Генэральная пракуратура Кіргізстану працягвае дамагацца ад Беларусі экстрадыцыі былога прэмʼер-міністра краіны Даніяра Ўсенава, заявіў 21 траўня на пасяджэньні кіргізскага парлямэнту генпракурор Аткурбек Джамшытаў, паведамляе інфармагенцтва АКИpress.
«Па Даніяру Ўсенаву, які пазьней стаў Урыцкім, у 2017–2018 гадах адпаведныя органы Кіргізстану зьвярталіся з просьбай яго выдаць, — сказаў генпракурор. — Падчас паездак тры разы праводзілі перамовы. Але ў 2018 годзе суд у Беларусі прыняў рашэньне, што ён асуджаны па палітычных матывах, і адмовіўся выдаваць яго».
Паводле Джамшытава, маёмасьць Даніяра Ўсенава, якую папярэдне ацанілі прыкладна ў 20 мільёнаў даляраў, арыштаваная. Па рашэньні судоў яе могуць канфіскаваць на карысьць дзяржавы. Пракуратура Кіргізстану працягвае прасіць Менск выдаць ім экс-прэмʼера.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС адмовіўся камэнтаваць беларускі пашпарт экс-прэм’ера КіргізстануДаніяр Усенаў узначальваў адміністрацыю прэзыдэнта Кіргізстану, а потым і ўрад краіны са студзеня 2009 па красавік 2010 году, калі ва ўладзе знаходзіўся Курманбек Бакіеў. Пасьля антыўрадавых выступаў, падчас якіх у Бішкеку, паводле афіцыйных дадзеных, загінулі 84 чалавекі, адбылася зьмена ўлады, і Ўсенаў, гэтаксама як і Бакіеў, пакінуў Кіргізстан.
У 2013 годзе Ўсенава завочна асудзілі за злоўжываньне службовым становішчам і парушэньне зямельнага заканадаўства, а ў 2016 годзе Вярхоўны суд Кіргізстану прызнаў экс-прэмʼера вінаватым у саўдзеле ў забойстве, замаху на забойства, перавышэньні службовых паўнамоцтваў і злоўжываньні службовым становішчам, завочна прысудзіўшы яго да пажыцьцёвага зьняволеньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што кажуць у Кіргізстане аб былым прэм'еры, які зьявіўся ў Беларусі пад іншым прозьвішчам. ВІДЭАІнфармацыя пра тое, што Даніяр Усенаў пражывае ў Беларусі, упершыню зьявілася ў беларускіх СМІ ў сьнежні 2017 году. Ён атрымаў беларускае грамадзянства, зьмяніў імя на Данііла Ўрыцкага і цяпер займае пасаду дырэктара ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналягічная карпарацыя». Гэта кампанія будуе буйны комплекс па вытворчасьці амінакіслот, камбікармоў і прэміксаў у Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці. Пятай часткай беларускай біятэхналягічнай карпарацыі валодае пляменьнік Курманбека Бакіева.
Былы прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў пасьля падзеяў 2010 году таксама ўцёк у Беларусь, цяпер ён жыве ў Менску. Яго сын Максім Бакіеў жыве ў Лёндане.
У 2018 годзе Генпракуратура Беларусі адмовіла Кіргізстану ў выдачы Ўсенава, сьцьвярджаючы, што «мела важкія падставы меркаваць, што запыт аб выдачы Ўсенава зьвязаны зь яго перасьледам за палітычныя перакананьні». МЗС Кіргізстану ў сувязі з гэтым уручыў часоваму паверанаму ў справах Беларусі ноту пратэсту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска-кіргіскі дэтэктыў. Ці хутка каля Драздоў зьявіцца пасёлак «Беглыя злачынцы» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пятай часткай беларускай біятэхналягічнай карпарацыі валодае пляменьнік Бакіева