Шрайбман: Бабарыка ўсё больш выглядае як небясьпечны для ўладаў кандыдат

Былы кіраўнік Белгазпрамбанку Віктар Бабарыка падаў дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную выбарчую камісію

Палітычны экспэрт Арцём Шрайбман тлумачыць, чаму Віктар Бабарыка так хутка набывае папулярнасьць, прадказвае магчымыя дзеяньні ўлады і спрачаецца зь Юрыем Дракахрустам наконт таго, якая тэма стане галоўнай на гэтых выбарах.

Сьцісла:

  • Улада дэманструе, што яна цяпер у даволі нэрвовым стане, яна ўвайшла ў рэжым надзвычайнай гатоўнасьці
  • Улічваючы хуткасьць набору папулярнасьці, Бабарыка за месяц можа стаць надта папулярным
  • Улады гатовыя на пэўныя рэпутацыйныя ахвяры і скандальныя рашэньні, што называецца, са старту
  • У грамадзтве даўно было запатрабаваньне на альтэрнатыву, і альтэрнатыву кампэтэнтную
  • Ключавая тэма выбараў, якую будуць навязваць альтэрнатыўныя кандыдаты, — гэта выхад з застою.

— Сёньня, 19 траўня, ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўныя групы большасьці «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча, але самыя інтрыгоўныя выпадкі пакінуў на заўтра. Гэта ініцыятыўныя групы Бабарэкі, Цапкалы, Канапацкай. Ці рызыкняце вы даць прагноз, ці будуць яны зарэгістраваныя?

— Не рызыкну. Бо ўлада дэманструе, што яна цяпер у даволі нэрвовым стане. А калі ўлада бачыць на даляглядзе нейкую пагрозу, яна на яе рэагуе даволі нязграбна. Блогера Ціханоўскага саджаюць на суткі, якіх ужо набралася 45, "кандыдатаў пратэсту" Статкевіча адсякаюць ужо на самых першым этапе на беспрэцэдэнтных падставах, на якіх раней нікога не адсякалі.

На рэгістрацыю ініцыятыўных групаў кандыдатам далі тыдзень. Бачна, што ўлада ўвайшла ў нейкі рэжым надзвычайнай гатоўнасьці. Таму прадказваць, як гэтыя эмоцыі стрэляць па Бабарыку, мне вельмі складана.

Арцём Шрайбман

Вельмі скандальна будзе не зарэгістраваць групу, якая сабрала больш за 9 тысяч сяброў. Ці захоча ўлада пайсьці зараз на такі скандал? Наўрад ці, бо Лідзія Ярмошына, напрыклад, сказала, што 20 траўня будуць разглядацца «адэкватныя людзі, якія сапраўды хочуць стаць кандыдатамі ў прэзыдэнты».

Улада на гэтым этапе адсякае тых, хто можа прынесьці й праблемы цягам наступнага месяца. Цапкала і Канапацкая не выглядаюць як тыя, хто будзе актыўна пратэставаць. Я думаю, іх проста захочуць паглядзець у справе. (Тут мы зыходзім з таго, што Цапкала — самастойная фігура, чаго мы пакуль ня можам сказаць на сто працэнтаў).

Што тычыцца Бабарыкі, то тут рызыкі іншага кшталту. Улічваючы хуткасьць набору папулярнасьці, ён за месяц можа стаць надта папулярным. І што пераможа ў галаве ўлады — жаданьне пазьбегнуць такой рызыкі ці жаданьне пазьбегнуць скандалу — мне складана сказаць.

— Але скандал можа атрымацца ня толькі ўнутры Беларусі (на што ўлада часам ня надта зважае), але і на Захадзе. Нерэгістрацыя Бабарыкі ламае сцэнар «спакойных» выбараў, якія павінны прайсьці без скандалаў, як у 2015 годзе, напрыклад.

— Наконт рэакцыі Захаду. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі беларуская дзяржава ўступае ў такі рэжым, калі сілавікі (разам з ЦВК) працуюць, зыходзячы са сваіх задачаў. А МЗС проста вымушана мінімізаваць іміджавыя страты. Калі трэба затрымліваць людзей, якія проста прыходзілі паглядзець на стрым — то іх затрымліваюць сотнямі. Калі трэба праводзіць парлямэнцкія выбары амаль на год раней за тэрмін — гэта робіцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 арыштаваных, 20 аштрафаваных. Праваабаронцы ацанілі першы тыдзень выбарчай кампаніі

У такія крытычныя моманты ўлады не баяцца скандалаў. Ужо былі 2 заявы Брусэля наконт затрыманьняў і журналістаў. Але беларускія ўлады разумеюць, што гэтыя выбары ня будуць прызнаныя Захадам больш, чым любыя іншыя. Таму ўлады гатовыя на пэўныя рэпутацыйныя ахвяры, што называецца, са старту. Яны разумеюць, што па выніках гэтых выбараў яны ніяк не пасябруюць больш з Захадам — хутчэй, адносіны зноў пагоршацца.

