У красавіку 2020 году з вымушанай няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся каля 71 тысячы работнікаў, у траўні гэтая лічба вырасла да 83 тысяч, сказала Onliner намесьніца старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Алена Манкевіч.
Для параўнаньня, за ўвесь 2019 год зь няпоўнай занятасьцю сутыкнуліся 71 тысяча работнікаў.
У першыя два тыдні траўня
- у сацыяльныя адпачынкі адправілі 16 тысяч работнікаў,
- ва ўмовах няпоўнай занятасьці працавалі крыху больш за 23 тысячы чалавек,
- на прастоі ад 1 да 10 дзён знаходзіліся амаль 44 тысячы работнікаў.
Большасьць выпадкаў няпоўнай занятасьці прыпалі на пэрыяд з 4 па 8 траўня.
У красавіку
- 29 тысяч работнікаў не працавалі ад 1 да 10 дзён,
- 28 тысяч чалавек былі ў вымушаных адпачынках без захаваньня або з частковым захаваньнем заробкаў,
- каля 14 тысяч чалавек працавалі ў рэжыме няпоўнай занятасьці.
Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўключае ў сябе больш за 4 мільёны работнікаў па ўсёй Беларусі. Агулам у беларускай эканоміцы ў сакавіку 2020 году былі занятыя 4 млн 337,9 тысячы чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За год колькасьць занятых у эканоміцы зьнізілася на 2,4 тысячы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць вакансій у Беларусі з пачатку 2020 году скарацілася на 14% у сувязі з каранавірусам