Аўтара YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргея Ціханоўскага 19 траўня асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за несанкцыянаваны масавы сход. Такое рашэньне вынес судзьдзя Аляксандар Мохараў у судзе Савецкага раёну Гомля.
На судзе разглядалі два пратаколы па артыкуле 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях (парушэньне парадку правядзеньня масавага мерапрыемства). Так міліцыя расцаніла сустрэчы Ціханоўскага з падпісчыкамі ў Салігорску і Мёрах.
Адвакат падаў хадайніцтва — выклікаць сьведак. Судзьдзя адхіліў яго: «Пратаколы мы маем. Тое, што ёсьць — з тым і будзем працаваць».
Адміністрацыйная справа грунтуецца на рапарце з Салігорскага РАУС. Супрацоўнікі міліцыі зазначылі ў рапарце, што «5 мая пры правядзеньні маніторынгу інтэрнэту заўважылі ролік «Солигорск, встреча с подписчиками», разьмешчаны на youtube-канале «Страна для жизни».
З роліку міліцыянты даведаліся, што Сяргей Ціханоўскі 25 сакавіка «арганізаваў і правёў сход грамадзян», ня маючы на тое дазволу Салігорскага райвыканкаму. Таксама Ціханоўскі «ажыцьцяўляў апытаньне грамадзян, у тым ліку спытаўся ў невядомага грамадзяніна па імені Руслан: „Ці трэба нам зьмена ўлады“ і атрымаў станоўчы адказ». Таксама, паводле рапарту міліцыянтаў, «Ціханоўскі разам зь Няронскім (блогер youtube-канала „Слуцк для жизни“. — РС) абмяркоўвалі карупцыю сярод чыноўнікаў».
На судзе прадэманстравалі стрым з Салігорску за 25 сакавіка. Ціханоўскі пытаўся ў людзей: «Ці трэба нам зьмена ўлады?». Ягоныя суразмоўцы адказвалі «так» і расказвалі пра свае праблемы.
«Што трэба зьмяніць, каб мы жылі ў краіне для жыцьця?» — пытаўся блогер. «Уладу», — адказвалі чарговыя суразмоўцы з Салігорску.
Адміністрацыйны пратакол быў складзены міліцыяй і ў Мёрах. З рапарту вынікае, што «ў ходзе маніторынгу сеткі Інтэрнэт быў знойдзены ролік «Миоры, город для жизни, общаемся с подписчиками» на youtube-канале «Страна для жизни». На відэа блогер праводзіў «інтэрвію грамадзян, зь якімі абмяркоўваў палітычную і сацыяльную сытуацыю ў краіне», і ў гэтых дзеяньнях ёсьць прыкметы парушэньня артыкула 23.34 КаАП. Міліцыя ў Мёрах склала пратаколы на мясцовых жыхароў, якія ўдзельнічалі ў сустрэчы зь Сяргеем Ціханоўскім. Пра гэта паведамілі на судзе ў Гомлі.
«Ёсьць рапарт начальніка Мёрскага РАУС, ён правільна дае азначэньне таму, што было: „Ціханоўскі запісвае інтэрвію“. Так яно і было. Я падыходзіў да аднаго чалавека, ішоў, вітаўся, задаваў пытаньне — аднаму чалавеку! У кадры са мной былі па адным чалавеку. У роліку відаць, што я бяру інтэрвію, размаўляю зь людзьмі, не гучыць ніякіх заклікаў — які гэта мітынг?» — казаў на судзе Сяргей Ціханоўскі.
Ён патлумачыў судзьдзі, як робяцца ролікі. «А калі гэта мантаж? А калі гэта сумясьцілі — розныя ролікі і сюжэты? А калі гэта актор у кадры? А калі робяць мантаж, спэцэфэкты?», — казаў блогер.
Ён зьвярнуў увагу, што міліцыя ў пратаколах пазначыла дату зьдзяйсьненьня правапарушэньня тым днём, у які быў разьмешчаны ролік на youtube-канале. «Зьняць можна было калі заўгодна, і выкласьці ў інтэрнэт у любы час — як гэта можна пазначаць датай зьдзяйсьненьня правапарушэньня? Ніякіх мітынгаў я не праводзіў. Калі я зраблю хоць адзін мітынг — вы яго ні з чым не паблытаеце, запэўніваю вас!», — сказаў на судзе блогер.
