Памятны знак у гонар праведнікаў народаў сьвету плянуюць усталяваць на выезьдзе з Наваградку сёлета ў верасьні. Працягваецца збор сродкаў на яго.
Скульптура выглядае як лебедзь, які хавае пад раскінутымі крыламі птушанят. Яна ўжо амаль гатовая. Яе выканаў з бэтону менскі скульптар Алег Купрыянаў. Помнік сымбалізуе дзесяць сем’яў праведнікаў з Наваградзкага раёну, якія дапамагалі габрэям ратавацца падчас Галакосту: Баброўскія, Казлоўскія, Лаўскія, Пенда, Ермаловічы, Расткоўскія, Сьвянткоўскія, Буінскія, Каратай.
Помнік зьявіцца на месцы, дзе стаяў дом сям’і праведнікаў Францішка і Францішкі Баброўскіх. Гэта адразу на выезьдзе з Наваградку па дарозе да вёскі Літоўка. Цяпер на гэтым месцы стаіць студня, праз дарогу — адзінокі жылы дом.
Прыкладна ў гэтым месцы пад Наваградкам паставяць памятны знак:
Першапачаткова ініцыятыва ўвекавечыць памяць аб праведніках належала нябожчыку Сяргею Ковалю, гаспадару сядзібы Літоўка пад Наваградкам. Цяпер ягоную справу працягваюць дырэктарка Музэю габрэйскага супраціву Тамара Вяршыцкая, нашчадак сям’і праведнікаў Жанна Баброўская, мастачка Ніна Паўлоўская.
У беднай каталіцкай сям’і Баброўскіх было 6 дзяцей. У іхнім доме хавалася шмат габрэяў. Гаворка ідзе пра сотні. Дзякуючы Баброўскім уратаваўся, сярод іншых, пазьнейшы брытанскі мільянэр Джэк Каган, удзельнік партызанскага атраду Тувіі Бельскага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр адзін з апошніх партызан атраду БельскагаДакладная дата сьмерці Францішка і Францішкі невядомая. Верагодна, іх забілі адразу пасьля расстрэлу жыхароў вёскі Літоўка 4 лютага 1943 году, мяркуе Тамара Вяршыцкая. Тады абаім было каля 45 гадоў.
Сужэнцаў прывязалі да хвастоў коней і цягнулі іх па вуліцах гораду ў турму, дзе і расстралялі. Іхні дом спалілі. Дзяцей завезьлі ў нацысцкі канцлягер Грос-Розэн.
Выжылі трое дзяцей Баброўскіх, сярод іх дачка Марыя — сьвякроў Жанны Баброўскай. Марыя памерла ў 2000 годзе. У яе засталося 4 дзяцей, 10 унукаў, 17 праўнукаў.
У 1997 годзе дзяржава Ізраіль прызнала Францішка, Францішку і іхніх трох дзяцей Марыю, Міхала і Сьцяпана праведнікамі народаў сьвету.
Выжыла яшчэ адна дзяўчынка. У дзень, калі нацысты выкрылі сховішча Баброўскіх, у іх жыла габрэйская жанчына з малымі дзецьмі. Малодшай дзяўчынцы тады не было і двух гадоў. Яна захварэла, і сям’я забрала яе з хованкі да сябе наверх. Дзіця не гаварыла, таму паліцыя прыняла дзяўчынку за адну з дачок Баброўскіх. Яе аддалі ў Наваградзкі прытулак для сірот. Там назвалі Галінай Баброўскай. Цяпер ёй каля 80 гадоў, яна жыве ў Ізраілі. Толькі каля 20 гадоў таму яна даведалася, хто яна і адкуль, расказвае Тамара Вяршыцкая.
Сам памятны знак ужо аплачаны. Але каб зрабіць пастамэнт і ўсталяваць яго, патрэбная яшчэ вялікая сума. Жанна Баброўская кажа, што адна брыгада запатрабавала за такую работу 4,5–5 тысяч даляраў, іншыя — 2 тысячы даляраў.
«Чаму я лічу, што гэта павінна адбыцца зараз? Мы ўжо зрабілі сёе-тое, каб памяць пра Галакост, Супраціўленьне ня зьнікла. Але мы нічога не зрабілі, каб ведалі, што нашыя людзі ўдзельнічалі, дзякуючы ім габрэі засталіся ў жывых», — разважае Тамара Вяршыцкая.
Па пытаньнях наконт помніка можна зьвязацца з Жаннай Баброўскай па тэлефоне +375-29-342-89-08.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выжыць. За гісторыяй сваякоў Дональда Трампа – Беларусь, якую пакінулі габрэі