дар’я — мэдыкк, яна заўсёды давала патрэбную інфармацыю.

Мама заступіла на другую зьмену. Наперадзе — творчасьць

— Ваша Дар’я — мэдычны работнік. Як ёй працавалася ў гэтыя месяцы? Мы ведаем, што мэдыкі ўвесь гэты час нясуць галоўны цяжар у змаганьні з пандэміяй.

— Мэдыкі ў Ізраілі добра абароненыя. Своечасова былі раздадзеныя маскі, іншыя сродкі засьцярогі, дадзены неабходны інструктаж. Сьмерць мэдычных работнікаў тут была выключнай зьявай, такіх ахвяраў, як у іншых краінах, не было. Дар’і пашанцавала, што яна працуе ў паліклініцы ў кабінэце акуліста, рэжым працы быў абмежаваны, людзі самі баяліся хадзіць на прыём. Таму яна перажыла гэты цяжкі для мэдыкаў час даволі лёгка. Яна ставілася да сытуацыі вельмі адказна, хадзіла ў масцы — яна і цяпер ходзіць у масцы.

Так што цяпер можна жыць шчасьліва, але захоўваць асьцярожнасьць. Думаю, гэта добрая камбінацыя для людзей пасьля пандэміі каранавірусу.

— Ці паўплывала пандэмія і карантын на вашы побытавыя звычкі? На ваша мэню?

— Па-першае, я адмовіўся ад алькаголю. Раней я часта ўключаў у сваё мэню чырвонае віно. Але я на сваім досьведзе заўважыў, што ў такой сытуацыі алькаголь аслабляе імунную сыстэму, а галоўнае — парушае сон. Асабліва шкодна піць у другой палове дня, бо ў выніку гэтага чалавек недасыпае. А ва ўмовах каранавірусу гэта небясьпечна для здароўя. Ня ведаю, наколькі мяне хопіць, але спадзяюся, што я наагул магу абысьціся без алькаголю — з 30 да 50 гадоў я наагул ні кроплі ў рот ня браў!

Тата за 100 мэтраў ад дома

Яшчэ, калі чалавек абмежаваны ў рухах, лепш есьці больш гародніны і садавіны, кісламалочных прадуктаў, кашы. Увогуле, калі ва ўмовах ізаляцыі няма магчымасьці фізычна нагрузіць арганізм, найлепшы сродак — абмежаваньне ў ежы, сьціплае харчаваньне. Не аб’ядацца. Гэта самы даступны мэтад для ўсіх.

— У вас двое малых дзяцей. Дзіцячыя ўстановы былі закрытыя. Як вы спраўляліся з сытуацыяй?

— Калі было ўведзена надзвычайнае становішча, усё пазачынялі, апрача прадуктовых крамаў і аптэк. Закрылі садкі, дзіцячыя пляцоўкі. Дзеці засталіся дома, і ўвесь клопат лёг на бацькоў. Некаторыя бралі адпачынак за свой кошт, некаторыя — нават скідваліся некалькі сем’яў — наймалі нянек, у іншых дапамагалі бабулі і дзядулі.

Трэба сказаць, што шмат людзей страцілі працу — дык яны і сядзелі самі дома зь дзецьмі. Што тычыцца мяне, то даводзіцца спалучаць навуковую працу ў хатніх умовах з функцыяй нянькі, я быў другой мамай: Дар’я —на працу, а я зь дзецьмі. Гэта таксама была вельмі цяжкая дадатковая нагрузка. Добра, што жонка працуе на палову стаўкі, я атрымліваю нядрэнную дапамогу па старасьці, плюс яшчэ дапамога на дзяцей — і так мы перажылі гэты жорсткі карантын без істотных эканамічных стратаў.

Праўда, у псыхалягічным пляне і мне, і Дар’і было цяжка, я часам адчуваў дэпрэсіўныя настроі, аднастайнасьць жыцьця выклікала пасіўнасьць. Я супрацьстаяў гэтаму не таблеткамі, а фізычнай нагрузкай.

Кінэтычны пясок стварае невялікую паўзу для бацькоў

Мы з Дар’яй і дзецьмі сьпявалі песьні, разыгрывалі сцэнкі: прачытаем казку, паглядзім мульцік — і потым гуляем у гэтых пэрсанажаў. Такая забава зь дзецьмі, фізычныя нагрузкі і нейкія эмацыйныя моманты — усё гэта таксама было важна.

— Эмацыйныя моманты ў карантыне не заўсёды бываюць пазытыўныя...

— Нагадаю клясычны выраз «Сьвет уратуе любоў». Ва ўмовах карантыну людзей ратуе, калі яны практыкуюць любоў — у самым шырокім сэнсе: любіць сваю жонку, любіць дзяцей, любіць свой горад, краіну, шкадаваць і спачуваць людзям. Каранавірус абудзіў у людзях разуменьне важнасьці ўзаемадапамогі. Людзі нібыта прачнуліся, яны раней былі задужа засяроджаныя на сабе, на сваіх праблемах, а цяпер яны зразумелі, што для жыцьця гэтага недастаткова.