Паводле ягоных слоў, кваліфікаваць размову зь людзьмі як мітынг — «верх крывадушнасьці». «Гэтаксама можна расцаніць і чаргу, дзе стаяць і размаўляюць людзі, і сход сяброў жыльлёва-камунальнага каапэратыву», — сказаў Сяргей і прасіў суд вынесьці «адзінае справядлівае рашэньне» і апраўдаць яго па пратаколах.
Адвакат Алег Юрчанка таксама прасіў суд апраўдаць ягонага падабароннага, бо ў яго дзеяньнях няма складу правапарушэньня.
Што здарылася?
Пасьля двух дзён перасьледу 6 траўня міліцыя затрымала Сяргея Ціханоўскага ў Магілёве паводле пастановы суду Савецкага раёну Гомля аб адміністрацыйным арышце.
Па дадзеных праваабаронцаў «Вясны», Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак яшчэ 10 студзеня 2020 году за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 20 сьнежня. Але адбываць гэты 15-суткавы арышт тады яго не адправілі, а адпусьцілі на волю пасьля 15-суткавага арышту, прысуджанага раней. Пастанова аб арышце блогера ўступіла ў законную сілу 15 студзеня. Па законе ва ўладаў быў год, каб накіраваць Сяргея Ціханоўскага адбываць арышт.
Ужо 13 дзён Ціханоўскі ў ізалятары часовага ўтрыманьня ў Гомлі. Адтуль 18 траўня яго прывозілі на судовае паседжаньне, на якім прысудзілі яшчэ 15 сутак арышту.
9 траўня Ціханоўскі з падпісчыкамі плянаваў правесьці ў Бабруйску «АнтыПарад» — акцыю пратэсту супраць параду ў Менску падчас пандэміі каранавірусу.
15 траўня Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты Сяргея Ціханоўскага. Прычына: блогер нібыта няправільна аформіў дакумэнты, на заяве няма ягонага подпісу. Дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы падавала ягоная жонка Сьвятлана Ціханоўская на падставе даверанасьці, атрыманай яшчэ ў студзені гэтага году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Ціханоўскага і каманду Статкевіча не дапусьцілі нават да збору подпісаў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэгістрацыя ініцыятыўных групаў: бунтароў адсеялі адразуТады ў ініцыятыўнай групе Ціханоўскага вырашылі зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты ягонай жонкі — Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ініцыятыўная група блогера Ціханоўскага вырашыла падаваць дакумэнты на вылучэньне кандыдатам ягонай жонкіХто такі Сяргей Ціханоўскі
Відэаблогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі 6 траўня пасьля двух дзён міліцэйскага перасьледу. На наступны дзень на ягоным Youtube-канале выйшла відэа, на якім Ціханоўскі гаворыць пра намер стаць кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі.
Дзясяткі чалавек у розных гарадах Беларусі былі затрыманыя і асуджаныя за акцыі ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага.
Што пра яго вядома:
- яму 41 год, жыве ў Гомлі, жанаты, мае дзяцей;
- мае Youtube-канал з амаль 150 тысячамі падпісчыкаў, самае папулярнае відэа на ім мае 719 тысяч праглядаў;
- на канале ён крытыкуе беларускія ўлады і расказвае аб праблемах жыхароў розных рэгіёнаў Беларусі; пэрыядычна ладзіць сустрэчы з падпісчыкамі;
- выступае за пашырэньне мясцовага самакіраваньня ў Беларусі;
- у сакавіку сабраў за адзін стрым 1600 даляраў на арэнду аўтадома, на якім пачаў езьдзіць у розныя гарады на запрашэньне падпісчыкаў;
- ня раз браў удзел у палітычных акцыях пратэсту і быў караны ўладамі за гэта, у тым ліку правёў Новы год за кратамі за ўдзел у акцыях супраць «паглыбленьня інтэграцыі» Беларусі і Расеі;
- да таго, як заняўся блогам «Страна для жизни», здымаў рэкляму і музычныя кліпы са сваёй студыяй вытворчасьці відэакантэнту «Компас» (казаў журналістам, што сам больш не займаецца гэтым, але кампанія працуе), купляў «кулацкі дом» у вёсцы пад Гомлем і зьбіраўся зрабіць там гатэль;
- раней меркаваў стаць адным з «кандыдатаў пратэсту» Міколы Статкевіча.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.