Алімпійская прызэрка з Хойнікаў заявіла, што ёй не патрэбна беларуская мова 

Маргарыта Махнева на подыюме ў Рыё, 2016 год

Чэмпіёнка сьвету і Эўропы, алімпійская прызэрка ў веславаньні Маргарыта Махнева ў інтэрвію газэце «Прессбол» расказала пра стаўленьне да беларускай мовы.

«Я ня ведаю беларускай мовы і не разумею яе. Успамінаю папярэднія выбары, як адна жанчына казала, што ў нас усё будзе па-беларуску. І я думаю: ну як жа так, калі ўвесь народ размаўляе па-расейску? Вакол мяне ўсё размаўлялі на расейскай. Я вучыла [беларускую], але не разумела», — заявіла спартоўка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аліна Талай: Кожны адукаваны чалавек павінен ведаць родную мову

Яна таксама ня верыць, што беларуская мова спатрэбіцца і яе сыну Марсэлю.

«Вядома, у школе Марсэль будзе яе вывучаць. Пытаньне ў іншым: ці ёсьць у гэтым неабходнасьць? Мы ўсе гаворым на расейскай, і не зусім зразумела, навошта павінны ведаць яшчэ і беларускую? Каму яна патрэбна? Напэўна, мяне ня красіць, калі я, беларуска, так кажу пра родную мову. Я гэтым не ганаруся, але ня бачу нічога дрэннага ў тым, што яе ня ведаю. І што, стану больш шчасьлівай, калі пачну на ёй размаўляць?»

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзесяціборац Краўчанка: Родная мова — галоўная рыса нашай адметнасьці

Маргарыта Махнева выказала перакананьне, што эканоміка краіны ня стане лепшай, калі ўсе пачнуць гаварыць па-беларуску. Трэба даць чалавеку выбар, падсумавала яна.