Прэм’ер-міністра Ізраілю Нетаньягу судзяць за карупцыю

Біньямін Нетаньягу

Судовы працэс па абвінавачваньні ў карупцыі прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нетаньягу пачаўся 24 траўня ў Ерусаліме. Сам прэм’ер-міністар называе гэты працэс паляваньнем на ведзьмаў.

Нетаньягу — першы прэм’ер-міністар Ізраілю, якому пагражае крымінальная адказнасьць.

Суд пачаўся праз тыдзень пасьля таго, як Нетаньягу склаў прысягу на рэкордны пяты тэрмін на пасадзе кіраўніка ўраду нацыянальнага адзінства. Палітычнае пагадненьне з партыяй «Кахоль-Лаван» прадугледжвае, што лідэр правай партыі «Лікуд» Нетаньягу разьдзеліць сваю пасаду напалову са сваім канкурэнтам Бэні Ганцам да наступных выбараў.

Абедзьве партыі набралі найбольшую колькасьць галасоў на трох пасьлядоўных парлямэнцкіх выбарах, але ня здолелі самастойна або пры ўдзеле менш буйных партнэраў сфармаваць урад.

Нетаньягу абвінавачваюць у хабарніцтве, махлярстве і злоўжываньні даверам. Тры справы зьвязаныя з падарункамі ад заможных людзей, а таксама Нетаньягу абвінавачваюць за льготы для мэдыйных магнатаў у абмен на спрыяльнае асьвятленьне дзейнасьці палітыка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль сфармаваў «урад нацыянальнай згоды» пасьля 1,5 года крызісу

20 траўня суд адхіліў спробу Нетаньягу прапусьціць першы дзень судовага працэсу, які, паводле яго адвакатаў, быў «тэхнічным».

Вярхоўны суд Ізраілю вырашыў, што абвінавачаньне Нетаньягу не прымушае яго сыходзіць у адстаўку.

Шэсьць гадоў таму былога прэм’ер-міністра Эхуда Олмерта асудзілі за хабар, ён правёў 16 месяцаў у турме. Суд над ім адбыўся пасьля таго, як ён скончыўся ягоны тэрмін на пасадзе прэм’ер-міністра ў 2006-2009 гадах.