«Без яго цяжка ўявіць сучасную Беларусь». Калегі пра Юрыя Зісера

Юры Зісер, заснавальнік Tut.by. Фота зроблена 15 верасьня 2019 году.

У выніку працяглай хваробы 17 траўня памёр Юры Зісер — заснавальнік парталу Tut.by і хостынг-правайдэра Hoster.by, грамадзкі дзеяч і мэцэнат. Ён крыху не дажыў да свайго 60-годзьдзя — юбілей меўся адзначыць 28 чэрвеня.

Юлія Чарняўская: «Я ганаруся ім, як ганарылася 34 гады і 15 дзён»

Два апошнія дзесяцігодзьдзі асоба Юрыя Зісера стала добра вядомай беларускай грамадзкасьці ня толькі праз дзейнасьць парталу Tut.by, а і дзякуючы шматлікім дабрачынным праектам.

Юры Зісер нарадзіўся 28 чэрвеня 1960 года ў Львове. Скончыў Санкт-Пецярбурскі Паўночна-Заходні політэхнічны інстытут па спэцыяльнасьці «Электронныя вылічальныя машыны». Прафэсійны праграміст, сыстэмны аналітык. З 1987 году жыве ў Менску.

Ад 1992-га — дырэктар і ўладальнік унітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы», якое займалася распрацоўкай банкаўскага праграмнага забесьпячэньня.

Трэнэр шэрагу бізнэс-школаў, праходзіў стажыроўкі ў ЗША, Нямеччыне, Францыі. Менавіта пад уражаньнем адукацыйнай паездкі ў Штаты загарэўся ідэяй стварыць аналяг Yahoo — мультымэдыйнай пляцоўкі для масавага карыстальніка. Так пад эгідай «Надзейных праграмаў» у 2000 годзе быў створаны беларускі партал Tut.by.

Жонка Юлія Чарняўская — кандыдат культуралёгіі, дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. Дачка Яўгенія пачынала мэнэджэрам па сувязях з грамадзкасьцю УП «Надзейныя праграмы», цяпер разьвівае ўласны стартап у Ізраілі.


«Майго Юры больш няма, — напісала ў Фэйсбуку Юлія Чарняўская. — Гэта немагчыма. Але тое, што зь яго стадыяй і формай хваробы ён пражыў 4 гады, яшчэ больш немагчыма. Гэта быў цуд, які дзівіў лекараў. Так, ён такі — аптыміст, жыцьцялюб і герой. Я ганаруся ім, як ганарылася 34 гады і яшчэ 15 дзён. І буду ганарыцца заўсёды. У сувязі з эпідэміяй мы ня можам зладзіць адкрытае пахаваньне. Хоць Юра памёр ад раку, ён доўга ляжаў у лякарні, а лякарняў бяз вірусу цяпер не бывае. Не хочацца нікога падвяргаць небясьпецы».

Паводле Юліі Чарняўскай, калі эпідэмія схлыне, абавязкова будзе арганізаваная вечарына ў памяць пра мужа, бацьку, сябра, калегу.

Марына Золатава: «Без яго маё жыцьцё склалася б зусім інакш»

Калі 10 гадоў таму Свабода віншавала Юрыя Зісера зь 50-годзьдзем, ён ужо тады прадбачыў, у якім кірунку варта разьвівацца мэдыям. У прыватнасьці, казаў, што неабходна рабіць стаўку на сацыяльныя сеткі, бо менавіта яны стануць найбольш апэратыўнымі і запатрабаванымі крыніцамі перадачы інфармацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер і пісьменьніца Юлія Чарняўская на Радаўніцу ў Курапатах. Фота

Ад першага дня галоўная рэдактарка парталу — Марына Золатава. Разам з босам прайшла шлях ад сьмелай ідэі да ўвасабленьня адной з самых запатрабаваных мэдыйных пляцовак. Сапраўдным выпрабаваньнем стаў пазамінулы год, калі нечакана грымнула «справа БелТА», замаячыла пэрспэктыва рэальных турэмных тэрмінаў.

Дыягназ Юрыя Зісера тады ўжо быў вядомы. Нягледзячы на беспрэцэдэнтны прэсінг, разам здолелі выстаяць.


«Канечне, без яго маё жыцьцё склалася б зусім інакш, таму гэта вельмі асабістая гісторыя, — празь сьлёзы кажа Марына. — Разам з тым, без Юрыя Анатольевіча ўжо цяжка ўявіць сучасную Беларусь, столькі ўсяго добрага ён зрабіў. Заўсёды згадваюць Tut.by, але ў яго было шмат іншых праектаў, у тым ліку культурніцкіх... Добры чалавек, які ўсім дапамагаў. Пры гэтым ніколі сам не прасіў дапамогі. Не акцэнтаваўся на хваробе, хоць ведаў, чым усё скончыцца. Не хацеў „нагружаць“. Некаторыя публічна выказваюцца з разьлікам на шкадаваньне, а ён не такі. Бяда, няма словаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэпартэры бязь межаў» асудзілі пакараньне галоўнай рэдактарцы Tut.by


Яшчэ ў канцы мінулага стагодзьдзя Юры Зісер аб’яднаў вакол сябе вялікую групу здольных, але недасьведчаных маладых людзей, якія зь ягонай дапамогай урэшце вырасьлі ў прафэсіяналаў і лідэраў у розных галінах.

Аляксандар Чэкан: «Ён меў вялікі крэдыт даверу з боку калегаў»

Аляксандар Чэкан — якраз з гэтай кагорты. Прайшоў шлях ад пачаткоўца ў галіне рэклямы да ІТ-прадпрымальніка, інвэстара. На пэўным этапе Юры Зісер перадаў яму кіраўніцтва парталам.

