Перабежчыкі з кіроўнай партыі Эманюэля Макрона ў аўторак абвясьцілі пра стварэньне новай групы ў ніжняй палаце парлямэнту Францыі, пазбавіўшы прэзыдэнта безумоўнай большасьці і ўзмацніўшы ціск у бок больш левай палітыкі.
Сем заканадаўцаў выходзяць з партыі Макрона «La Republique en marche!» («Наперад, Рэспубліка!», LREM) і далучаюцца да новай групы «Экалёгія, дэмакратыя, салідарнасьць» (EDS), якая заявіла, што першапачаткова ў яе шэрагах будзе налічвацца 17 парлямэнтароў.
Гэта значыць, у LREM цяпер толькі 288 дэпутатаў, не хапае аднаго да парога 289, неабходнага для абсалютнай большасьці ў парлямэнце, і значна менш, чым 314 — столькі дэпутатаў было выбрана ад партыі Макрона, калі ён зьмяніў палітычны ляндшафт у 2017 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Францыя: прыхільнікі Макрона атрымалі большасьць у парлямэнцеПартыя Макрона, якая ўтварылася пасьля таго, як былы інвэстыцыйны банкір атрымаў прэзыдэнцкую пасаду ў траўні 2017 году, за апошнія месяцы зазнала істотны адток парлямэнтароў, расчараваных яго жорсткім падыходам да прыняцьця рашэньняў і палітыкай у падтрымку вялікага бізнэсу.
Рышар Фэран, блізкі паплечнік Макрона і прэзыдэнт Нацыянальнай асамблеі, прызнаў страту абсалютнай большасьці LREM, але заявіў, што ўрад можа разьлічваць на галасы 342 дэпутатаў пры падтрымцы дэпутатаў ад меншага кааліцыйнага партнэра, цэнтрысцкай партыі MoDem.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макрон прыпыніў усе рэформы ў Францыі праз каранавірусПарлямэнцкая група ня мае фармальных структур партыі. Аднак вельмі магчыма, што любы парлямэнтар, які ўступіў у новую групу, будзе выключаны з партыі Макрона.
Новай групай будуць кіраваць Паўля Фартэза і Мацьё Арфэлен, блізкі саюзьнік былога міністра аховы навакольнага асяродзьдзя Нікаля Юлё, які выйшаў з ураду Макрона, расчараваўшыся ў ягонай палітыцы ў пытаньнях кліматычных зьменаў і зялёнай энэргетыкі.