Удвая менш, чым у Эўразьвязе. Унёсак малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП Беларусі склаў 26,1%

Ілюстрацыйнае фота. У гандлёвым цэнтры на рынку Ждановічы

Доля малога і сярэдняга бізнэсу ў валавы ўнутраны прадукт (ВУП) Беларусі ў 2019 годзе склала 26,1%, паведамляе Белстат.

Унёсак малога бізнэсу ў ВУП склаў 15,9%, сярэдняга бізнэсу — 7%, а індывідуальных прадпрымальнікаў — 3,2%.

Усяго, паводле Белстату, на пачатак 2020 году ў Беларусі працавалі 257 тысяч індывідуальных прадпрымальнікаў, 111 тысяч арганізацый малога і сярэдняга бізнэсу (зь іх 97 тысяч — мікраарганізацыі, 12 тысяч — малыя арганізацыі, 2 тысячы — сярэднія). Выручка суб’ектаў малога і сярэдняга Бізнэсу ў Беларусі ў 2019 годзе агулам склала 156 мільярдаў рублёў, або 43,3% ад агульнай выручкі па краіне.

Чым займаецца малы і сярэдні бізнэс у Беларусі (паводле Белстату):

  • 35% — аптовы і раздробны гандаль, рамонт аўтамабіляў і матацыклаў,
  • 12% — транспарт і лягістыка,
  • 10% — прафэсійная, навуковая і тэхнічная дзейнасьць,
  • 8% — будаўніцтва,
  • 8% — прамысловая вытворчасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Бізнэс і людзі кінутыя самі па сабе». Ці выжывуць прадпрымальнікі пасьля пандэміі?

У канцы 2019 году Мінэканомікі ставіла мэту да 2030 году дасягнуць долі малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП Беларусі ў 50%. Як падкрэсьліваў тады намесьнік міністра эканомікі Аляксандар Чарвякоў, «у разьвітых дзяржавах за кошт малога і сярэдняга бізнэсу фармуецца 70%, а то і 90% ВУП».

У суседняй Расеі доля малога і сярэдняга бізнэсу ў 2018 годзе склала 20,2% ад усёй эканомікі РФ (дадзеных за 2019 год пакуль няма).

Ва Ўкраіне малы і сярэдні бізнэс прыносіць 55% ВУП у эканоміку краіны, пры гэтым калі вылучыць толькі малы бізнэс, дык гэта 16% ВУП (паводле мінулагодніх дадзеных).

Паводле зьвестак Эўрапейскай камісіі, у сярэднім у Эўропе доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП краінаў складае 56,4%.

У Літве доля малога і сярэдняга бізнэсу ў ВУП — 69,4%, у Латвіі — 71,1%, у Польшчы — 52,9%.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад пачатку году ВУП Беларусі ўпаў на 1,3%