На фоне падаражэньня нафты ўмацаваўся курс беларускага рубля да даляра

Пасьля красавіцкага абвалу, калі цэны на асобныя гатункі нафты на ўсясьветным рынку нават сыходзілі ў мінус, нафтавыя каціроўкі пачынаюць вяртаць страчаныя пазыцыі.

18 траўня таргі на глябальным энэргарынку суправаджаліся ростам усясьветных цэнаў на сыравіну. Так, цана эталённай маркі Brent на біржы ICE ў Лёндане вырасла амаль на 10% — да 35,7 даляра за барэль. Гэтае значэньне стала самым высокім ад 9 красавіка.

Адначасова каціроўкі амэрыканскага гатунку WTI дадалі 12% і ўпершыню ад 16 сакавіка перавысілі 33 даляры за барэль.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Барэль нафты Brent апусціўся ніжэй за 16 даляраў. Гэта мінімальная цана ў ХХІ стагодзьдзі

Аднаўленьню рынку спрыяе паступовае зьняцьце карантынных абмежаваньняў у розных краінах і рост попыту на сыравіну. Акрамя таго, краіны-экспартэры дамовіліся аб зьніжэньні нафтаздабычы амаль на 10 мільёнаў барэляў кожныя суткі.

На фоне росту цаны на нафту ўмацоўваецца расейскі рубель. З улікам таго, што валютны кошык Нацыянальнага банку Беларусі на 50% прывязаны менавіта да яго, беларускі рубель па выніках біржавых таргоў крыху патаньнеў: за 100 расейскіх рублёў у банках даюць 3,3382 беларускага.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародныя экспэрты прагназуюць падзеньне беларускай эканомікі, ураду пастаўленая задача гэтага не дапусьціць

Таксама адразу больш як на 2 капейкі беларускі рубель патаньнеў адносна даляра — да 2,4159.

Курс эўра пры гэтым, наадварот, неістотна ўзмацніўся і складае 2,6418 рубля.