2 рублі ў Дзьмітрыева і 155 000 — у Бабарыкі. Колькі на рахунках прэтэндэнтаў на найвышэйшую пасаду

Каманда Андрэя Дзьмітрыева

Цэнтравыбаркам апублікаваў зьвесткі пра паступленьні на выбарчыя рахункі ўдзельнікаў прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі.

Згодна з заканадаўствам, прэтэндэнты могуць адкрыць спэцыяльныя рахункі, зь якіх фінансуецца дзейнасьць у рамках перадвыбарнай кампаніі. Памер фонду ня можа перавышаць 9 тысяч базавых велічынь, гэта значыць 243 тысяч рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шэсьць патэнцыйных кандыдатаў на прэзыдэнта адкрылі выбарчыя рахункі

На гэты момант больш за ўсё сродкаў паступіла на рахунак Віктара Бабарыкі — амаль 155 000 рублёў, зь іх ужо патрачана больш за 23 000. На рахунку Валерыя Цапкалы каля 30 000 рублёў (патрачана 1285). У Ганны Канапацкай — 3 000 рублёў (выдаткавана 2 400). Андрэю Дзьмітрыеву паступілі 2 рублі, астатнім удзельнікам кампаніі — нічога.

Прэтэндэнтам у кандыдаты на выбарах-2020 дазволена адкрываць рахункі цягам усёй кампаніі, рэквізыты апублікаваныя на сайце ЦВК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Будуць і маскі, і пальчаткі». Як вылучэнцы ў прэзыдэнты будуць зьбіраць подпісы ва ўмовах пандэміі

Фізычныя асобы маюць права ахвяраваць ня больш за 20 базавых велічынь (540 рублёў), юрыдычныя — ня больш за 50 базавых велічынь (1350). Таксама ўдзельнікі кампаніі могуць сфармаваць фонд за кошт уласных сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ініцыятыўнай групе прэтэндэнткі Кісель паабяцалі 1 эўра за сабраны подпіс. Ці законна гэта?

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.