Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Гаварыць па-беларуску павінны 3 з паловай дні на тыдзень"


У эфіры “Званкі на Свабоду”. Выбары прэзыдэнта ЗША, становішча беларускай мовы ў Беларусі, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Абраньне новага прэзыдэнта Злучаных штатаў Амэрыкі, якім стаў Барак Абама — адна з тэмаў, якую працягваюць камэнтаваць слухачы “Свабоды”.

Валер Курневіч, гарадок Печы, Барысаў: “Пра выбары ў Штатах. Некалі Маркс, які стварыў “Капітал”, пад Штаты яму капаў, дзівіўся іх дынамізму і патрыятызму. І тая сыстэма была здольная перамагаць перашкоды, пачынаючы ад Аўраама Лінкальна. А 4 лістапада 2008 году, запомніць трэба дату гэтую, ЗША далі ўзор надзеі і дэмакратыі”.

У наступных тэлефанаваньнях слухачы абмяркоўваюць ініцыятыву чыноўнікаў Берасьцейскага аблвыканкаму пра ўвядзеньне “Дня роднай мовы”.

Ільля Копыл: “Вось кіраўніцтва Берасьця абвясьціла пра намер адзін дзень на тыдзень размаўляць на беларускай мове, і ўжо мы радуемся. Кіраўнікі іншых абласьцей краіны пакуль што маўчаць. Закрыцьцё па ўсёй краіне беларускіх школ і перавод выкладаньня ў іх на мову суседняй краіны не кампэнсуеш адным днём на тыдзень”.

Спадар: “Размаўляць па-беларуску павінны не адзін дзень, а тры з паловай дні на тыдзень, таму што на рэфэрэндуме 1996 народ прагаласаваў за роўны статус беларускай і рускай моваў”.

Лапацін: “Пачуў, што Глеб Лабадзенка зьбірае сродкі на лячэньне дзядзькі Рыгора, шаноўнага спадара Барадуліна. Падкажыце, калі ласка, як зьвязацца з Глебам?”

На пытаньне адказвае Глеб Лабадзенка:

“Найперш я хачу шчыра падзякаваць усім, хто адгукнуўся. На сёньня дзядзька Рыгор падпісаў каля 400 кніг. На гэты момант акцыю даводзіцца сканчаць з тае прычыны, што скончыліся кнігі. Дзядзька Рыгор таксама перадае ўсім шчырыя падзякі. Зараз ён яшчэ ў шпіталі, але на гэтым тыдні яго павінны выпісаць”.

З прычыны хваробы сэрца ў шпіталі знаходзіцца і вядомы беларускі пісьменьнік Уладзімер Арлоў. Наступныя выказваньні на ягоны адрас:

Мікола Корбут, в. Міхалёва, Бабруйскі раён: “Дазвольце праз ваша радыё знакамітаму сыну нашай Бацькаўшчыны Ўладзімеру Арлову пажадаць хутчэйшага выздараўленьня. Набірайцеся сіл, дарагі наш чалавек!”

Юры Васілеўскі, Менск: “Даведаўся, што спадар Уладзімер Арлоў знаходзіцца ў лякарні. Хачу пажадаць яму хутчэйшага выздараўленьня. Наперадзе ў яго яшчэ шмат спраў. Беларуская гістарыяграфія патрабуе такіх вось апантаных людзей, як спадар Арлоў”.

Далей выказваньні на іншыя тэмы:

Васіль Сільвестр, ліквідатар аварыі на ЧАЭС, Калінкавічы: “Чаму дзяржава ня дбае пра наступствы радыяцыі на Беларусі? Дакладна ведаю, што ўзровень забруджаньня зямлі і прадуктаў харчаваньня на Ўкраіне і ў Расеі меншы, чым у нас у краіне. Таму і прапаную Цэнтру падтрымкі чарнобыльскіх ініцыятыў стварыць аргкамітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні зьезду ўдзельнікаў ліквідацыі чарнобыльскай катастрофы і пацярпелых жыхароў Беларусі”.

Спадар: “Яшчэ ва ўсіх на слыху зварот Мядзьведзева да расейскага народу. Галоўнай каштоўнасьцю ў краіне расейскай зьяўляецца чалавек. Але што ж я бачу: пасьля авіякатастрофы ў Пермі выплацілі па 2 мільёны расейскіх рублёў за кожную ахвяру. А за тых, хто загінуў на падлодцы “Нерпа”, усяго па 100 тысяч”.

Анастас Семяновіч: “Я і мае сябры хочам выказаць падзяку спадару дырэктару Аляксандру Лукашуку, супрацоўнікам Дракахрусту і Максімюку за абмеркаваньне пытаньняў на “Белсаце”. Вечары, калі вы абмяркоўваеце тыя ці іншыя пытаньні на “Белсаце”, для мяне і маіх сяброў — сьвята. Дзякуй за вашу цяжкую працу на карысьць Беларусі. Жыве родная Беларусь!!!”

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG