У менскай «Кальяннай нумар адзін» адкрыўся пункт збору подпісаў за Віктара Бабарыку. У кожнага часу ёсьць свае візуальныя прыкметы. Думаю, што модная кавярня ў цэнтры Менску можа цалкам стацца адным з сымбаляў сёлетняга выбарчага шоў.
Ведаю, што многія ўпэўненыя: шанцаў «перамагчы цмока» (то бок абраць новага прэзыдэнта) вельмі мала. Тым ня менш на публіку выйшлі новыя людзі, якія рызыкуюць ня толькі свабодай і здароўем, але і сваімі бізнэсамі. Уладальнік «Кальяннай» Іван Мураўёў піша ў сваім фэйсбуку:
«Упершыню за маё сьвядомае жыцьцё кандыдат на „пасаду № 1 у краіне“ выцягнуў з „палітычнай абыякавасьці“ вялікую колькасьць разумных, прыгожых і актыўных людзей, якія стваралі сваё жыцьцё, будавалі свой бізнэс і рабілі жыцьцё блізкіх ім людзей лепшым, паводле прынцыпу: „Не чапайце мяне і рабіце ўсё што хочаце“».
Магчыма, гэтыя людзі будучага сярэдняга клясу Беларусі — той элемэнт, якога не хапала, каб пазл грамадзкай актыўнасьці ў Беларусі склаўся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стылістыка Бабарыкі — гэта жанр маленькага мяккага цуду, а Лукашэнку будуць як мага менш паказваць, — экспэртКалі спрошчана, то пратэставая актыўнасьць беларусаў у найноўшай гісторыі выглядала так. Другая палова 1990-х — інтэлігенцыя, студэнты і зрэдзьчас рабочыя, але самі па сабе. Пачатак «нулявых» — прафэсійныя грамадзкія актывісты і дробныя прадпрымальнікі, якія таксама, як і рабочыя, дзейнічалі аўтаномна. Плошча-2010 і наступны разгром недзяржаўнага сэктару. Здавалася, грамадзкая актыўнасьць пахаваная на доўгія гады, але ўжо вясной 2011-га на цэнтральныя вуліцы Менску і некаторых іншых гарадоў выходзяць удзельнікі маўклівых акцый пратэсту. У сацсетках заклікаюць «афіцыйную апазыцыю» дыстанцыявацца. Зноў «мы самі па сабе». Мінае крыху часу, і самі па сабе выходзяць на акцыі «дармаедаў» прадстаўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. І вось нарэшце да палітычных працэсаў далучаюцца наведнікі нятаннай «Кальяннай нумар адзін». Гэта галоўная адметнасьць палітычнага сэзону — 2020.
Сацыёляг Тацяна Вадалажская заўважае новых людзей у перадвыбарчых дзеях: «Гэта на сёньня самы актыўны, самастойны, патэнцыяльны слой беларускага грамадзтва. Гэта людзі, якія маюць свой малы ці сярэдні бізнэс. Яны актыўныя, ініцыятыўныя, здольныя да пошуку рашэньняў, яны маюць сваю справу і робяць яе тут. Фактычна — гэта тыя, хто сёньня задае разьвіцьцё краіны».
Але ў канцы свайго допісу спадарыня Вадалажская прагназуе, што названая новая катэгорыя ўдзельнікаў грамадзкіх працэсаў у выніку расчаруецца і зьнікне з краіны ці, прынамсі, з грамадзкага поля: «Пакуль я больш за ўсё маю засьцярогі ў тым, што гэтая кампанія „ўнясе“ з сабой яшчэ і цэлы пласт тых, хто робіць сёньняшнюю і заўтрашнюю Беларусь».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніхто зь іх ня мае ў камандзе прафэсійных паліттэхнолягаў». Карбалевіч пра першыя высновы з кампанііЯк і Тацяна Вадалажская, я схільны да думкі, што лічбы галасоў ужо даўно сфармуляваныя. Але...
Але яшчэ адна адметнасьць грамадзка-палітычнага сэзону — 2020 у тым, што абнавілася генэрацыя выбарцаў. Пад генэрацыяй прынята лічыць крок у дваццаць пяць гадоў. Усё, да чаго апэляваў калісьці Лукашэнка, на новых людзей ня ўзьдзейнічае. Развал СССР, «запушчаныя» заводы, «жахлівы Захад» — усё гэта можна здаваць у архіў ідэолягаў «часоў працьвітаньня». А нават і старыя прыхільнікі Лукашэнкі значна зьменшыліся колькасна — «працьвітаньне» мільганула на даляглядзе і зьнікла. Плюс новы — магутны — эканамічны крызіс прадказваюць з усіх бакоў.
Каранавірус — асобная важная адметнасьць сёлетняга палітычнага шоў. Чым больш людзей засмоктвае вір трагедыі, тым менш ляяльнымі яны робяцца да ўлады, якая кажа ім, што «нічога страшнага не адбываецца». Словы высокага начальства разыходзяцца з рэальнасьцю. Да таго ж адданыя прыхільнікі Лукашэнкі па ўзросьце бліжэй да групы рызыкі. Наўрад ці Лукашэнка ўбачыць звыклы «карнавал» на выбарчых участках, дзе грамадзяне зьдзяйсьняюць рытуал адданасьці «правадыру».
Адначасова з «партыяй кальянных» раскручваецца імя гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які зьбірае натоўпы па ўсёй краіне. Гэта той самы «просты народ» галасуе «супраць». Супраць Лукашэнкі як такога.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пікет Ціханоўскага і Статкевіча на Камароўцы. ВІДЭАЯшчэ адна адметнасьць — сынхранізацыя двух бакоў грамадзтва, якія ў рэальным жыцьці рэдка перакрыжоўваюцца. Груба кажучы, «пралетары» і «буржуа» адначасова за перамены. Не па чарзе, як раней, а адначасова. Але пакуль ня разам.
Усё вышэй пералічанае азначае, што хоць лічбы і будуць намаляваныя, але грамадзтва само па сабе зьмянілася. Адыходзіць ад падзеленасьці на атамы, калі кожны быў як у гульні бяз правілаў — толькі сам за сябе.
Ужо ня раз гучалі вэрсіі, што ў выніку падзеяў 2020 году можа паўстаць кантраляваная ўладамі партыя ці рух. Каб у будучыні зьмяніць выбарчае права пад партыйны прынцып, бо партыі кантраляваць прасьцей. Альбо што прасоўваньне партыйнасьці — гэта такі ход канём беларускіх уладных элітаў, якія стаміліся ад Лукашэнкавага адзінаўладзьдзя.
Самая важная адметнасьць палітычнага сэзону — 2020: зьявілася шмат варыянтаў таго, што будзе пасьля «выбараў». У кожным разе ўжо бачна, што грамадзтва ня будзе ранейшым.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.