Бабарыка ўсё больш выглядае як небясьпечны кандыдат. Ня ведаю, на якім этапе ўлада вырашыць адрэагаваць — цяпер ці калі ён набярэ сто ці больш тысяч подпісаў. І тады не зарэгістраваць яго будзе яшчэ большым скандалам. А калі ён набярэ 200 тысяч подпісаў, правядзе яркую кампанію, пачне зьбіраць на свае мітынгі дзясяткі тысяч чалавек, а яму "намалююць" паўтары працэнты — гэта можа быць яшчэ большы скандал. Так што пытаньне для ўлады ў выбары моманту, калі і ў якой сытуацыі прыйдзецца ісьці на скандал.

— Калі вылучыліся Цапкала і Бабарыка, вы выказаліся ў тым сэнсе, што іх вылучэньне сьведчыць пра пэўныя хістаньні ў стане намэнклятуры. Гэта цяпер шмат абмяркоўваюць, і, напрыклад, у маім «Інтэрвію тыдня» Аляксандар Фядута сказаў так: «Які раскол намэнклятуры? Чыноўнікі ненавідзяць дыпляматаў і зайздросьцяць банкірам». Можа, пра рэальны раскол сярод намэнклятуры сьведчыла б, напрыклад, вылучэньне прэм’ер-міністра Румаса, а ня гэтых асобаў?

— Вылучэньне Румаса ці любога іншага высокапастаўленага чыноўніка, сапраўды, сьведчыла б пра раскол у эліце. Я казаў менавіта не пра раскол, а пра пэўныя хістаньні сярод элітаў. І пад «элітамі» я ў шырокім сэнсе разумею ня столькі выканаўчую вэртыкаль, а ў цэлым — бізнэс, кіроўныя структуры. Ня ведаю, чаму тут варта асобна выдзяляць дыпляматаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку». Шчырая гутарка зь Мілінкевічам пра пандэмію і палітыку

Я думаю, ніхто ня мае сумневаў, што ва ўмоўнага лібэральнага блёку ўраду — Румаса, Крутога, Ермаловіча, нават Макея, а разам зь імі і ў былых чыноўнікаў, Мацюшэўскага, Рудага, — мала ў каго ёсьць сумневы, што погляды гэтых людзей бліжэйшыя да поглядаў Бабарыкі, а не Лукашэнкі.

Гэта нельга назваць расколам, бо не адбываецца нейкіх дзеяньняў чыноўнікаў, пра якія мы б ведалі. Але пэўныя хістаньні ў розумах відавочныя, яны відавочныя ўжо некалькі апошніх гадоў. Але цяпер гэтыя хістаньні ўпершыню выплюхнуліся калі не ў палітыку, то прынамсі ў публічную прастору.

Само вылучэньне такіх людзей — гэта як верхавіна айсбэрга. Калі двое пайшлі — гэта значыць, што ў двух дзясяткаў стала большай ступень раздражненьня існуючым курсам. Гэта сьведчыць пра нешта, як мне падаецца, глыбіннае. Ёсьць нешта, што выціснула гэтых людзей у публічную палітыку — хоць яны маглі б жыць адносна спакойным жыцьцём.

— Цяпер у сацыяльных сетках абмяркоўваюцца самыя розныя, нярэдка няўдалыя выказваньні Бабарыкі. Але ягоная папулярнасьць расьце — як выглядае, нягледзячы ні на што. Чым вы гэта патлумачыце? Зь нейкай прычыны ён увасабляе масавае нездавальненьне жыцьцём, прынамсі, людзей у Фэйсбуку.

