Ганконг больш не карыстаецца аўтаноміяй у адносінах да ўладаў КНР, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо.
«Сёньня я паведаміў у Кангрэс, што Ганконг больш не карыстаецца аўтаноміяй у дачыненьні да Кітаю, калі ўлічваць факты зь месца падзеяў. ЗША — разам з народам Ганконгу», — напісаў ён у Twitter.
У заяве дзяржсакратара, разьмешчанай на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША, удакладняецца, што Ганконг ня можа надалей разьлічваць на ранейшы асаблівы падыход ЗША да гэтага рэгіёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады КНР заявілі пра «рост тэрарызму» ў Ганконгу. ВІДЭАПампэо ўказаў на намер Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў прыняць у аднабаковым парадку законапраект аб бясьпецы Ганконгу.
«Разбуральнае рашэньне Пэкіну — толькі адзін з крокаў у сэрыі захадаў, якія падрываюць аўтаномію і свабоды Ганконгу і ўласныя абяцаньні Кітаю адносна народу Ганконгу, прадугледжаныя кітайска-брытанскай дэклярацыяй па пытаньні перадачы Ганконгу — міжнароднай дамовай, заверанай ААН», — адзначыў Пампэо.
На мінулым тыдні ўлады Кітаю заявілі пра намер прыняць законапраект, які стварае «мэханізм правапрымяненьня дзеля гарантаваньня нацыянальнай бясьпекі» ў Ганконгу.
Гэта выклікала новую хвалю пратэставых акцый у Ганконгу, якія спыніліся ў канцы мінулага году пасьля пачатку распаўсюду каранавірусу. Гарадзкая паліцыя заявіла, што ў нядзелю арыштавала больш за 180 удзельнікаў несанкцыянаваных шэсьцяў і мітынгаў, ужыўшы для іх разгону спэцсродкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Ганконгу ўспыхнулі пратэсты супраць уладаў КітаюНапярэдадні прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон ужо да канца гэтага тыдня можа прыняць новыя меры ў дачыненьні да Кітаю ў сувязі з новымі крокамі Пэкіну адносна праўнага статусу Ганконгу.