«Цяжка гаварыць пра Юрыя Анатольевіча ў мінулым часе... Канешне, паўплываў на мяне самым непасрэдным чынам. Уявіце сабе: зьяўляецца ў офіс 17-гадовы хлопец, зь ім гавораць на роўных, ставяць задачы. Гэта быў 2000 год. Ад таго часу мінула ўжо два дзесяцігодзьдзі, ягоныя вучні сталі дарослымі і самадастатковымі людзьмі. Наогул падкупляла, што ён гаварыў тое, што думаў, у яго словах не было двухсэнсоўнасьці. Магчыма, не заўсёды меў рацыю, але потым заўсёды стараўся разабрацца. Таму меў вялікі крэдыт даверу з боку калегаў».


Аляксандар азначае важную якасьць Юрыя Зісера: чалавек не зацыкліўся на зарабляньні грошай. Наадварот, укладаўся ў дабрачынную дзейнасьць, фінансава падтрымліваў культурніцкія ініцыятывы — ад помнікаў гістарычным асобам да адзначэньня БНР-100.

Асаблівай увагі заслугоўвае ягонае захапленьне арганнай музыкай — ня толькі вывучыўся граць на складаным інструмэнце, а спрычыніўся да працэсу затратнай рэстаўрацыі ў Менску, Нясьвіжы, Пінску. Прывозіў прафэсіянальных музыкаў, ладзіў выступы.

«Відаць, ня так шмат людзей пра гэта ведае — збольшага спэцыялісты, музыказнаўцы. І фонд „Добра“, які ён заснаваў, — гэта адна з тых гісторый, якія заслугоўваюць ня менш увагі, чым любы зь бізнэсаў. Няшмат у нас інстытуцый, якія займаюцца сыстэмнай дабрачыннасьцю. Ня проста мэцэнацтва, калі далі грошы і купляйце нешта самі. Гэта падтрымка менавіта сацыяльнага прадпрымальніцтва, калі сотні людзей рэальна вучацца зьмяняць сьвет вакол сябе», — падсумоўвае Аляксандар Чэкан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яго цанілі нават ворагі. Памяці шчасьлівага чалавека Юрыя Зісера

Аляксандар Скрабоўскі: «Жадаў, каб зьмены адчуваў кожны чалавек»

Старшыня фонду «Добра» Аляксандар Скрабоўскі кажа, што як пасьпяховы бізнэсовец Юры Зісер мог бесклапотна жыць дзеля свайго задавальненьня, засяродзіцца на сям’і. Але ягоныя ўнутраныя патрэбы патрабавалі дзейнасьці.


«Ён бачыў у гэтым сэнс. У тым ліку і таму, што любіў краіну, у якой жыў, як бы патасна не гучала. Нарадзіўся ва Ўкраіне, але Беларусь стала ягонай другой радзімай. І цалкам натуральна, што ён хацеў зьмяняць яе да лепшага. Уласна кажучы, так мы зь ім і пазнаёміліся, а потым супольна працавалі. Ён жадаў, каб станоўчыя зьмены адчуваў кожны чалавек. Пры гэтым не хацеў публічнасьці, часта нават прасіў не называць яго мэцэнатам, дабрачыньнікам. Галоўнае — вынік, а не самапіяр».

Што цяпер будзе з дабрачыннымі праектамі, ці ўсе яны змогуць рэалізавацца пасьля дачаснага сыходу галоўнага ініцыятара?

«Будзем глядзець, нельга сказаць нічога пэўна, — тлумачыць Аляксандар Скрабоўскі. — Нягледзячы на хваробу, Юры Анатольевіч стараўся клапаціцца, каб дзейнасьць фонду працягвалася. Яна так і была задуманая — ня разавая кампанія, а сыстэмны падыход. Таму людзі, якія займаюцца канкрэтнымі праектамі, я ўпэўнены, ня толькі давядуць усё пачатае да канца, а і працягнуць ягоную справу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юры Зісер расказаў, як улады ціснуць на Tut.by

Кірыл Валошын: «Дзейнічаў эфэктыўней, чым цэлыя структуры»


Кірыл Валошын — сузаснавальнік Tut.by і Hoster.by, намесьнік генэральнага дырэктара ўнітарнага прадпрыемства «Надзейныя праграмы». Калі ўсё пачыналася, усе былі маладыя, спасьцігаць нюансы новай справы даводзілася на хаду, кажа прадпрымальнік і інвэстар. Але мэтанакіраванасьць і ўпэўненасьць Юрыя Зісера не пакідала іншых варыянтаў, як матэрыялізаваць ідэю.

«Які ён быў — на, жаль, такога ўжо няма і наўрад ці будзе, — кажа суразмоўца. — Магу толькі сказаць, што ў многіх выпадках Юры Зісер дзейнічаў куды больш эфэктыўна, чым цэлыя дзяржаўныя структуры. Бо акрамя відавочных рэчаў, якія на паверхні, — Tut.by, Hoster.by, „Надзейныя праграмы“ — гэта яшчэ і пляцоўка для прадпрымальнікаў Probusiness, і інтэрнэт-газэта „Ежедневник“. А колькі адноўлена арганаў, зроблена канцэртаў, прафінансавана акцый. Каб зразумець сапраўдны маштаб, трэба проста сесьці, паглядзець і зразумець, колькі за гэты час усяго зроблена».

Паводле сваякоў Юрыя Зісера, у сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй разьвітаньне пройдзе ў вузкім коле. Ягоную памяць родныя просяць ушанаваць дома, а замест кветак зрабіць ахвяраваньне на барацьбу з каранавірусам. Пазьней адбудзецца памінальная вечарына.