На нарадзе 25 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах у 2020 годзе ўжо сабралі «пад 200 тысяч» подпісаў зь неабходных 100 тысяч.
На гэтым, дадаў Лукашэнка, «спыняцца ня трэба», але «ні ў якім разе» нельга ціснуць на людзей. Збор подпісаў ідзе да 19 чэрвеня ўключна.
З улікам таго, што подпісы можна было зьбіраць ад 21 траўня, выходзіць, што «пад 200 тысяч» подпісаў сабралі за чатыры дні. У ініцыятыўнай групе Лукашэнкі, як сьцьвярджаецца, запісана каля 11 тысяч чалавек — гэта значыць, аднаму зьбіральніку подпісаў трэба было сабраць каля 4 подпісаў за дзень.
Лукашэнка на нарадзе заявіў, што выбары — гэта «экзамэн», які «здаюць народу», таму трэба «годна правесьці гэты фінішны этап гэтай пяцігодкі», «каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашыя прапановы з прапановамі альтэрнатыўных кандыдатаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 22 абяцаньні ў праграме разьвіцьця Беларусі на «пятую пяцігодку»Таксама Лукашэнка сказаў «аналізаваць» і дакладаць яму, пра што людзі просяць, калі ставяць за яго подпіс, але забараніў зьвяртаць увагу на акцыі пратэсту:
«Галоўны мой іспыт — гэта кіраваць краінай, і каб людзі бачылі, што ёсьць прэзыдэнт у краіне. Нельга нам адцягвацца на мітынгі і рознага кшталту заявы — гвалт нейкі. У нас няма часу на гэта», — заявіў ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На пікеце каля Камароўкі ў Менску за Ціханоўскую сабралі каля трох тысяч подпісаўЗа месяц да прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка паабяцаў назваць новы склад ураду.
Лукашэнка заявіў, што цяпер — «самыя цяжкія часы за ўвесь прэзыдэнцкі пэрыяд, адны з самых цяжкіх, гэта дакладна». Ён дадаў, што былі часы, калі «хлеба не было і наогул карміць народ не было чым», згадаў 1994 год, калі нібыта «на тры дні ў Менску заставалася мукі, каб хлеб сьпячы». Цяпер жа часы цяжкія не праз каранавірус, а «таму, што з усіх бакоў у гэтай сытуацыі аказваўся наймацнейшы ціск».
«Вы ведаеце, праз пэўныя абставіны і той шлях, які мы выбралі пры лячэньні, мы апынуліся адзінымі ў сьвеце з такім шляхам і з пэўнымі вынікамі, — разважаў Лукашэнка. — Што ня можа ў кагосьці не выклікаць сумневаў і пытаньняў: ну ня можа быць, каб беларусы вось так вось у адзіночку змаглі прайсьці гэты этап. Я не кажу, што ён скончыўся. Я наогул забабонным стаў за гэтыя месяцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што азначае «плято» пандэміі ад Міністэрства аховы здароўя?Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.