«Ад 29 красавіка я на 6 месяцаў зьмешчаны ў „крытку“, таму магу свабодна і стабільна перапісвацца», — паведаміў у чарговым лісьце праваабаронцу Леаніду Сьвеціку палітвязень Міхаіл Жамчужны, які знаходзіцца ў горацкай калёніі, піша «Віцебская вясна».
«Крыткай» там называюць памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) — камэру з больш строгім рэжымам утрыманьня, куды вязьняў пераводзяць у якасьці пакараньня за «злосныя парушэньні вызначанага парадку адбыцьця пакараньня ў папраўчых калёніях».
Як адзначае праваабаронца Леанід Сьвецік, за апошнія 2 месяцы з 5 лістоў, якія Жамчужны даслаў на ягоны адрас, дайшлі толькі 2.
«У гэтым прамое парушэньне правоў зьняволенага, бо разбураюцца ягоныя чалавечыя сувязі, а гэта можа мець адмоўныя наступствы для сацыялізацыі па заканчэньні тэрміну адбыцьця пакараньня», — лічыць праваабаронца.
Сярод іншых лістоў, паводле Жамчужнага, зьніклі 3 артыкулы, якія ён накіраваў для публікацыі ў «Народнай волі» і ў якіх выказваў падтрымку патэнцыйнай кандыдатцы ў прэзыдэнты ад групы Статкевіча Вользе Мікалайчык.
Міхаіл Жамчужны таксама піша, што адчувае сябе добра і ня мае скаргаў на стан здароўя. Сьцьвярджае, што ня мае праблем і з побытам, але мае— з капіяваньнем дакумэнтаў:
«Трэба да заканчэньня выбараў пасьпець апратэставаць прысуды, але кімсьці дакумэнтаабарот з адвакатамі тармозіцца».
І ў ПКТ палітвязень не перастае абараняць свае правы.
«Цяпер разглядаюцца на ўзроўні Генпракуратуры і Вярхоўнага Суду парушэньні законнасьці, якія дапусьцілі тры судзьдзі суду Горацкага раёну. За гэта мне ад 24 да 29 красавіка вынесьлі 4 папярэджаньні за парушэньне рэжыму, якія я ўжо пасьпеў апратэставаць. У выніку па іх былі 2 размовы, пазбаўленьне кароткатэрміновага спатканьня (з кім?) і на 6 месяцаў мяне зьмясьцілі ў ПКТ», — расказаў Жамчужны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьня Жамчужнага перавялі з калёніі ў СІЗА. СК: Гэта не зьвязана зь ягоным прысудам
Міхаіл Жамчужны — грамадзкі актывіст, асуджаны 11 ліпеня 2015 году судом Віцебскай вобласьці да 6,5 года пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ва ўмовах строгага рэжыму і пазбаўленьня права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распараджальных абавязкаў тэрмінам на 2 гады і 8 месяцаў.
Сам Міхаіл Жамчужны за час зняволеньня налічыў 77 накладзеных на яго спагнаньняў, прычым 71 вынесьлі менавіта ў Горацкай папраўчай калёніі № 9.