Пройдзе гэты каранавірус, можа будзе наступная пандэмія — галоўнае, каб ня толькі ў тваёй сям’і было добра, а і ў тваёй краіне. Каб улады ў надзвычайнай сытуацыі маглі прыняць адэкватныя меры, каб добрымі былі і міжнародныя адносіны. Вось як я разумею любоў.

Мама за 100 мэтраў ад хаты

— Ці ў выніку пандэміі і карантыну вы нешта для сябе асэнсавалі ці пераасэнсавалі?

— Ізраіль ужо амаль выйшаў з карантыну, і ў мяне ўжо зьявіліся пэўныя думкі, заснаваныя на практыцы, — як творчаму чалавеку арганізаваць сваё жыцьцё пасьля каранавірусу. Заўсёды трэба ўключаць у сваю жыцьцё фізычную падрыхтоўку — гэта абавязкова. Найперш бег. Калі не было магчымасьці выходзіць на вуліцу, я бегаў дома. У мяне даволі прасторная кватэра, і я бегаў па паўгадзіны на сваім дыване па складанай траекторыі — і гэта мне вельмі дапамагала трымаць добрую фізычную форму.

І яшчэ да якой высновы я прыйшоў: навукоўцы павінны пазьбягаць дыстанцыйнай працы. Калі ты працуеш з дому, гэта «прыхаваны карантын» — калі ў цябе няма штодзённай дарогі на працу, няма працоўнага месца. Страчваецца самаарганізаванасьць, бо дома і халадзільнік, і ложак побач — ты ня можаш так арганізаваць працу, як на нармальным працоўным месцы. А цяпер у сувязі з крызісам многія фірмы, многія ўстановы якраз абавязкова ўхопяцца за гэтую дыстанцыйную працу і пасадзяць людзей на гэты «прыхаваны карантын», каб зэканоміць на арэндзе памяшканьняў, і ў пэрспэктыве гэтая форма будзе пашырацца.

Папярэджваю сваіх калегаў — для навукоўцаў гэта вельмі цяжкая і складаная форма працы. І — калі ўжо працаваць дыстанцыйна — то лепш працаваць недзе па-за домам, напрыклад у бібліятэцы, архіве. Бо празьмерная ізаляцыя дома не спрыяе творчасьці. Дарэчы, у нас у Ізраілі людзі часта працуюць у кавярнях: прыходзяць, бяруць каву і сядзяць там амаль цэлы дзень.

Тата — парушальнік карантыну: ад хаты да мора 1,5 км

— Кажуць, што сьвет «пасьля каранавірусу» ўжо ня будзе такім, як да яго. Ці адчуваеце вы нейкія зьмены?

— Так. Напрыклад, для мяне стала зразумелым, што цяпер трэба больш паважаць дыстанцыю паміж людзьмі — проста фізычную. Скажам, у Штатах даўно было правіла — не набліжацца бліжэй за паўмэтра, а цяпер увялі два мэтры... Ва ўсялякім разе я зразумеў, што цесната ўжо не пасуе да нашага жыцьця, трэба паважаць прастору вакол кожнага чалавека. Гэта можна трактаваць і ў больш шырокім сэнсе — як прастору думак, эмоцыяў. І яшчэ я зразумеў важнасьць сям’і ў жыцьці чалавека і творцы. Творца безь сям’і — гэта нейкая паталёгія. Сям’я — гэта тое асяродзьдзе, дзе чалавек адчувае сябе найбольш камфортна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як алькаголь уваходзіў у жыцьцё беларусаў. Гутарка з прафэсарам Захарам Шыбекам

— А ў які бок зьменіцца сьвет? У лепшы ці ў горшы?

— Ня буду рабіць прагнозаў. Але ёсьць рэчы, якія выклікаюць трывогу. Напрыклад, каранавірус у пэўнай ступені падарваў маю веру ў запатрабаванасьць маіх ведаў. Я вельмі непакоюся, што цяперашняя сытуацыя балюча адаб’ецца на гуманітарных навуках. Цяпер навуковыя інвэстыцыі будуць у першую чаргу ў мэдыцыну, эпідэміялёгію, эканоміку, а гуманістыка застанецца збоку. Як той патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Бабарыка кажа: спачатку эканоміка, а пасьля ўсё астатняе...

Нельга стрымліваць гуманістыку на карысьць нейкіх прагматычных, тэхнічных навук! Гэта вельмі небясьпечна для чалавецтва, бо будзе адбывацца дэгуманізацыя навукі, што нанясе шкоду грамадзтву.