— У грамадзтве даўно было запатрабаваньне на альтэрнатыву, і альтэрнатыву кампэтэнтную. З тых ці іншых прычын лідэры апазыцыі да гэтай альтэрнатывы ў масавай сьвядомасьці не адносяцца. У большасьці зь іх няма досьведу рэальнага кіраваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ініцыятыўную групу Віктара Бабарыкі запісалася рэкордная для альтэрнатыўнага кандыдата колькасьць людзей

Цапкалу мы пакуль не разумеем — ягоныя погляды і матывы. А Бабарыка сваёй публічнай дзейнасьцю апошніх гадоў — мэцэнацтвам, сваімі інтэрвію — пабудаваў сабе рэпутацыю. Яму цяпер проста трэба было асядлаць яе для палітычных мэтаў, глеба была ўжо падрыхтаваная. Вось гэтыя ягоныя нязграбныя выказваньні — некаторыя зь іх (пра Каліноўскага) турбуюць толькі невялікую частку грамадзтва, некаторыя большую (пра Расею, інтэграцыю, пра беларусаў) — гэта ўсё ад недасьведчанасьці. Ён яшчэ не разумее, як ягоныя словы могуць па-за кантэкстам прагучаць зьняважліва ці абуральна для многіх.

Але чаму гэта ўсё не замінае яму набываць папулярнасьць? Я думаю, тут моцны запыт на альтэрнатыву, плюс досьвед, плюс чалавек, які гаворыць разумныя рэчы — гэта перакрывае такія няўклюдныя заявы.

Але я б не перабольшваў патэнцыйны шлях Бабарыкі, бо ён пакуль набывае папулярнасьць у спэцыфічнай часткі беларускага грамадзтва, у Фэйсбуку. Я ня ўпэўнены, што гэта лёгка паўтарыць за межамі Фэйсбуку. Усё-такі ў яго ёсьць рысы, якія адразаюць вялікія кавалкі электарату. Ён жыве «на шырокую нагу», нават зьнешне ў яго вобраз багатага банкіра. Гэта можа адштурхнуць значную частку электарату, у першую чаргу левую частку.

Я лічу, што ў яго ёсьць пэўная электаральная столь. Я ня ведаю, дзе яна, але яна яўна не вышэй за 50 працэнтаў. На вольных выбарах 20 працэнтаў галасоў — гэта быў бы для яго вельмі някепскі варыянт. Усё ж усе беларускія палітыкі будуюць свой шлях на нейкім папулізьме, ад левага да правага. Бабарыка пакуль не выглядае папулістам, і гэта вельмі цікавы экспэрымэнт.

— Што стане галоўнай тэмай на гэтых выбарах, пра што яны будуць? Пра што ўсе кандыдаты вымушаныя будуць гаварыць, вакол якой тэмы яны будуць круціцца? Нядаўна сваю вэрсію прадставіў Юры Дракахруст, паводле якога галоўнай тэмай стане незалежнасьць і Расея.

— Я не зусім згодны з гэтай ацэнкай Юрыя Дракахруста. Мне падаецца, што тэма незалежнасьці і процідзеяньня Расеі стала б галоўнай тэмай выбараў, калі б яны прайшлі паўгода таму. Сёньня падаецца, што тэма інтэграцыі трошкі паблякла на фоне каранавірусу.

Калі паглядзець на заявы трох самых прыкметных асобаў гэтай кампаніі — Бабарыкі, Ціханоўскага і Цапкалы, — то там практычна няма замежнай палітыкі, яна праходзіць нейкім фонам. У асноўным усё пра ўнутраную сытуацыю ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Жыве Беларусь!» да «Беларусь жуе?!» Краўцэвіч пра эвалюцыю беларускага пратэсту

Як мне падаецца, ключавая тэма выбараў, якую будуць навязваць альтэрнатыўныя кандыдаты, — гэта выхад з застою. Унутраны крызіс абвастрыўся, эканоміка ў стагнацыі. Гэта будзе спрэчка пра шляхі мадэрнізацыі краіны. Таму я думаю, што асноўны фокус будзе на ўнутраных праблемах, шляхах мадэрнізацыі Беларусі, выхаду з застою.

Расейская тэма будзе прысутнічаць, але камфортных адказаў на яе цяпер няма ані ў кога. Лукашэнка даўно ня можа дамовіцца з Расеяй на нармальных формах узаемадзеяньня, адны сваркі і канфлікты. Але і альтэрнатыўным кандыдатам вельмі складана намацваць сваю нішу тут, яны ня могуць выступаць ці супраць незалежнасьці, ці за поўны разрыў сувязяў з Расеяй. Таму ім цяжка будзе намацаць нішу, якая будзе іх адрозьніваць ад сёньняшняга Лукашэнкі.