Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сонечны чалавек. Цяпер будзем бяз сонца жыць» — словы пра загінулага рэжысэра Ўладзімера Міхайлоўскага


Уладзімер Міхайлоўскі
Уладзімер Міхайлоўскі

33-гадовы дакумэнталіст Уладзімер Міхайлоўскі загінуў у аварыі 14 траўня разам з 26-гадовым гукарэжысэрам Максімам Гаўрыленка. Рэжысэрка Любоў Зямцова, якая была зь імі ў машыне, цяпер у цяжкім стане ў рэанімацыі менскай бальніцы хуткай дапамогі.

Дакумэнталісты здымалі фільм для тэлеканала «Настоящее время» пра валянтэрскую дапамогу мэдыкам і самі ў гэты дзень развозілі дапамогу па шпіталях. Каманда вярталася са здымак у Гомлі.

Пра Ўладзімера Міхайлоўскага распавядае Валер Аляксееў.

«Нас зьвязвалі стасункі, якія цяжка адным словам назваць, — пачынае расповед Валер. — Я пазнаёміўся з Вовам у лягеры, быў важатым. Мне было 33, як яму цяпер, а яму было 16. Ён быў сірата. У нас такія стасункі былі — нельга сказаць, каб „бацька і сын“, але ўсё разам, мы і браты былі. Па жыцьці мы ўдваіх, у яго, канечне, шмат сяброў было».

Уладзімер выгадаваўся ў Бабруйску. Бацькі памерлі, калі ён быў падлеткам, гадаваўся разам са старэйшай сястрой Вікторыяй. Скончыў БНТУ, гуляў у КВН.

«Люба (Зямцова — РС) здымала пра мяне дакумэнтальны фільм „Выхаваньне Арцёма“. Гэта фільм пра мяне і маё патранажнае дзіця. Яны з Вовам у мяне і пазнаёміліся. Нарэшце ён знайшоў справу, дзе ён змог сябе рэалізаваць сябе», — кажа Валер.

Уладзімер Міхайлоўскі і Любоў Зямцова
Уладзімер Міхайлоўскі і Любоў Зямцова

Любоў Зямцова і Ўладзімер Міхайлоўскі ў супрацы з Максімам Гаўрыленка здымалі дакумэнтальны цыкль для тэлеканала «Настоящее время» пад назвай «Невядомая Беларусь». Гэты меўся быць ужо 5 эпізод.

«У іх быў проста пік. У іх усё складвалася добра, — распавядае Валер. — Калі яны здымалі чарговы фільм, паказвалі мне і чакалі, што я буду крытыкаваць. А яны дасягнулі ўжо такога ўзроўню, што я ня мог ім нічога казаць — бачыў, што ўсё вельмі крута. У мяне не было аніякіх заўваг».

Аварыя адбылася каля 19.30 14 траўня непадалёк ад Менску на гомельскім накірунку.

«Учора мне пазванілі і сказалі, што Вовы больш няма. Гэта была мая душа. Калі б хтосьці паставіў мяне перад выбарам, зь кім жыць на бязьлюднай высьпе, то я б выбраў Вову. Гэта чалавек, які мяне любіў, разумеў. А я яго разумеў, — кажа Валер. Гэта быў жыцьцярадасны вельмі чалавек. Ён вельмі прыгожа жыў. Яму заўжды патрэбныя былі людзі і людзі яго любілі. Мы і важатымі разам працавалі, калі я музыкай займаўся, ён дапамагаў мне з канцэртамі. Цудоўны чалавек, сонечны. Цяпер будзем без сонца жыць. Цяпер мне ўжо паміраць ня страшна. Мяне там Вова чакае».

Становішча Любові Зямцова застаецца цяжкім. 16 траўня ў Бабруйску сябры і сваякі разьвітваюцца з Уладзімерам Міхайлоўскім.

«Я рады, што сьмерць была імгненная і яму не было балюча. Цяпер молімся за Любу, каб яна выжыла і жыла далей», — кажа Валер Аляксееў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG