У Гомельскім абласным судзе на слуханьнях па справе аб забойстве жонкі сьвятара пачаліся дэбаты бакоў.
Злачынства адбылося ў кастрычніку 2019 году. Абвінавачанаму пагражае сьмяротнае пакараньне.
Першапачаткова праз падазрэньне ў забойстве 42-гадовай Тацьцяны быў затрыманы яе муж, праваслаўны сьвятар. Але пазьней падазраваным прызналі 23-гадовага Віктара.
Пазыцыя абвінавачваньня
25 траўня прадстаўніца дзяржаўнага абвінавачаньня прасіла суд прызначыць Віктару пакараньне — 25 гадоў пазбаўленьня волі. Яна заявіла, што віна 23-гадовага Віктара даказана ў судзе.
Сьмерць Тацьцяны Агіевіч наступіла ад масіўнай страты крыві — ёй было нанесена ня менш за 16 удараў нажом і 42 — «тупым прадметам», дакладней — рукамі і нагамі.
Паводле прадстаўніцы пракуратуры, тое, што Віктар толькі часткова прызнае віну, расцэньваецца як спроба пазьбегнуць адказнасьці.
Першапачаткова, пасьля затрыманьня міліцыяй, вясковец прызнаў сваю віну і падрабязна расказаў пра забойства. Паводле першапачатковых паказаньняў, Віктар працаваў на будоўлі царквы.
У дзень забойства, 1 красавіка, ён пасварыўся са сваёй дзяўчынай зь іншай вёскі, вырашыў «пазычыць» аўтамабіль у сьвятара і зьезьдзіць да сяброўкі. Калі ішоў да хаты сьвятара, узяў з сабой нож, бо «разумеў, што добраахвотна матушка аўтамабіля ня дасьць». Сапраўды, Тацьцяна не дала ключоў ад аўтамабіля, і Віктар напаў на яе з нажом.
Пазьней ён зьмяніць паказаньні і сьведчыў што нож з сабой прыхапіў не для таго, каб забіваць, а каб падарыць свайму тату. Віктар стаў казаць, што ўдарыў нажом Тацьцяну, але калі пайшоў з хаты, яна была жывая і сядзела на канапе.
Сьледзтва не знайшло пацьвярджэньня гэтаму — на канапе не было сьлядоў крыві. Віктар забіў Тацьцяну, забраў з хаты грошы — 20 даляраў і тысячу расейскіх рублёў, мабільны тэлефон «Соні», сеў за стырно чужога аўто і паехаў катацца. Тысячу расейскіх рублёў ён «абмяняў» на тры бутэлькі гарэлкі, якія выпіў са сваім бацькам. Пасьля гэтага паехаў зноў паехаў катацца. Потым лёг спаць у сястры.
Калі даведаўся, што яго шукае міліцыя, пайшоў хавацца ў лес.
Прадстаўніца пракуратуры прасіла задаволіць грамадзянскія пазовы сьвятара і яго сына і задаволіць кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 150 тысяч рублёў кожнаму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхару Калінкавіцкага раёну пагражае сьмяротная кара за забойства жонкі сьвятара
Што кажуць сваякі забітай
Сьвятар Георгі Агіевіч, як і ягоны сын, прызнаныя пацярпелымі ў справе. У судовых спрэчках сьвятар выказаўся, што лічыць пакараньне ў 25 гадоў «лёгкім».
«Яму — толькі пажыцьцёвае, да людзей такога нельга пускаць. Я бы даў яму больш... На ўсё Воля Божая, прабачце», — зазначыў Георгі.
Сын сьвятара таксама ня згодны з прапанаваным тэрмінам у 25 гадоў, і лічыць, што варта даць пажыцьцёвае. Адвакатка выказалася, што пракурор просіць надта суровае пакараньне для яе падабароннага. Яна зазначыла, што Віктар мае станоўчыя характарыстыкі, што ён раскаяўся, прызнаўся ў злачынстве — часткова, бо запэўнівае, што ня меў намеру забіваць і не наносіў так шмат удараў.
Айцец Георгі і ягоная жонка Тацьцяна нарадзіліся ў вёсцы Рубель Столінскага раёну. Яны былі 24 гады ў шлюбе, мелі дваіх дзяцей. Цяпер сын і дачка дарослыя, жывуць у Астраўцы і Менску.
Больш за 10 гадоў айцец Георгі служыў у царкве пасёлку Азарычы (Калінкавіцкі раён). 2-га кастрычніка ў сваім доме была знойдзена забітай Тацьцяна. Праваахоўныя органы затрымалі яе мужа-сьвятара. Сьледчы камітэт паведаміў, што 47-гадовы мужчына затрыманы ў стане алькагольнага ап’яненьня. 3-га кастрычніка стала вядома, што праваслаўнага сьвятара адпусьцілі з ізалятара часовага ўтрыманьня.
Сярод жыхароў Азарычаў цяпер ходзіць «вэрсія», што бацюшку «нешта падсыпалі», што тлумачыць ягоны неадэкватны стан і тое, што ён доўга ня мог апрытомнець.
Абвіанвачаны Віктар жыў у вёсцы Ліпаў Калінкавіцкага раёну, дапамагаў бацюшку будаваць новую царкву.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.