Нягледзячы на гандлёвыя перашкоды, Украіна лічыць рынак Беларусі для сваёй прадукцыі прыярытэтным.
Міжведамасная камісія Ўкраіны ў пытаньнях міжнароднага гандлю абмежавала пастаўкі беларускіх запалак на ўкраінскі рынак антыдэмпінгавым мытам у памеры 21,32 %.
Антыдэмпінгавае расьсьледаваньне праводзілася зь ліпеня 2019 году паводле скаргі Ўкраінскай запалкавай фабрыкі на беларускую і расейскую прадукцыю. На пастаўкі расейскіх запалак уведзена большае мыта — у памеры 45,79 %.
Паводле міжведамаснай камісіі, увоз запалак ва Ўкраіну зь Беларусі і Расеі ажыцьцяўляўся ў такой ступені і на такіх умовах, што можа прычыніць шкоду ўкраінскаму вытворцу. Паводле Ўкраінскай запалкавай фабрыкі, беларускія і расейскія пастаўкі ажыцьцяўляліся па дэмпінгавых цэнах.
Што ўжо знаходзіцца пад украінскім антыдэмпінгам
Сёлета з 26 сакавіка набыло моц рашэньне Ўкраіны аб увядзеньні антыдэмпінгавага мыта на пастаўкі зь Беларусі будаўнічых блёкаў зь цеплаізаляцыйнага бэтону ў памеры 34,19% ад мытнай вартасьці прадукцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна на пяць гадоў абмежавала пастаўкі газабэтонных блёкаў зь Беларусі. За дэмпінг1 лютага 2019 году міжведамасная камісія міжнароднага гандлю канчаткова ўвяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі Берасьцейскага электралямпавага заводу на пяць гадоў (да 2 сакавіка 2023 году).
У траўні 2019 году Ўкраіна на пяць гадоў абмежавала мытам у 57,03% пастаўкі цэмэнтных клінкераў і портлэндцэмэнту зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўводзіць забароннае мыта на імпарт цэмэнту з Расеі, Беларусі і МалдовыКампрамісным стала рашэньне міжведамаснай камісіі наконт паставак ва Ўкраіну прадукцыі «Мазырсолі» — кампанія ня будзе выплачваць антыдэмпінгавага збору, але будзе прытрымлівацца пэўных цэнавых абавязаньняў.
З 1 верасьня 2018 году на тры гады Ўкраіна ў «інтарэсах нацыянальных вытворцаў» абмежавала пастаўкі сернай кіслаты і олеўму, якія традыцыйна купляліся на трох найбуйнейшых хімічных прадпрыемствах Беларусі — Гомельскім хімічным заводзе, наваполацкім «Нафтане» і «ГроднаАзоце».
Беларускі рынак сярод прыярытэтаў
Днямі Міністэрства замежных спраў Украіны вызначыла прыярытэтныя замежныя рынкі для ўкраінскіх прадпрыемстваў.
Беларусь увайшла ў пералік 15 найбольш прывабных для Ўкраіны рынкаў. Найперш украінскія дыпляматы плянуюць спрыяць актывізацыі гандлёвых і інвэстыцыйных адносін з Бразыліяй, Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, Эфіёпіяй, Індыяй, Кітаем, Казахстанам, Чылі, Катарам, Узбэкістанам і Канадай, а таксама плянуе стварыць дадатковыя гандлёвыя магчымасьці зь Нямеччынай, Турэччынай, Ізраілем, Беларусьсю і Малдовай. Сярод іншых прыярытэтных рэгіёнаў для нацыянальных экспартэраў, МЗС Украіны назвала Блізкі Ўсход, Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён, Афрыку, Паўночную ды Паўднёвую Амэрыку.
Гандаль запаволіўся
Згодна з афіцыйнай статыстыкай Украіны, у студзені-сакавіку 2020 году пастаўкі зь Беларусі ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году скараціліся на 7,3 %, да 701,8 мільёна даляраў. Пастаўкі з Украіны ў Беларусь павялічыліся на 4,4 % да 353,4 мільёна даляраў.
Паводле беларускай статыстыкі, сёлета пастаўкі зь Беларусі ва Ўкраіну скараціліся на 16,4 % да 704,2 мільёна даляраў, а ўкраінскія пастаўкі ў Беларусь павялічыліся на 5,3 % да 376,3 мільёнаў даляраў.
Скарачэньне адбылося за кошт зьніжэньня аб’ёмаў паставак на ўкраінскі рынак беларускіх нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў.