Пасьля тысячагадовага шалома ў Бабруйску знайшлі яшчэ адзін артэфакт — сярэднявечны меч

Стары меч, знойдзены ў Мсьціслаўі, ілюстрацыйнае фота

У Бабруйску на беразе Бярэзіны знойдзены ўнікальны артэфакт — меч, які можа быць датаваны сярэдзінай ХІІІ стагодзьдзя.

Як паведамляе тэлеканал «Беларусь-1», меч быў у зямлі, яго знайшоў мясцовы жыхар і перадаў супрацоўнікам краязнаўчага музэю. На думку гісторыкаў, зброя магла належаць статуснаму чалавеку таго часу. Пакуль меч паклалі ў дыстыляваную ваду, каб пазбавіцца соляў і налёту.

«Сам па сабе меч — гэта статусная знаходка, плюс ён мае сьляды пакрыцьця ўзорамі з каштоўных матэрыялаў, — расказаў гісторык Міхаіл Сілкоў. — Гэта ня проста рэч апалчэньня. Ён сьведчыць на тое, што ў раёне Бабруйску існавала эліта фэадальнага грамадзтва. Ідзе выведка месца, дзе ён быў знойдзены. Неўзабаве пачнём паўнавартасныя археалягічныя раскопкі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бабруйску знайшлі тысячагадовы шалом. Аддадуць у музэй. ФОТА

Тым часам вярнуўся з рэстаўрацыі пазалочаны баявы шалом, які таксама знайшлі ў Бабруйску. На думку некаторых экспэртаў, ён мог належаць Ізяславу Полацкаму — сыну кіеўскага князя Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды. У сьвеце знойдзена каля двух дзясяткаў такіх шаломаў. Але беларускі захаваўся лепш за астатнія.

У Бабруйскім краязнаўчым музэі рыхтуюць пад артэфакт асаблівае месца ў экспазыцыі. Убачыць яго можна будзе летам.