Падзеі, прагнозы, спадзяваньні, посьпехі і паразы 20 гадоў таму — як яны гучалі ў эфіры Радыё Свабода. Тыя, якія назаўсёды засталіся ў архіве гісторыі, і тыя, што вызначаюць нашае сёньня, а магчыма і заўтра — у рубрыцы «На Свабодзе 20 гадоў таму».
Гэтым разам мы парушаем традыцыю нашай рубрыкі і зьмяшчаем публікацыю не пра палітыку. Дакладней, палітыка тут, безумоўна, прысутнічае, але як прычына сумнага становішча, уражаньнямі пра якое з карэспандэнткай Радыё Свабода Валянцінай Аксак падзяліліся замежныя ўдзельнікі Кангрэсу беларусістаў.
У 2000-м годзе яны ўбачылі ўжо зусім ня тую Беларусь, якую наведвалі ў пачатку 90-х, у часы ўздыму нацыянальнага адраджэньня. Гэта была ўжо Беларусь пасьля рэфэрэндуму-95, калі ўжо зачынілася большасьць беларускіх школаў, калі зь дзяржаўных выдавецтваў выкінулі кнігі Васіля Быкава, калі беларуская мова ўсё меней і меней гучала па дзяржаўных тэлебачаньні і радыё.
Гэта быў «пэйзаж пасьля бітвы» — бітвы праімпэрскіх сілаў з нацыянальным адраджэньнем.
Бітвы, у якой тыя сілы перамагалі.
На той момант.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Гаварыць па-беларуску павінны 3 з паловай дні на тыдзень"Валянціна Аксак, эфір 23 траўня 2000 г.
ІІІ Міжнародны кангрэс беларусістаў да самага апошняга моманту быў пад пагрозаю зрыву. Ані мейсца ягонага правядзеньня, ані склад удзельнікаў не былі доўгі час узгодненыя з усімі сябрамі Міжнароднае арганізацыі беларусістаў з-за адсутнасьці сродкаў. У выніку сродкаў усё роўна не хапіла, і галоўны сход дасьледнікаў беларускае культуры, які праводзіцца раз на чатыры гады, аргкамітэт вырашыў раздрабніць на дзьве сэсіі — травеньскую ды верасьнёўскую.
Гэтым разам у Менск змаглі прыехаць далёка ня ўсе замежныя навукоўцы. Нікім не прадстаўленая на кангрэсе Нямеччына, па адным ці два чалавекі прыехалі зь Вялікай Брытаніі ды Злучаных Штатаў Амэрыкі, Летувы, Латвіі. Вельмі абмежаваны склад сяброў міжнароднай арганізацыі беларусістаў з Польшчы, якая на двух папярэдніх форумах была адной з самых прадстаўнічых. Шмат хто, прыкладам, з Баўгарыі ды Ўкраіны, прыехалі ў Беларусь сваім коштам, і праблема іхнага зваротнага шляху да сёньня была ня вырашаная. Гэта пры тым, што на адкрыцьці Кангрэсу ў прэзыдыюме сядзелі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч ды некалькі высокапастаўленых урадавых чыноўнікаў.
Дарэчы, многія ўдзельнікі кангрэсу адзначылі, што побач з чыноўнікамі на адкрыцьці Кангрэсу ў прэзыдыюме не было аніводнага зь ягоных замежных удзельнікаў. Аднак ня толькі гэта ўразіла замежных гасьцей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Айцец Надсан прынёс свабоду ўніяцкай царкве ў БеларусіГаворыць дырэктар Беларускае бібліятэкі й Нацыянальнага культурнага цэнтру ў Лёндане, апостальскі візытатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.
(Надасан: ) «Уражаньні неадназначныя. Тут, здаецца, ідзе жыцьцё, усе беларускімі справамі цікавяцца, але выйдзеш на вуліцу — там рэальнасьць зусім іншая. Два сьветы, якія ня маюць паміж сабой нічога супольнага, жывуць кожны сваім жыцьцём. І гэта такое раздваеньне, нацыянальная шызафрэнія, я б сказаў. Гэта вельмі адчувальна, для мяне, прынамсі».
Гэта быў айцец Аляксандар Надсан зь Вялікай Брытаніі. А вось якія ўражаньні ад прыезду ў Менск у Чэслава Сэнюха, польскага перакладчыка беларускае літаратуры.
(Сэнюх: ) «Ведаеце, мне цяжка не падзяляць гэтага меркаваньня. Я, канешне, рады, калі чую тут ад беларусаў апазыцыю да гэтай думкі і нешта зусім адметнае, толькі калі я хаджу па менскай вуліцы, і ікалі да прыпадковага чалавека скажу два словы па-беларуску, дык ён зробіць вялікія зьдзіўленыя вочы. Гэта — жах проста, гэта для мяне жах».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэслаў Сэнюх – у гасьцях у "Свабоды"