22 траўня ў шпіталі памерла рэжысэрка Любоў Зямцова. Любоў была аўтарам праекту «Невядомая Беларусь», які выходзіў на тэлеканале «Настоящее Время».
Ён распавядаў пра адметных людзей, незвычайныя мясьціны і цікавыя зьявы, якія робяць Беларусь унікальнай і непадобнай на суседнія краіны, і разьвенчвае стэрэатыпы, якія існуюць пра краіну і яе жыхароў.
Мы паказваем у жывым эфіры апошнюю поўнамэтражную карціну Любові Зямцовай «Месца каханьня». Фільм створаны пры падтрымцы тэлеканалу «Настоящее Время».
Люба скончыла школу Анджэя Вайды ў Варшаве. Яе дэбютная карціна «Дзень перамогі» была паказаная на Artdocfest у 2016 годзе. Рэжысэрка правяла адзін дзень – 9 траўня – з вэтэранамі, але не Другой сусьветнай, а вайны ў Аўганістане.
У цэнтры карціны «Месца каханьня» клясычная любоўная драма, але яна адбываецца там, дзе яе менш за ўсё чакаеш, – у лягеры дзённага знаходжаньня людзей з інваліднасьцю ў Бабруйску.
«Калі шчыра, я ня ведала, куды еду і што ўбачу. Прыяжджаем: напаўзакінуты вайсковы гарадок, храм, былая вайсковая частка, у якой і разьмяшчаецца лягер. Дэкарацыі яшчэ тыя. І ў першыя ж хвіліны на ганку мяне сустракае хлопец і кажа: «Ты такая прыгожая! А ў цябе хлопец ёсьць?» «Так, ёсьць», – адказваю. А Вадзім – будучы герой фільму – пытаецца: «А ён табе задаў адно пытаньне?» – І я дастала камэру», – распавядала яна пра пачатак здымкаў.
Галоўныя героі: Таня, Дзяніс, Оля і Вадзім. Рэжысэрка не акцэнтуе ўвагу на інваліднасьці герояў і дыягназе. Яе фокус накіраваны на тое, што аб'ядноўвае амаль усіх людзей – жаданьне кахаць і быць каханымі.
«Мне ўдалося стварыць фільм, дзе глядач, апускаючыся ў гісторыю герояў, перастае глядзець на інваліднасьць, стыгмы і пачынае бачыць чалавека: яго пачуцьці, шчырасьць, прыгажосьць. Не магло быць інакш, таму што людзі, якіх я здымала, такія. Іх сутнасьць – шчырасьць, чысьціня, годнасьць. І гэта тое, чаго нам усім, добра сацыялізаваным, без усялякай інваліднасьці, вельмі не хапае», – распавядала пра карціну Зямцова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля аўтааварыі і 8 дзён у рэанімацыі памерла рэжысэрка Любоў Зямцова ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сонечны чалавек. Цяпер будзем бяз сонца жыць» — словы пра загінулага рэжысэра Ўладзімера Міхайлоўскага ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі ганарыўся, што нашая сям’я дапамагае мэдыкам» — маці расказвае пра загінулага гукарэжысэра Максіма Гаўрыленку